Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Высокае неба ідэала Анатоля Вярцінскага

Высокае неба ідэала Анатоля Вярцінскага

23 лістапада 2021, 23:43 Грамадства 72
Высокае неба ідэала Анатоля Вярцінскага

18 лістапада спаўняецца 90 гадоў вядомаму беларускаму паэту, публіцысту, крытыку, перакладчыку Анатолю Іллічу Вярцінскаму, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), былому дэпутату Вярхоўнага Савета Беларусі, члену Канстытуцыйнай камісіі.

Анатоль Ілліч нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў 1931 годзе. Па заканчэнні аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1956) ён працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). Па пераездзе ў Менск працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, быў рэдактарам выдавецтва “Беларусь”.

Яго першыя вершы друкаваліся ў 1950-гадах у газетах “Беларускі ўніверсітэт” і  “Чырвоная змена”, у часопісе “Маладосць”.

Цёпла прыняты чытачом былі яго кнігі вершаў і паэм “Тры цішыні” (1966), “Чалавечы знак” (1968), “Выбранае” (1973),” Час першых зорак” (1976), “Святло зямное” (1981), “Любоў адкрывае скарбы” (1987) “Жанчына. Мужчына. Каханне” (2003). Яго кнігі  літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі “Трывожны досвітак” (1994), “Высокае неба ідэала” (1980) і сёння вельмі цікавыя і актуальныя.

Творам А. Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць. Паэт асэнсоўвае “вечныя тэмы” чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Значнае месца ў творчасці паэта займае тэма кахання, якое ўзвышае чалавечую душу.

Творчы стыль Анатоля Вярцінскага адзначаецца асобай творчай манерай, спосабам паэтычнага выражэння думак і пачуццяў. Па заўвагах літаратурных крытыкаў, рацыянальны бок яго паэзіі ўраўнаважваецца пачуццёвасцю, лірычнай шчырасцю і пранікнёнасцю.

З 1967 па 1982 года Анатоль Ілліч быў літаратурным кансультантам, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

У 1990-95 гадах А. Вярцінскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР.

У складзе дэлегацыі БССР Анатоль Вярцінскі браў удзел у рабоце ХХХII cесіі Генеральнай асамблеі ААН у 1977 годзе.  Рыхтуючыся да замежнай камандзіроўкі, Анатоль Ілліч знаёміўся з творчасцю амерыканскіх пісьменнікаў Фолкнера, Хемінгуэя, Стэйнбека, Драйзера, з паэзіяй Уолта Уітмена і іншых. У ЗША ён меў магчымасць знаёміцца з працай амерыканскіх СМІ, чытаць ” Нью-Ёрк таймс”, “Часопіс ААН” і іншыя выданні, наведваў музей “Метрапалітэн”, музей Радэна ў Філадэльфіі, удзельнічаў у культурных мерапрыемствах і імпрэзах. Яго зацікавілі амерыканскія святы – Дзень Калумба і Дзень Падзякі ды іншыя.

Вынікам яго камандзіроўкі ў ЗША і сумеснай працы з дыпламатамі стала кніга яго асабістых назіранняў  і ўражанняў над жыццём у ЗША “Нью-Ёркская сірэна” (1987). Галоўным пачуццём, перажытым у час працы ў штаб-кватэры ААН, было адчуванне адказнасці за лёс народаў усяго свету, за мір на планеце. Дэвіз арганізацыі, напісаны на сцяне яе офіса, застаўся ў сэрцы Анатоля Ілліча: “Мы, народы аб’яднаных нацый, поўныя рашучасці пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавечаству невыказнае гора, зноў усталяваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы…”

Сёння пытанне Беларусі – на павестцы дня Савета бяспекі ААН.

Не аднойчы сябры ТБМ удзельнічалі ў творчых вечарынах Анатоля Ілліча.  Адна з такіх вечарын адбывалася ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла пяць гадоў таму. Удзячныя чытачы захавалі кнігі паэзіі з дарчымі надпісамі аўтара.

Выстава твораў А.І. Вярцінскага і біяграфічных артыкулаў будзе разгорнута да яго юбілею ў беларускай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас