Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Да пабачэння, сябры “Нашага слова”

Да пабачэння, сябры “Нашага слова”

4 студзеня 2022, 20:41 Грамадства 34
Да пабачэння, сябры “Нашага слова”

Дарагія сябры “Нашага слова”, дарагія сябры нашай  мовы, дарагія сябры Беларусі і беларускасці. Газета “Наша слова” прыпыняе выхад.  У тым няма нашай віны. Вярхоўны суд ліквідаваў заснавальніка газеты – Таварыства беларускай мовы, і нічога зрабіць нельга, па законе мы мусім спыніць выхад.

Сёння пасля 24 гадоў рэдагавання газеты “Наша слова” я хачу выказаць шчырыю падзяку ўсім, хто быў з газетай усе гэтыя гады, усім, хто чытаў, усім, хто пісаў.

Я дзякую сябрам рэдкалегіі ўсіх складаў, дзякую ўсім карэспандэнтам, наборшчыкам, карэктарам, бухгалтарам, экспедытарам, валанцёрам-распаўсюджва-льнікам.

Дзякую кіраўніцтву ТБМ усіх складаў, сябрам Рады, Сакратарыяту, кіраўнікам і сябрам рэгіянальных структур за арганізацыю падпіскі.

Дзякую беларускім прафсаюзам за шматгадовую падтрымку.

Дзякую ўсім дабрадзеям, якія падтрымлівалі газету фінансава.

Дзякую работнікам Лідскай друкарні, Белпошты і Белсаюздруку, дзе ў нас заўсёды былі сябры і амаль не было праблем.

Дзякую Міністэрству інфармацыі, уладным і грамадскім структурам Лідскага раёна, дзе мы мелі надзейную апору.

Дзякуй усім, жывым і мёртвым, каго не згадаў, пра каго забыўся за даўнасцю часу. Няхай Бог Усемагутны аддзячыць усім у Нябеснай Беларусі, калі для таго наступіць час.

 

У другі раз прыпыняецца выхад папяровай версіі “Нашага слова”. Першы раз гэта адбылося ў 1997 годзе. Тады слаўны горад Ліда ўстаў на падмогу. Спадзяёмся, што і цяпер гэта яшчэ – не канец, што выданне будзе адноўлена, але для гэтага патрэбны і пэўныя рэсурсы, і пэўны час, і падтрымка ў самых розных інстанцыях. А час такі, што спыняцца нельга, гэта нават – не 90-я гады, гэта – 21-е стагоддзе.

Таму адразу, з 5 студзеня 2022 года, пачне выходзіць электронная газета “Наша слова.pdf”. Гэта – не электронная версія “Нашага слова”, гэта – новая газета. Па рэкамендацыі спецыялістаў у электронным друку, газета мяняе фармат і будзе выходзіць у памеры А-4. Аб’ём пастараемся захаваць той жа, таму плануецца 16 старонак. Газета будзе размяшчацца на тых жа сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org, belkiosk.by, асноўныя тэрыялы будуць у фэйсбуку https://www. facebook. com/nslowa.by.

Моцна прашу ўсіх карэспандэнтаў як пісалі, так і пісаць па тых жа адрасах, на тую ж тэматыку. Мы не можам дапусціць, каб пытанні беларускай мовы, беларускай культуры, нацыянальнай свядомасці ўзялі і вось так проста адышлі на задні план ці зусім у небыццё.  Няхай маленькі агменьчык, але павінен цепліцца.

Мы актывізавалі тэлеграм-канал “Наша слова”. Чытайце, падпісвайцеся, дасылайце на адрас “Нашага слова” кароткія, аператыўныя паведамленні для размяшчэння ў тэлеграм-канале.

 

У 2022 годзе беларускую грамадскасць чакае вялікая праца і першая вялікая кампанія – гэта чарговая Агульнанацыянальная дыктоўка.

Не падаем духам, беларусы. Не спыняемся ні на хвіліну. Гэта нашая зямля, гэта нашая краіна, гэта нашая мова. Мы і толькі мы ў адказе за іхнюю будучыню.

Станіслаў Суднік,

г. Ліда.

 

Мы былі за Беларусь

 

З нагоды ліквідацыі ТБМ і

прыпынення выхаду

“Нашага слова”

 

Не раз такое ўжо бывала –

Бяда прыходзіла да нас,

Не раз адзін мы адступалі,

Нас білі, нішчылі не раз.

 

Ды неяк вось перажывалі

Ліхі чарговы землятрус,

З нябыцця зноўку паўставалі,

Бо мы былі за Беларусь.

 

Нам адбіралі веру, мову,

Нам кожны дзень

                              быў злей і злей,

Мы ж па зярнятку нашы словы

Хавалі ў памяці глыбей.

 

Нас білі злева, білі справа,

Сваіх-чужых ліхі хаўрус,

А мы стаялі за дзяржаву,

А мы былі за Беларусь.

 

Ішлі гады, дзесяцігоддзі,

І “Наша слова” ў свет ішло,

І вось нібы канец надходзіць,

І нас, як быццам, не было.

 

Крычаць крукі на нашых гонях,

У кіпці душы нам бяруць,

Нам каяцца няма ў чым сёння,

Бо мы былі за Беларусь.

 

Нас бэсцяць люта, без супыну,

Няма як галавы падняць,

Рыхтуюць дол пад дамавіну,

Каб нас паглыбей закапаць.

 

І ўжо наступным пакаленням

Пра нас зласловіць розны гнюс,

Мы ж маем чыстае сумленне,

Бо мы былі  за Беларусь.

 

Крычаць крукі, а мы жывыя,

І многа юных падрасло,

І мы для іх, хоць не святыя,

Ды “Слова” міма не прайшло.

 

Згадаюць нас і праз стагоддзі

І знак пашаны аддадуць,

Мы будзем памятны ў народзе,

Бо мы былі за Беларусь.

 

Вы ж нас пакуль што не хавайце,

Хай памарнее цяжкі дол,

Вы нас шукайце і чакайце,

Перацярпіце страты боль.

 

Мы расстаёмся не надоўга,

Зярняты праўды прарастуць,

Мы ўстанем велічна і строга

І будзем зноў за Беларусь.

Станіслаў Суднік,

рэдактар “Нашага слова”

з 1997 года.

 

Чытайце “Наша слова.pdf” на сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org, belkiosk.by,

мы ёсць у фэйсбуку https://www.facebook.com/nslowa.by, кароткую аператыўную інфармацыю чытайце ў тэлеграм-канале “Наша слова”, падпісвайцеся

на тэлеграм-канал “Наша слова”.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас