Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
СУСТРЭЧА НА БУДУЧЫНЮ

СУСТРЭЧА НА БУДУЧЫНЮ

4 студзеня 2022, 20:01 Грамадства, Культура 25
СУСТРЭЧА НА БУДУЧЫНЮ

Менавіта так можна вызначыць форму мерапрыемства, праведзенага на мінулым тыдні ў Нясвіжскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прысвячалася яна паэту Івану Гурбану. Краязнавец Наталля Плакса, якая рыхтавала і праводзіла сустрэчу, так тлумачыць абраную тэму і  форму:

– У наступным годзе спаўняецца 100 гадоў ад нараджэння паэта з нясвіжскіх Юшавіч. Ён нарадзіўся ў траўні. У гэтым жа месяцы на 77-м годзе пайшоў з жыцця. 100 гадоў – падзея, дата! І сустрэць яе трэба годна. Лічу, што ў  траўні 2022 позна ўжо будзе вывучаць паэтаву біяграфію,  творчасць, калі паважаем і сябе, і юбіляра. Патрэбна ўсвядомлена,  з веданнем падысці да гэтай падзеі.

Падчас сустрэчы прысутныя пачулі нямала цікавага з жыцця Івана Гурбана:

– Да вайны закончыў 7 класаў польскай школы. Настаўнікам яго пэўны час быў паэт і перакладчык Пятро Бітэль.

– У жніўні 1944 грузіў авіябомбы ў Баранавічах. Пасля накіраваны ў Растоўскую вобласць  на аднаўленне вугальных шахтаў. Перахварэў там на тыф, 21 дзень праляжаўшы ў непрытомнасці, цудам выжыў.

– Быў вельмі набожным.

– Пасля вайны працаваў краўцом, паляводам, загадчыкам магазіна, будаўніком, рабочым-меліяратарам. У 1964-66 гадах узначальваў Юшавіцкі сельсавет. Але загадалі спілаваць крыж на вясковай царкве. Адмовіўся – і са старшынёўствам развітаўся.

– Закончыў Маскоўскія завочныя ўліковыя курсы і ў 50-гадовым узросце завочную школу ў Нясвіжы.

– Першы верш апублікаваў у часопісе “Работніца і сялянка” (1949 г.) Друкаваўся ў раёнцы, газетах “Звязда”, “Мінская праўда”, “Сельская газета”, “Піянер Беларусі”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Вожык”, “Вясёлка”, “Бярозка”. Выдаў зборнікі вершаў для дарослых і дзяцей.

– У 1994 годзе прыняты ў СП. Памёр 1 траўня 1999 г.

Даведаліся ўдзельнікі сустрэчы пра адметнасць і асаблівасці паэзіі Івана Гурбана, паслухалі лепшыя вершы ды атрымалі ў падарунак пад Новы год яго зборнік “Паэт”. Наталля Плакса падаравала яшчэ адну кніжку, якую ўпадабалі наведвальнікі ўстановы. Гэта сказ Станіслава Судніка “Пілігрымка дадому”. Прагучала  прапанова заснаваць ва ўстанове невялікую бібліятэчку-палічку твораў нясвіжскіх літаратараў, раз столькі тут  ахвочых і цікаўных  да  краязнаўства. А ў юбілейны паэтаў дзень правесці конкурс на лепшага чытальніка яго вершаў: раяць жа дактары і ў “залатым” узросце трэніраваць памяць. Вось і будзе два ў адным. Ды ці толькі два!

Ларыса Ратомская,

Нясвіж.

 

Асабліва ўпадабаныя падчас сустрэчы вершы Івана Гурбана  прапануюцца для знаёмства чытачам “Нашага слова”.

 

Гляджу я,

У хаце світае –

Малітваю дзень пачынаю.

На голаў тры пальцы кладу і малюся,

Каб злы чалавек не стаяў над душой,

Каб розум адпрэчваў зямныя спакусы,

І я не зайздросціў удачы чужой.

На сэрца тры пальцы кладу і малюся,

Каб здзейсніць усё, што задумана змог,

Каб дома, на полі жытнёвым і ў лузе

Спрыялі мне добрыя людзі і Бог.

Малітваю дзень пачынаю –

І буду шчаслівы,

Я знаю.

 

МЯНУШКІ

 

Быў час галечы…

Між нас, вясковых,

Сёй-той калечыў

Матчыну мову:

Чужых без густу

Браў слоў патроху,

Нібы з капустай

Зварыў гароху.

Дзяцюк палячыў

Ў гамонцы: “Жэбы” –

Яму ў аддачу

Ўсклікалі: “Жэбік!”

Другі меў звычку

Браць слова “клутнік”,

Такому клічку

Давалі Блуднік.

Дзядок-старэча

“Цурук” нямчурыў –

Яго дарэчы

Празвалі Дурань.

Быў царскі служка,

Русачыў: “Тоже”.

Яго мянушкай

Празвалі Тожык.

Старэлі хаткі

Пад небам сінім,

Мянушку таткі

Давалі сыну.

Мянушку дзеда

Давалі ўнуку,

Каб кожны ведаў

Дакор-навуку:

Хто пустадумна

Скажае мову,

Таго мянушкай

Б’юць, як вымовай!

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4020
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас