Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Уладзімір Барысенка. НЯЗГАСНАЯ ЗОРКА

Уладзімір Барысенка. НЯЗГАСНАЯ ЗОРКА

15 снежня 2021, 20:42 Культура 29
Уладзімір Барысенка.  НЯЗГАСНАЯ  ЗОРКА

Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Імя класіка беларускай літаратуры Максіма Адамавіча Багдановіча, які нарадзіўся 9 снежня 1981 года ў Менску, стаіць побач з імёнамі волатаў айчыннага слова Янкі Купалы і Якуба Коласа. За сваё кароткае (памёр у Ялце 25 траўня 1917 года) жыццё ён дасягнуў вялікага, шырокага, безагаворачнага прызнання як сучаснікаў, так і нашчадкаў.  Паэзія,  крытыка і публіцыстыка творцы, мысліцеля і гісторыка сталі фенаменальнай з’явай, якая не ўкладваецца ні ў рамкі свайго часу, ні ў рамкі цэлых літаратурных эпох.  Усім сваім жыццялюбным пафасам, усёй глыбінёй даследавання нашай сувязі з  прыродай і грамадствам  гарыць сёння ў нашых удзячных сэрцах нязгасная зорка Максіма. Яна асвятляе нам шляхі да ўзвелічэння, за што ён усё жыццё змагаўся, роднай краіны, мовы і літаратуры, а значыць, да  духоўнага ўзвышэння саміх сябе.

 Слуцкія ткачыхі

 

СЛЫННАЕ імя паэта, ягоныя незабыўныя да канца жыцця радкі мы ведаем са школы. Памятаеце :

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны.

Свае шырокія тканіны

 На лад персідскі ткуць яны.

——————————————–

Цямнее край зубчаты бора…

І тчэ, забыўшыся, рука,

Замест персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

 

Так, гэта слаўныя “Слуцкія ткачыхі”, напісаныя ў 1911 годзе ў фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечна (цяпер тут філіял музея, пра галоўны – гаворка наперадзе). Тады ён належаў Вацлаву Лычкоўскаму, дзядзьку  нашых вядомых палітычных і грамадскіх дзеячаў братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Пасля таго, як хворы на сухоты Багдановіч  скончыў Яраслаўскую гімназію, яны суст-рэлі яго ў Вільні і прапанавалі адпачыць на хутары. Прапанова была дарэчы не толькі з-за дрэннага стану здароўя ( Максіму было 20 гадоў, а захварэў ён у 18 ). Дагэтуль будучы класік меў аб сваёй Бацькаўшчыне толькі кніжнае ўяўленне. Калі яму было пяць гадоў, ад сухотаў памерла маці Марыя Апанасаўна, і, пакінуўшы Гародню, сям’я на радзіму больш не вярталася, пачаўшы новае жыццё ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе (да працягу ў яраслаўскай) Максім шэсць гадоў правучыўся ў мясцовай губернскай мужчынскай гімназіі. У Ракуцёўшчыне да кніжнага дадалося такое неабходнае і чаканае, рэальнае знаёмства з роднай прыродай, з жыццём і побытам мясцовых жыхароў. А ў Вільні Луцэвічы запрасілі госця ў свой прыватны музей, дзе ён убачыў калекцыі старажытных рарытэтаў. Пад іх уражаннем ён і паэтызаваў сумную гісторыю прыгонных ткачых,  творчае ўмельства майстрых, якія дадаюць у залатыя паясы “цвяток радзімы васілька”. Не бяруся сказаць, раней ці пазней, ці адначасова (!) замест прапанаванага адпачынку паэт працаваў і над  іншымі творамі, якія ўвайшлі ў раздзел “Старая Беларусь” першага і адзінага прыжыццёвага зборніка “Вянок”. У 1913 годзе ён выйшаў у Вільні ў друкарні ўраджэнца Ковенскай губерніі (Коўня – цяпер Каўнас) Марціна Кухты накладам у 2000 асобнікаў. Цікава, што даволі хутка пасля заснавання друкарні, 10 лістапада 1906 года, у ёй нарадзіўся першы нумар “Нашай нівы”, нашай слаўнай газеты, з якой Багдановіч падтрымліваў самыя цесныя стасункі. Акрамя “Слуцкіх ткачых”, у згаданы вышэй ( трэці па ліку) раздзел кніжкі, якую складаў сам, аўтар уключыў такія вершы, як “Летапісец” і “Безнадзейнасць”. Разам з творамі  “Ян і маці” і “Не кувай ты, шэрая зя-зюля”, надрукаванымі ў папярэднім раздзеле “Згукі бацькаўшчыны”, гэтаксама “ракуцёўшчынскім”, Багдановіч паказвае сябе ў сувязі з людзьмі свайго краю, з іх лёсам, гісторыяй і пес-нямі. Падкрэсліваю гэта не выпадкова, бо ў першым раздзеле “У зачараваным царстве”, дзе ўвесь свет, усё жыццё ўспрымаецца і трактуецца як незвычайнае чароўнае царства, мы бачым творцу ў сувязі з прыродай увогуле, са знешнім светам. І таму поруч з вершамі пра лесуна і вадзяніка – “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”, “Зімой”, усім вядомы, урэшце, “Раманс” :

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі

                           з сабой прывяла…

Помніш,

            калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем

                        к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

 

Лічыцца, што гэты верш, які стаў потым песняй, Максім прысвяціў свайму  першаму каханню – роднай сястры сябра  па гімназіі Ганне Какуевай. Але на ягоныя пачуцці тая не адказала і выйшла замуж за  сябра-гімназіста Івана Лілеева. Іх сын доўгі час сябраваў з музеем Багдановіча,  падараваў яму нямала рэчаў маці.   Ранілі трывожнае сэрца захапленні стрыечнай сястрой  Ганнай Гапановіч, “містычнай крымчанкай”  Марыяй Кіціцынай, асабліва, армянкай Клавай Салтыковай і замужняй дачкой  пісьменніка Ядвігіна Ш. Вандай Лявіцкай…Любоўныя  расчараванні і непаразуменні, немагчымасць стварыць сваю сям’ю, у дадатак да невылечнай хваробы,  яшчэ больш прыгняталі ранімую, рамантычную душу.

У Ракуцёўшчыне рыхтаваўся і цыкл, з якога атрымаўся наступны пасля “Старай Беларусі” раздзел – “Места”, а таксама сёмы (усіх восем) – “Старая спадчына”. З непералічаных засталіся “Думы” і  “Вольныя думы”, у якіх  роздум, клопат, турбота, хваляванне за лёс кожнага чалавека на зямлі, за лёс роднага краю, прагрэсу і мастацтва, і “Мадонны”,  з вершаванымі апавяданнямі “У вёсцы” і “Вераніка”. Яны, зноў-такі, з’явіліся на хутары…

 ПЯЦЬ асобнікаў “Вянка”, прысвечанага маладому таленавітаму публіцысту і крытыку Сяргею Палуяну (трагічна пайшоў з жыцця ў няпоўных 20 гадоў), які, як супрацоўнік, адшукаў у архіве “Нашай нівы” сшытак з “дэкадэнцкімі” вершамі і настаяў на іх публікацыі, захоўваюцца цяпер у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У адным з самых прыго-жых месцаў Менску, Траецкім прадмесці, ён быў адкрыты для наведвання да 100-годдзя з дня нараджэння самага маладога класіка нашай літаратуры, код якога і па сёння да канца не расшыфраваны. Маю на ўвазе сакрэт незвычайнай творчай энергіі смяротна хворага і адарванага ад родных каранёў генія.

