Менавіта такую назву насіла мерапрыемства, якое адбылося 24 кастрычніка 2021 года ў Менску, у бібліятэцы нумар адзін імя Талстога. У гэты сонечны, прыгожы восеньскі дзень там сабраліся сталічныя творцы, каб пачытаць вершы, паспяваць песні і ўславіць пакутную прыгажуню восень, якая адвечна дорыць людзям самыя розныя пачуцці. Гэта і захапленне дзіўнай прыгажосцю рознакаляровай лістоты, і магчымасць пагуляць пад яркім, але ўжо зусім не цёплым сонцам, і непрыемнасці ад халодных вятроў і дажджоў, і шчымлівае адчуванне блізкасці смерці зусім ужо позняй восенню…
Праходзіла імпрэза пад эгідай Менскага літаратурнага клуба “Экватар”. Дарэчы, практычна ўсе выступоўцы якраз і з’яўляліся сябрамі суполкі. Вядоўцам “Восеньскага кошыка” стаў кіраўнік літклуба “Экватар”, паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён шчыра прывітаў сяброў суполкі, прыйшоўшых на імпрэзу, а таксама гасцей мерапрыемства. Потым Вячаслаў усталяваў на бачным месцы сапраўдны кошык, упрыгожаны рознакаляровай во-сеньскай лістотай і зазначыў, што кошык гэты не пусты, але пра падрабязнасці прысутныя даведаюцца крыху пазней.
Асобна вядовец зазначыў, што яму вельмі прыемна, што на мерапрыемстве будуць выступаць ажно дзве кастрычніцкія імянінніцы, чароўныя пані, паэткі і пісьменніцы, якія, дарэчы, нарадзіліся ў адзін і той жа год, – Таццяна Барысюк і Інга Вінарская.
Далей Вячаслаў Корбут распачаў канцэртную праграму “Восеньскага кошыка” і прачытаў сабраўшымся ў бібліятэцы прафесіяналам і аматарам літаратуры нізку сваіх вершаў, а таксама ўрывак з новай паэмы. І канешне, прысутныя пачулі ў выкананні Вячаслава некалькі восеньскіх паэтычных твораў, сярод якіх быў і гэты верш:
***
Ты не шкадуй, што восень надышла, –
Яна, бы пані, мільгане спадніцай…
У прыцемках садоў касцёр палаў
Лістоты дзён былых – праз звон крыніцы.
Мае раптоўна думкі абудзіў:
Ці жыў я чалавекам, ці звяругай,
Гадзіны лёсу з праўдаю спасціг?
Ці груганом кружыў сабе паўкругам?
Астатні той паўкруг спасціг пасля,
Лістота дрогкая лягла на дахі…
І мы пайшлі матляцца, быццам сцяг,
А потым кожны ўжо – да ўласнай плахі.
Ах, восень! Ты – свавольная мадам,
І недаступнай мроішся паэту.
Не трэба слёз, не плач дажджом, бо нам,
Не адчапіцца ад тваіх сакрэтаў.
Вязі нас час, задай кудлаты гром
Нябёсных пырскаў восеньскаму ранку.
Я стаў не там, дзе нечакана гром
Ноч разбурыў праз познюю маланку.
Ты не шкадуй… Пакорлівым дасць лёс
Магутны дух да часавага руху.
У новы дзень той восені, бы ў крос,
Бяжы, жыццё! Ляці і нас не слухай!..
Выйшаўшая да прысутных следам за Вячаславам Корбутам шэф-рэдактар “Літа-ратурнага экватара”, паэтка, пісьменніца і журналістка Інга Вінарская адразу наблізілася да ўпрыгожанага лісцем кошыка, дастала адтуль яблык і працягнула яго Вячаславу Корбуту са словамі: “Дык спакусіла ж Ева Адама яблыкам! Вось табе яблык – трымай!..” У аўдыторыі пачуўся смех і воплескі. Жарт удаўся. Хаця, насамрэч, у кожным жарце ёсць доля ісціны… Потым, гледзячы на кошык, Інга зазначыла, што купіла яго вельмі даўно і, дарэчы, у дзень, які быў вельмі звязаны з паэзіяй, – тады адзначалася ва ўсім свеце 200-годдзе Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Вось такая гістарычная рэч атрымалася.
