НА ПАРОЗЕ СНЕЖАНЬ
Вітаю снежань на парозе –
Бывай, згалелы лістапад!
І ўжо карціць мне на марозе
Румяных цалаваць дзяўчат.
Крыху вышэйшых на абцасах,
Але – дальбог! – такой бяды,
Што цягнешся да найпрыўкраснай,
Як квет да кропляў дажджавых.
Як звер да згубнае прынады,
Які на волю не ўцячэ,
Бо зорка блісне на Каляды
Іскрынкамі яе вачэй
Над пусткамі пушчанскіх сцежак
І не захочацца назад –
У міжчасоўе, у міжмежжа,
У выпраўляны лістапад.
СНЕГАПАД
Ноч прайшла ў дрымоце мітрэнжнай:
Сны не сны – неўратычны калаж.
А на змену ёй непазбежна
Разліў волава ранак наўсцяж.
Сонца млява зіркала промнем,
Не адолеўшы шэры бязлад,
Толькі раптам неба апоўдні
Снегам выбухнула ў далягляд.
Наваколле страціла голас –
Пляцы й вуліцы ў згодзе маўчаць,
І чуваць здалёк, як на горад
Парушынкі з аблокаў ляцяць.
Засыпаюць скверы паволі –
Белы вальс, белы верш, белы свет, –
Захінаючы ў вэлюм таполі,
Рыхтык перад вянчаннем нявест.
Безнадзейна ўхутаўшы плечы
Мне ў абдымкі залеташніх рук,
Астуджаючы, мякка шэпчуць
І плывуць безыменныя ўкруг.
Незлічоныя нетаропка
Ткуць хрысцільны ўбор для зімы
Дый у памяці ставяць кропкі,
Шлях свой сканчваючы на зямлі.
ПРАЎДА СУЛАДДЗЯ
Кнот грамнічнага сонца
зацепліўся на даляглядзе,
Позні золак зімовы
за стрэхамі ледзьве відаць,
Але снежнае цноты
і першага промня суладдзе
Ёсць той праўдай жыцця,
на якую адвыклі зважаць.
Восень лісцем шпурлялася,
румзала неба над садам,
Разрасталася цемра,
гару над святлом беручы,
Покуль зоркі агеньчык
не замігацеў на Каляды,
Адрадзіўшы надзею
сярод непрагляднай начы.
Скрозь стаяць халады.
Спруцянела на хвоях ігліца.
Няхай бог сцеражэ
волю плачу і роспачы даць,
Бо на ўзлеску сівым
не замерзла дарэшты крыніца
І струменіць з яе
да збалелых жывая вада.
Хіба можна не верыць
стагоддзямі вызнанай праўдзе? –
Смеху вартыя казанні
псеўдамесіяў штораз,
Але снежнае цноты
і першага промня суладдзе,
Новы дзень абвясціўшы,
вясну набліжаюць да нас.
СТУДЗЕНЬСКІМ ВЕЧАРАМ
Вечар ва ўспаміны па-над стрэхамі
Аплывае ў цішыні, як воск, густой,
Месяц завітаў у сад заснежаны –
Ці не ты паклікала яго?
Ён з-за хмар спусціўся непрыкмечаным,
Ад чужых вачэй хаваецца ў галлі,
Каб з сяброўкай даўняй пасакрэтнічаць, –
Канфідэнт сноў зорыстых тваіх.
Пойдзеш на спатканне з ім, свавольніца,
Не сказаўшы, калі вернешся дамоў,
Пахнучы панадна срэбрам поўначы
З заінелай пасмай валасоў.
Рэўнасць – глупства. Думаю пра лепшае,
Бо няма прычын табе не давяраць,
Ды самотны прагну да шаленства я
Месца месяца хоць раз заняць.
WINTER LOVE
А ты, ўсміхнуўшыся нязмушана
З напрасаванай прасціны,
Трымціш неадляцелай птушкаю
На белай далані зімы.
Свавольна звабіўшы прынадамі,
Сама ты ведаеш працяг,
Дзе смочкі – дзве рудыя ягады
Рабіны на тваіх грудзях.
І кветкі слодычы распусцяцца
На кожным з існых палюсоў,
Калі апоўначы згублюся я
У сцюжы русых валасоў.
ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ
За вакном пагода і сняжок.
Чэзнуць дома годзе!
Апранай, сяброўка, кажушок –
Забаўляцца пойдзем.
Паглядзі, я маю, як Сатыр,
Бараду і вусы –
За табою ўслед, нібыта ў вір,
У сумёт звалюся.
Будзем бабу снежную рабіць
На сваім падворку:
Вочы – пара зыркіх арабін,
Нос – рудая морква.
Як фарсусе модны капялюх,
Чыгунок на голаў,
Дзве галінкі ўставім замест рук
І – краса гатова!
Хоць вадзі з вясёлай грамадой
Карагоды звонка
Вакол пані нашае альбо
Забірай у жонкі.
Будзем доўга коўзацца з гары
І гуляць у снежкі
Покуль захад барвай не ўзгарыць
Ад тваёй усмешкі.
Гэта значыць – досыць чырванець
На марозе шчочкам,
Бо ідзе да нас начы цямрэч
Хочам ці не хочам.
Каб, крый Бог, на што не захварэць,
Час вяртацца ў хату,
Дзе заўжды гатовыя сусгрэць
Грубка і гарбата.
Заўтра зранку малады сняжок,
Ляжа зноў на пляцык…
Апранеш, сяброўка, кажушок –
Пойдзем забаўляцца!
ЗІМОВА-ЛІРЫЧНАЯ…
(…амаль казка)
Ясназорным, марозным вечарам
Палім вогнішча, п’ём каньяк
І ў сумёце, збоку падпечаным,
Пацалункамі дзелімся ўсмак.
Далібог, пад купалам снежаньскім
Мы з табою – з Гердаю Кай –
З рэчаіснасці бляклай бежанцы
Нелегальныя ў хвойны рай.
Межы часу злосна парушылі,
І, нібыта ў казачным сне,
Мне на твар сядаюць мятлушкамі
Апантана вусны твае.
І ў вачох цяпельца люструецца,
І кіпіць гарачая кроў,
І на вежах соснаў вартуюць нас
Цені драбаў з лепшых часоў.
А калі чараўніцтва скончыцца,
Як належыць кожнаму шоў,
Не сумуй дарэмна, харошая, –
Я напэўна ведаю, што,
Як хмяльныя, дымам прапахлыя
Поруч вернемся з лесу ў дом,
Рыхтык зоры, позіркі шчасныя
Доўга будуць гарэць агнём.
СНЕГ І ЦВЕТ
І думкі дробныя, як снег
Даўно чаканы,
Што ў вочы крупкаю мяце
Беспакарана,
І дзёрзкі надпіс на сцяне
Зафарбаваны,
А сэрца між рабрын цвіце
Адкрытай ранай.
І часу не спатоліць боль –
Дарма літанні
Ці ты жабрак, ці ты кароль,
Бо чарапамі
Гуляе лёс у карамболь
Без шкадавання,
І саванам засланы стол,
Кіі крыжамі.
Халодны, вастраскулы твар,
І не здрыгнецца
Рука гульца. Напэўна ўдар –
Не размінецца
З магілай прагнай лузы шар.
І пасміхнецца
У вус більярднай гаспадар,
Ды застанецца
Пунсовы на тканіне след
Неспадзявана,
А нехта за спачын глыне
Усхваляваны,
За адбуялы агняцвет
Адкрытай раны,
І вочы замяце снег мне
Беспакарана.
КАЛЯДНЫ СНЕГ
Калядны снег… І ён растане,
Паўдзень за небасхіл сплыве,
Як першае маё каханне,
Што ўжо на свеце не жыве.
Зіхцела батліемскай зоркай
Грамніца ў тонкай далані,
А доля ад дымка прагоркла
І дагарала на агні.
Пад шэпт размераных малітваў
Кадзіў рэдкабароды дзяк,
І не “Чаму?..”, а “Менавіта
Ты адышла…” гняло ў грудзях.
Тады – па-свежаму балела,
Глядзела роспач з-пад павек,
Як саванам бяскроўна-белым
Наўсцяж ляжаў калядны снег.
ВАЛАДАРСТВА БЕЛІ
Неўтаймаваныя радкі
Народзіць валадарства белі,
Сталеюць хутка праз завеі
Неўтаймаваныя радкі.