Пачынаць тут трэба, як трапна заўважыў некалі вядомы паэт Васіль Зуёнак, ад бабкі Рузалі з Халопеніч, яе казак, ад якіх яе ўнук, бацька Максіма Адам Ягоравіч, вынес “мову зямлі”. Мову, якая перадалася далёка ад родных аселіц уражлівай натуры юнака-патрыёта. Сярод амаль 11 тысяч адзінак захоўвання ёсць у музеі і ўспаміны Адама Ягоравіча (пражыў 78 гадоў), напісаныя пра сына ў 1923 годзе. Ён скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Самастойна вывучыў некалькі замежных моў. Добра ведаў беларускі фальклор. Апублікаваў навуковыя этнаграфічныя і гістарычныя працы. Пісаў пра жыццё сялян да і пасля адмены прыгоннага права. Пакінуў успаміны пра рэвалюцыйны рух канца 19 стагоддзя і Максіма Горкага, якога, як і Антона Чэхава, добра ведаў, бо расійскі ідэолаг сацрэалізму і беларускі настаўнік былі жанатыя з сёстрамі. Дарэчы, цяперашняя вуліца Максіма Багдановіча, якая літаральна з кожным днём становіцца ўсё больш і больш прыгажэйшай і з’яўляецца адной з самых вялікіх у сталіцы,  насіла раней імя “вялікага пралетарскага пісьменніка”. Вось такая незвычайная эстафета. Недалёка ад вуліцы, у скверы каля опернага тэатра, стаіць амаль пяцімятровы бронзавы помнік Максіму. Пасля рэстаўрацыі ў 2008 годзе яго перанеслі сюды, на 150 метраў бліжэй да былога дома 25 па тадышняй Александрыйскай, дзе арфей з народа з’явіўся на свет. Тут, на другім паверсе, і жыла сям’я дырэктара пер-шай пачатковай гарадской школы Багдановіча-старэйшага. Са скрыжаванымі на грудзях рукамі, з букетам васількоў у правай, з сыноўняй любоўю да роднай зямлі глядзіць паэт-наватар і на свой музей, і на прадмесце ўвогуле, і на Свіслач, і на новыя шыкоўныя хмарачосы, і далей, далей, далей…  Пры гэтым, здаецца, чытае з лірычнага, філасофскага верша “Я ха-цеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”, напісанага за два гады да сыходу з цяжкага, напружанага жыцця:

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, –

                  папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім да зор?

 

Гісторыя пакут

 