Інга Вінарская распавяла прысутным, што нядаўна здала ў друк кнігу перакладаў сваіх вершаў на беларускую мову пад назвай “Гучы, маё сэрца, гучы!..” У выданні змешчаны сто пяцьдзесят пяць вершаў, большасць з якіх спадарыня Вінарская пераклала асабіста. Менавіта з гэтай новай кнігі Інга і чытала паэтычныя творы прысутным, у якіх асноўных тэм былі дзве: восень і любоў.
***
Патанаюць у восеньскім змроку гардзіны,
І, нажаль, не хапае агню ў каміне…
Вось падкаласці б паленцаў,
траскучых і дзіўных!..
Ведаць толькі хачу, што ты любіш мяне…
Дастаткова мне верыць
гульні рыжых высяў,
Што прыйшоўшая восень
падорыць, бы ў сне.
Нат і голасу ты на мяне не павысіў,
Дык і мне не сказаў, што ты любіш мяне.
Лістапады мінуць, хутка будуць завеі,
Лютаваць будзе холад, нібы на вайне.
Саграваючы сэрца мне новай надзеяй,
Раскажы, насамрэч, як ты любіш мяне.
Зноўку лямпачкі, зорачкі, святы і святкі –
Ледзяшы ад салютаў звіняць удвайне!..
Твае рукі і вусны – ужо без аглядкі…
Адчуваю я, знаю: ты любіш мяне!..
Напрыканцы свайго выступлення спадарыня Інга таксама атрымала яблык – цяпер ужо з рук Вячаслава Корбута. Дарэчы, на працягу імпрэзы яблыкі з “Восеньскага кошыка” былі падараваны ўсім выступоўцам.
Літаратурны наватар, эксперымен-татар, эпатажны паэт і чалавек Юрась Нераток таксама нарадзіўся ўвосень, і пара гэтая яму не чужая. У верасні 2021 года спадар Юрась адзначыў свой юбілей (лічбу ўдакладняць не будзем). На “Восеньскі кошык” творца прыйшоў не з пустымі рукамі: ён прадэманстраваў прысутным дзве новыя кнігі: “Лірычныя аўтары: Нік Аблом ды іншыя. Кніга 1. Нік Аблом”, “Лірычныя аўтары: Нік Аблом ды іншыя. Кніга 2. Эдуард Гонкі, Клеафас Антуан, Кін Молба. Нэнсі О’Фазар”. Справа ў тым, што шаноўны спадар вельмі любіць працаваць пад псеўданімамі, і ўсе гэтыя прыдуманыя творцы змяшчаюцца ў шматграннай асобе Юрася Нератка. Прысутныя пачулі ў вы-кананні паэта шэраг наватарска-эксперыментальных вершаў з новых кніг аўтара – прычым, ад розных імёнаў.
За музычную частку “Восеньскага кошыка” адказваў 24 кастрычніка 2021 года паэт, бард, выканаўца ўласных песень пад гітару Кірыл Бандзерс. Кірыл – вельмі цікавы малады чалавек: высокага росту, са светлымі доўгімі валасамі, з блакітнымі вачыма. Знешнасць амаль анёльская. А вось вершы і песні ў спадара Бандзерса зусім не анёльскія: тэксты жорсткія, часам на грані фолу. І голас барда адпавядае ягоным вершам і тэкстам – нізкі, нават трохі хрыплы. Да прысутных Кірыл Бандзерс выходзіў двойчы: у сярэдзіне і напрыканцы імпрэзы. Сярод выкананых спеваком і музыкай песень быў і твор пад назвай “Насланнё”:
як нап’ешся вады азёрнай
што нядобрым туманам курыцца
не шукай у вачах маіх зёрнаў
дзюбай месяца чорная курыца
там бядою гнядою худою
зрэнкі чорныя разараны
на іх кат цісьне цяжкай хадою
сее кроў ні за што пакараных
ты дзяўбеш маіх воч разоры
дзе прайшоў ужо сейбіт кляты
ці знаходзіш чаго апроч гора?
апроч страты?
дык пачуй мяне стань пакорнаю
праз яго белы сьвет паршывіцца
дзюбай месяца курыца чорная
дзеўбані яго гада ў патыліцу
то ня сейбіт то кат павер мне
пажывіцца пакінь спадзеў
не шукай у вачах маіх зерня
кроў людзей гэта кроў людзей.
Паэты Вячаслаў Данілаў і Тамара Смірнова – даўнія і адданыя сябры літаратурнага клуба “Экватар”, якія кожны год прымаюць удзел у альманаху “Літаратурны экватар” і намагаюцца не прапускаць ніводнага мерапрыемства – з тых, якія ладзіць суполка. І канешне, Вячалаў і Тамара не маглі не завітаць на “Восеньскі кошык”. Вячаслаў чытаў сумныя філасофскія вершы, а Тамара аддала перавагу ў сваім выступленні вершам пра каханне.
Глеб Ганчароў з’явіўся ў літаратурным клубе “Экватар” не так даўно – напачатку 2021 года. Прывяла яго ў суполку вядомая літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, якая вельмі ўважліва назірае за літаратурным працэсам у нашай краіне і часцяком адкрывае новыя таленавітыя імёны. Так было і са спадаром Ганчаровым, чые вершы спадарыня Таццяна пабачыла ў Інтэр нэце і пачала запрашаць аўтара на імпрэзы ды выступленні. На “Восеньскім кошыку” Глеб Ганчароў чытаў розныя вершы. Асабліва цікава прагучаў твор пад назвай “Успамін пра Язона”:
Закаўказскай залевы сырая струна,
Прыбярэжнага ветру імпэты –
Вось ён, пахмурны край Залатога руна,
Малярыйнае царства Ээта.
Як пустэльна на схілах скалістай грады,
Толькі хвалі буяняць шалёна.
Папацёмку растуць чараты ля вады
I скрыгочуць, як зубы дракона.
Абязлюдзеў абшар, арганаўты сышлі,
Прамінулі стагоддзі маўкліва –
Толькі холадам дзьме ад астылай зямлі,
Толькі вільгаццю цягне з заліва.
Толькі бежанкі-сосны ўздымаюць галлё,
Толькі трэскі ўтыкаюцца ў бераг,
Каб няспынна трывожыць бяссонне тваё,
Каб прымусам забыць аб намерах.
Мы паданне здзяйснялі, напэўна, дарма.
Нам і так не пад сілу надзеі:
Не пільнуй, за плячыма калі ўжо няма
Ні “Арго”, ні руна, нi Медэi.
Дарэчы, менавіта паэтка, пісьменніца і навукоўца Таццяна Барысюк зачыняла канцэртную праграму “Восеньскага кошыка”. Спадарыня зазначыла, што тэма восені ёй вельмі блізкая, бо яна нарадзілася ў кастрычніку, калі рознымі колерамі палае лісце, калі паветра ўжо халоднае, але такое свежае і чыстае. Таццяна распавяла прысутным, што як навукоўца яна часцяком эксперыментуе з формай вершаў і ёсць нават формы, якія ёй асабіста прыдуманы. Напрыклад, перавернутае залатое сячэнне. Таццяна Барысюк прачытала прысутным шэраг сваіх паэтычны твораў. Сярод іх быў верш пад назвай “Верасень, у дзень асенняга сонцастаяння”, які якраз напісаны ў форме перавернутага залатога сячэння:
Гэты верасень – кава з карыцай.
Плямы святла на лісці шматкалёрным.
Хочацца любаму ў жарсці скарыцца,
ды ён далёкі, як Шлях небазорны.
Верасень – яблыкі, астры, касмеі,
гонар пабітых дажджамі гартэнзій.
Я аб каханні прасіць Вас не смею.
Ціха канаю, без слёз і прэтэнзій.
Верасень – полымя клёнаў, каштаны.
Дзён сонцаззянне – спадзеў на цяпло.
Помніш мяне ты, мой родны, каханы?
Бо забыццё – найвялікшае зло,
марам маім неадольны заслон.
Кожнага з выступаўшых творцаў зала вітала шчырымі апладысментамі. А яшчэ на “Восеньскі кошык” завітаў вядомы беларускі фотамастак Міхаіл Крыжаноўскі, які зрабіў серыю фотасесій для сваіх інтэрнэт-рэсурсаў. Фотаздымкі гэтыя вельмі хутка з’явіліся на прасторах інтэрнэт-сеціва.
Вось, здавалася б, і ўсё. Але ў “Восеньскага кошыка” быў яшчэ нечаканы працяг – ужо па-за межамі бібліятэкі імя Талстога. Невялічкая кампанія ў складзе Вячаслава Корбута, Інгі Вінарскай і Міхаіла Крыжаноўскага завітала пасля імпрэзы на кніжную выставу “Восень у сталіцы”, дзе міла паразмаўляла і паздымалася з яшчэ адным Крыжаноўскім – Яўгенам, вядомым беларускім сатырыкам і гумарыстам. Было многа жартаў, усмешак і фотаздымкаў!
Паэткі, пісьменніцы
Інга Вінарская і Таццяна Барысюк.