Самотнасць полюса адкінь –
Няхай, калі душу сум цвеліць,
Неўтаймаваныя радкі
Народзіць валадарства белі.
ДАЙСЦІ Ў СНЯГІ
Патоне ў бездані смугі
Усё, што праспяваць наўмею,
З суладдзем джалячых струн-змеяў
Патоне ў бездані смугі,
Як скрозь яе дайсці ў снягі
І ў дзень палярны не пасмею,
Патоне ў бездані смугі
Усё, што праспяваць наўмею.
ПЕРАДКАЛЯДНЫ
Ужо прыбралі павуцінне рыштаванняў
Будаўнікі з чала касцёльнага фасада,
І крыж на вільчыку, вітаючы світанні,
Рахуе дні, што засталіся да Калядаў.
Напяўся храм, як малады, у хваляванні,
Барочны строй, бадай, даведзены да ладу,
На сонцы шкельцы вітражоў
гараць пытаннем –
Ці асвяціць яго паспеюць да Калядаў?
Аднак не раптам тое спраўдзіцца жаданне –
Нячысцік сёння ў балаклаве замест “Prado”,
Чуваць з капліцы аб зняволеных літанні,
Каб Бог памог сустрэць у сем’ях ім Каляды.
Па сілах кожнаму сваё выпрабаванне –
Свабоды нашай Храм
за смужным даляглядам,
Няхай з надзеі вера зоркаю паўстане
І шлях асвеціць да Святыні на Каляды
ШАЛІК
Мінулага стаптаны снег
І прышласці цалік цнатлівы
Расцялі ценем сіратлівым
Мінулага стаптаны снег.
Цябе ж змушаюць да павек
Хавацца ў шалік пахапліва
Мінулага стаптаны снег
І прышласці цалік цнатлівы.
У МЕСЦЕ БАТЛІЕМ
(адвольны пераказ біблейскае легенды)
Таямнічыя знакі ў нябёсах сівых
Набывалі ўрачыстасць і сэнс,
Як Калядная Зорка ўзышла для дваіх,
Загаіўшы заходу парэз.
Там, дзе сцюжы суздром краявід замялі
Пад вятругаў ліхіх галашэнне,
Смугу хмараў працялі наскрозь прамяні,
Асвяціўшы абрад нараджэння.
У слаўным месце Батліем.
У месце Батліем!
Каб убачылі першымі яны Яго,
У даліны заснежанай золь
Прыляцеў на нішчымны агонь пастухоў
Запрасіць лёгкакрылы анёл.
Пакідаючы сховы пячораў валшцы,
Прыхавалі ў плашчы падарункі,
А знясіленых векам, няздольных дайсці
Маладзейшыя бралі пад рукі.
І ў слаўнае места Батліем.
І ў места Батліем!
Заквітнелі на рэчках азызлых сады,
Распусціліся краскі ўначы
І сяляне ярданскія неслі плады
І ад сэрцаў вялікіх ключы.
А калі па зычэннях здаровым расці
Натамлёна заснула дзіцятка,
Побач з ім на нявіннай белі прасцін
Усміхнулася шчасная матка.
У слаўным месце Батліем.
У месце Батліем!
У ПАРКУ
Я пэўны – хараство не згіне,
І сэрца болей не шчыміць,
Што, як спавіты павуціннем,
За ноч ссівелы парк стаіць.
А ў ім блукаюць слепа здані
Маіх няспраўджаных надзей:
Ад першай горычы кахання
Да марных спробаў быць прасцей.
Галлё сплятаецца ў імёны
Тых, што заўчасна адышлі.
Ледзь бачныя ў святле прымглёным
На сцежках іхныя сляды.
Не ўзрушаць сон пустых арэляў
Ні цень бязважкі, ні ўспамін…
Калі лісцё зляцела з дрэваў,
Навошта шкадаваць аб ім?
Бо гэтаксама неадменна,
Наконадні сваёй зімы
Памкнуўшыся ў прадонне неба,
На дол аднойчы ляжам мы,
Каб месца вольнае пакінуць
Вяснянай квецені жывой…
Я пэўны – хараству не згінуць,
Яно ж – суладдзе і спакой.