У Звароце ў прыватнасці гаворыцца:
“Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Дзень 2 лістапада ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, якая бярэ свой пачатак ад св. Адылона, абата бенедыктынаў (з 998 г.), у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.
Касцёл як Містычнае цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што “Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых” (Мк 12, 27). Адсюль, мы гаворым пра тры вымярэнні Касцёла: пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы. (Пар. Кампендый ККК, 195.)
Касцёл пілігрымуючы, або вандроўны – гэта вернікі, якія, жывучы на гэтым свеце, нібы пілігрымы, ідуць шляхам свайго зямнога вандравання да вечнай нябеснай Айчыны, змагаючыся пры гэтым са спакусамі і са злом.
Пакутуючы Касцёл – гэта душы памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы. Чысцец – гэта не месца, а стан душаў, якія церпяць ачышчальныя пакуты, каб, падтрыманыя малітвамі жывых вернікаў і святых, яны маглі ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства.
І ўрэшце – Трыумфуючы Касцёл – гэта супольнасць збаўленых святых, якія ўжо сузіраюць Бога тварам у твар і малітвамі падтрымліваюць, як тых сваіх братоў, хто змагаецца са злом на зямлі, так і тых, хто пакутуе ў чыстцы.
Што мы робім у дзень успаміну памерлых? У гэты дзень, а калі мы не маем такой магчымасці, то ў бліжэйшыя дні (на працягу ўсяго месяца лістапада), прынята наведваць могілкі і там маліцца за памерлых. Мы наведваем іх магілы і наводзім там парадак. Можа так здарыцца, што месцы пахавання блізкіх нам людзей знаходзяцца не там, дзе мы жывём, і мы не можам туды паехаць. Магчыма, мы ўвогуле не ведаем, дзе яны пахаваны. Можна тады наведаць бліжэйшыя могілкі, каб там памаліцца і паклапаціцца пра закінутыя пахаванні.
Годным успамінам пра памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё – малітва за супакой душаў памерлых. Малітвы за памерлых могуць быць рознымі. Аднак найбольш дасканалай малітвай з’яўляецца Святая Імша. Таму вельмі пажадана прасіць святароў аб складанні ахвяры Святой Імшы за канкрэтных памерлых вернікаў…
…Заахвочваю вас браты і сёстры да малітвы за памерлых, гэтых нам вядомых і незнаёмых, а асабліва да практыкі адпусту за памерлых…
Арцыбіскуп
Юзаф Станеўскі,
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі
Менск, 28.10.2021 г.