ДА ЗОР Багдановіч ляцеў з самага пачатку сваёй унікальнай шматграннай творчасці. Яна бярэ адлік ад апавядання “Музыка”, якое  было надрукавана ў “Нашай ніве” 6 чэрвеня 1907 года, і якое можна лічыць творчым крэда. Жыў на свеце музыка, граў на скрыпцы, якая плакала ў яго руках. Бывала, ён “быццам вырастаў у вачах людзей, і тады граў моцна, гучна… і людзі падымалі апушчаныя галовы”.  Праз час музыкі не стала, скрыпка разбілася, але памяць не згінула ў народзе. З яго “выйдуць дзясяткі новых музыкаў і граннем сваім будуць будзіць людзей к свету, праўдзе, брацтву і свабодзе”. Так мог сказаць толькі сапраўдны літаратар-прарок, з першымі вершамі якога “Прыйдзе вясна” і “Над магілай” чытачоў пазнаёмілі гэтаксама  нашаніўцы. Увогуле ж пісаць вершы па-беларуску Максім пачаў у…10-11 гадоў. Па словах паэта, выкладчыка і даследчыка творчасці вядомых рупліўцаў на ніве літаратуры Алега Лойкі (пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму) , сваімі вершамі малады творца адразу ж “пачаў прывіваць беларускай паэзіі  паэтычную культуру і класічныя традыцыі, якія ўжо былі ў іншых літаратурах свету”. Адначасова заняўся пошукам свайго, беларускага складу. Абапіраўся пры гэтым, дзякуючы акрамя ўсяго, і перададзеным генам, на матывы, сюжэты, вобразы, інтанацыю і рытміку народнай песні. Уся яго лірыка – гэта “сілавое поле вялікага напружання”. З ім ён “парываўся і прарываўся ў будучае чалавека і свайго народа”. Насуперак народнаму гору, вайне, асабістым пакутам, ён услаўляў само жыццё, росквіт, маладосць і красу. Ягоны незвычайны талент праявіўся не толькі ў паэзіі. Можаце сабе ўявіць, што ў свае 20 гадоў Максім рабіў агляд усёй беларускай літаратуры за 1910 год?! Артыкул “Глыбы і слаі” быў адным з першых, у якім, крамя іншага, шырока разглядалася, са слабымі і моцнымі бакамі, паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа. А ў артыкуле “За тры гады” аўтар высока ацаніў зборнік Купалы “Шляхам жыцця”, яго камедыю “Паўлінка”, першыя раздзелы будучай паэмы Коласа “Новая зямля”… Лічы, адначасова з крытыкай, Багдановіч паспяхова займаўся і гісторыяй роднай літаратуры.  У адрозненне ад іншых, ён, зноў-такі, адным з першых, зірнуў на яе не як на абласную рускую ці польскую, а як на асобную беларускую нацыянальную. Нямала зрабіў і ў публіцыстыцы. Пісаў нарысы і казкі. Пераклаў на беларукую мову Гейне і Шылера, Гарацыя і Авідыя, Верлена, якім вельмі захапляўся… Ды, ўсё ж, найперш, ён быў паэтам. Адным з першых заснавальнікаў філасофскай лірыкі. Стварыў сваімі пранікнёнымі радкамі свет, поўны дабра і прыгажосці, рамантычнай узнёсласці і зачараванасці паданнямі і легендамі Бацькаўшчыны.  На думку Адама Ягоравіча, у творчасці сына адлюстраваліся лепшыя праявы яго душы, “а, можа быць, і ўся яна цалкам. Яго лірыка ёсць гісторыя яго душэўных пакут, жывапісна расказаная ім самім, а яго іншыя пісанні сведчаць аб яго поглядах і перакананнях, аб яго грамадскіх інтарэсах”.

НЕ СТАЛА нашага  паэтычнага музыкі, заціхла ягоная душэўная скрыпка 25 траўня 1917 года. Здарылася гэта ў Ялце, далёка ад радзімы, якую ён усім сваім чулым сэрцам любіў, і куды марыў вярнуцца ўсё сваё няпростае жыццё. Усяго дзесяць год гучала шчымлівая песня Арфея з народа. Лёс жа яе аказаўся зайздросным. Яна стала адной з самых дарагіх і зразумелых для ўдзячных нашчадкаў.

 

Пераплецены «Вянок»

З ВЯЛКІМ душэўным хваляваннем аднаўляю сёння  ў сваёй памяці мерапрыемствы ў гонар 125-годдзя з дня з’яўлення на свет Максіма. Найперш, вельмі прыемнай і незабыўнай стала падзея, звязаная з прывозам у Менск зямлі з магілы паэта ў Ялце. Там, на гарадскіх могілках, стаяў спачатку звычайны абеліск, а ўлетку 2003 – га на яго месцы ўсталявалі дабротны гранітны помнік, створаны скульптарамі Сяргеем і Львом Гумілеўскімі. Над шырокай плітой узвышаецца бюст задуменнага, з кніжкай, Максіма. А побач, на падпёртай сценцы, шчымлівыя радкі з верша “Зорка Венера” : “Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю”.

Ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсулы з ялцінскай зямлёй у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, навукоўцы, культурныя дзеячы краіны. Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава зачытала прывітанне Прэ-зідэнта Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што “яго вытанчаныя, дасканалыя вершы, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай слова, па праве прызнаны адной з вяршынь еўрапейскай паэзіі 20 стагоддзя. Сваёй дзейнасцю пясняр заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, унёс вялікі ўклад у фарміраванне лі-таратурнай мовы і станаўленне патрыятычнай свядомасці народа”. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў назваў жыццё Багдановіча  прыкладам стаўлення да Айчыны і роднай мовы, а цырымонію “Вяртанне” – сімвалічным дзействам, бо паэт запавядаў быць пахаваным на роднай зямлі. Гэта ж адзначыў пяць гадоў таму ў сваім звароце да ўдзельнікаў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Менска протаіерэй Фёдар Поўны.

