19 лістапада спаўняецца 85 гадоў публіцысту, гістарычнаму пісьменніку, эсэісту Эрнесту Васільевічу Ялугіну, рэдактару газеты “Наша слова” ў 1991-97 гадах. Чытацкую ўвагу пісьменнік прыцягнуў ад пачатку сваёй першай кнігай – аповесцю для школьнікаў “Камяні Млечнага шляху”, агульны тыраж якой складаў больш за 300 тысяча асобнікаў.
Другая па ліку яго кніга “Мсціслаўцаў посах” стала сапраўдным бестсэлерам. Мела водгук у чытачоў у перыяд “перабудовы” аповесць пра лёс Змітра Жылуновіча – “Без эпітафіі”. Кнігі Эрнеста Ялугіна выходзілі накладам у 100.000 асобнікаў і больш. Яго пяру належыць шэраг твораў розных жанраў: эсэ “Салёная планета”, ” Убачыць Мсціслаўца”, “Нарманскі след”, “Рой чалавечы”, зборнік драматургіі – “А потым рай”.
Раннія падарожныя нататкі Эрнеста Ялугіна былі блізкія па стылі апавяданням М. Прышвіна, К. Паўстоўскага, У. Караткевіча. Ён вывучаў грані буквіц, надрукаваных Пятром Мсціслаўцам, які разам з Іванам Фёдаравым друкаваў “Апостал” у 1595 годзе.
Пісьменнік крочыў шляхамі У. Караткевіча, апісваючы ў эсэ “Ля жывой вады” гісторыю Мсціслава, які быў калісьці магутным удзельным княствам, і людзей Мсціслаўшчыны, пісаў пра Пустынкі з іх крынічнай святой вадой. У 1958 годзе Э. Ялугін далучыўся да дзейнасці Саюза журналістаў, а ў 1972 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Эрнест Ялугін – аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: В. Быкава, А. Міронава, А. Мальдзіса, М. Улашчыка і іншых.
Яго гістарычны раман “Перад патопам” перагукаўся з творамі польскіх класікаў, Нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры – Генрыка Сянкевіча і Уладыслава Рэйманта. А раман “Алжырская пастка” быў прысвечаны сучасным рэаліям і меў вострасюжэтны, дэтэктыўны характар. Ніл Гілевіч высока ацаніў яго.
Па словах акадэміка Радзіма Гарэцкага, Эрнест Ялугін “далучыўся да кагорты нацыянальных літаратараў, якая стала прыцягальнай для беларускага чытача, ён прапаноўваў не проста “цікавае чытво”, а прымушаў задумвацца пра гісторыю Беларусі, мінулае, сучаны стан і будучыню нацыі”.
І зараз Эрнест Васільевіч Ялугін, знаходзячыся дома, працягвае літаратурную працу. Мы скантактаваліся па тэлефоне з юбілярам і павіншавалі яго.
– Сам дзіўлюся, як я пражыў такое доўгае і бурлівае жыццё! А пачыналася яно з ваеннага дзяцінства. Я нарадзіўся пад Дуброўнай на станцыі Асінаўка ў 1936 годзе. У час вайны маці ўдалося перавезці нас, траіх дзяцей, у Крычаў, бацька ў той час знаходзіўся на фронце, ваяваў у артылерыі. Немцы на маіх вачах пакалечылі мату-лю, калі яна не хацела ачышчаць чыгуначныя рэйкі ад снегу. І сам я атрымаў удар па вуху ад паліцая…
Працаваць у Крычаўскай раённай газеце я пачаў адразу пасля дзясятага класа, у 1954 годзе, і ў мяне хутка з’явілася журналісцкая цяга і хватка. Адначасова я быў рэдактарам радыёвяшчання і ўдзельнічаў у працы мясцовага літаратурнага аб’яднання. З 1957 па 1960 год я працаваў адказным сакратаром Мсціслаўскай раённай газеты. Як раз у гэты перыяд я зацікавіўся дзейнасцю Пятра Мсціслаўца і збіраў матэрыял для кнігі пра яго.
Дзякуючы выхаду аповесці “Мсціслаўцаў посах” вялікім накладам у мясцовай грамадскасці абудзілася вялікая цікавасць да постаці друкара і асветніка, і ў горадзе быў пастаўлены першы помнік яму. Шмат часу я прысвяціў раманам “Ідзі і кажы”, “Перад патопам”.
Апошні год я працаваў над аповесцю “Перайсці Іардан”, у ягой разважаў на тэкстамі Старога Запавету. Калі я жыў у Мсціславе і вывучаў дзейнасць Пятра Мсціслаўца, то звяртаўся да Бібліі, і зараз паглыбляюся зноў у гэтую тэму.
Гутарыла Э. Дзвінская.