3 лістапада адбыўся шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню нараджэння Якуба Коласа, 115-годдзю пачатку яго творчай дзейнасці і 100-годдзю першага выдання зборніка алегарычных апавяданняў “Казкі жыцця”.
Даследчыкі творчасці Якуба Коласа сабраліся на ХХХV між-народную навукова-практычную канферэнцыю “Каласавіны”. З 1985 года кожную восень у дзень нараджэння Якуба Коласа Дом-музей народнага паэта збірае лепшыя сілы навуковага коласазнаўства з усёй рэспублікі з мэтай даследавання і папулярызацыі творчасці Песняра.


У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, супрацоўнікі НДУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры”, сталічных і абласных ВНУ і музеяў. У дзвюх секцыях абмяркоўвалася тэма вывучэння, папулярызацыі і інтэрпрэтацыі творчай спадчыны Якуба Коласа, у трэцяй гаворка ішла пра актуальныя пытанні музеязнаўства, вывучэння, захавання і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны. З дакладамі выступілі Васіліна Валер’еўна Міцкевіч, Вера Данілаўна Міцкевіч, Анатоль Віктаравіч Трафімчык, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, Валянціна Паўлаўна Русак і іншыя.

Пасля заканчэння канферэнцыі навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Наталля Аляксандраўна Адамовіч запрасіла гасцей на адкрыццё выставы “У той песні, шырокай, як свет…”.
Акрамя паэм, вершаў, аповесцяў і трылогіі, Якуб Колас пісаў на працягу паўстагоддзя алегарычныя апавяданні, якія выходзілі пад адной вокладкай у 1921, 1926, 1928 гадах. Упершыню яны выйшлі з друку асобнай кнігай у горадзе Коўні накладам 7500 паасобнікаў.
Пра сваю працу над ілюстрацыямі для кнігі “Казкі жыцця”, выкананымі ў тэхніцы манатыпіі, распавяла мастачка Людміла Іванаўца Пятруль.
На імпрэзе прысутнічала ўнучка народнага паэта Вера Данілаўна Міцкевіч, прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі, даследчыкі творчасці народнага песняра. Госці змаглі праглядзець дакументальны фільм, створаны з удзелам А. Астаповіча і ўнучак Якуба Коласа, у якім была зроблена віртуальная рэканструкцыя дамоў, дзе паэт жыў у Менску да вайны і пасля яе. Акрамя пастаяннай экспазіцыі ў музеі таксама дэманструецца выстава “Палессе Я. Коласа праз аб’ектыў амерыканскага фатографа Дж. Кундштадтара.”
3 лістапада адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да пом-ніка Якубу Коласу. 4 лістапада Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа запрасіў на радзіму песняра ў вёску Мікалаеўшчына Стаўпецкага раёна.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.