Пасля цырымоніі мы  слухалі цудоўныя вершы і песні, напісаныя на словы класіка. Праз пэўны час, выконваючы ягоную ролю, акцёр Купалаўскага тэатра Андрэй Дробыш прыйшоў у легендарную некалі букіністычную краму “Вянок”, каб  прачытаць яе гаспадыні Ганне Кукуевай (актрысе таго ж тэатра Хрысціне Дробыш) сваю “Зорку Венеру”, ды пабачыць разам з намі, што і як тут змянілася.  Змянілася ж шмат што! Улюбёная многімі крама, якая пачала працаваць на Траецкай набярэжнай яшчэ ў 80-я, у 2015-м  пачала сур’ёзна хварэць, а ў  ліпені 2016-га ўвогуле злегла ў знямозе. На шчасце, “Мінская спадчына” і “Белкніга” памерці ёй не далі. Яны падлячылі кнігарню, што непадалёк ад Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, якая зноў запрацавала ў дзень яго нараджэння! “Вянок”, дзе сустракаюцца сёння чытачы і праходзяць прэзентацыі кніг, рады бачыць у сябе і мінчукоў, і гасцей сталіцы. Падчас адкрыцця крамы ўдзельнікі імпрэзы не маглі не звярнуць увагу на рарытэтныя выданні твораў Максіма-кніжніка. Падчас нашай размовы з  намеснікам дырэктара кніжнай палаты краіны Аленай Ярмоліч, яна адзначыла, што пабачылі свет больш за паўсотні выданняў агульным тыражом болей, чым 641 тысяча асобнікаў. У іх ліку і акадэмічныя зборы, і маленькія кніжачкі. Дарэчы, у вайну архіў амаль страцілі, і давялося, наколькі мелі магчымасць, яго ўзнаўляць. Напрыклад, першы акадэмічны Збор твораў 1927 – 1928 гадоў прыехаў з Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. А дзіцячае даваеннае выданне “Мушка-зелянушка і Камарык – насаты тварык” атрымалі ў год палёту Юрыя Гагарына з дзяржбібліятэкі Туркменіі.

РАЗАМ  З “ВЯНКОМ”  была абноўлена і экспазіцыя Літаратурнага музея паэта. Раней ён меў два свае філіялы – “Фальварак “Ракуцёўшчына” пад Маладзечна і “Беларуская хатка” ў Менску. Пасля рэарганізацыі, у  красавіку 2015-га , усе тры ўстановы набылі статус паўнацэнных і раўнапраў-ных філіяў адзінага ў нас Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Яго ўзначальваў гісторык Зміцер Яцкевіч, які адным з першых пачаў вывучаць карані айчынных літаратараў. Ён – аўтар кнігі “Радавод Максіма Багдановіча”, якая выйшла  ў “Беларускім кнігазборы”. Адно з прыведзеных у ёй адкрыццяў – тое, што класік мог мець прозвішча… Коклеч! Багдановіч, якое ён атрымаў -прозвішча прадзеда айчыма яго бацькі Адама Ягоравіча. Зміцер Лявонцьевіч цікава распавядаў мне  не толькі пра радавод паэта, але і пра рэчы, што трапілі ў музей у 2016-м  перад самым днём народзінаў  Максіма.

Сярод новых экспанатаў музея, з яго непаўторнымі вітражамі, захаванай пры новым мастацкім рашэнні экспазіцыі лепкай і стылістыкай эпохі мадэрн, з яго славутымі люстрамі, – невядомыя аўтографы паэта, дароўны надпіс на адбітку артыкула “Белорусское возрождение” ды іншыя. Працягваюць прыемна здзіўляць і новыя дакументы ў “Беларускай хатцы”, што на Рабкораўскай…

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3117
Далучайцеся да нас