Беларускі мастацтвазнавец, педагог, гісторык і тэарэтык мастацтва Мікалай Шчакаціхін нарадзіўся 13 кастрычніка 1896 года ў Маскве. З дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазней вы-вучыў яшчэ некалькі (ведаў каля 12 моваў). У 1914 годзе скончыў гімназію А. Флёрава ў Маскве. З 1914 па 1918 гг. вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Працаваў у Расіі: Маскве, Арле, а ў 1920 годзе перавёўся ў Харкаў, дзе працаваў адначасна навуковым супрацоўнікам музея, загадчыкам перакладчыцкай калегіі і сябрам рэпертуарнай камісіі пры навукова-тэарэтычным аддзяленні Наркамасветы Украіны. Быў сябрам праўлення Усеўкраінскага Саюза пісьменнікаў.
У 1921 годзе пераехаў у Менск. З 1922 года працаваў асістэнтам кафедры гісторыі мастацтва БДУ, распрацаваў і выкладаў курс па гісторыі беларускага мастацтва. У 1924 годзе атрымаў званне дацэнта. Адначасна з 1925 года працаваў у Інбелкульце як навуковы сакратар Секцыі беларускага мастацтва і стыль-рэдактар выдавецкага аддзела. Пры Інбелкульце вучоны стварыў Камісію гісторыі мастацтва, у якой сабраў менскіх і рэгіянальных, пераважна віцебскіх, мастацтвазнаўцаў, мастакоў, жывапісцаў і графікаў. Сфера яго навуковых інтарэсаў была надзвычай шырокай. Найперш ён займаўся вывучэннем беларускай архітэктуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: сакральнай і абарончай. Пачаў рас-працоўку пытання абарончай храмавай архітэктуры ў ВКЛ. Даследаваў выяўленчае мастацтва, у тым ліку жывапіс полацкіх храмаў XVII-XVIII стст., старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Скарыны. Арыентаваў моладзь на стварэнне нацыянальнай мастацкай школы. Таксама займаўся распрацоўкай канцэпцыі беларускага мастацтва, асноўных яго кірункаў і перыядызацыяй. Увёў ва ўжытак азначэнні “беларускае адраджэнне”, “беларуская готыка”, “беларускае барока”. Хацеў стварыць у Беларусі вышэй-шую мастацкую акадэмію. Дзейсна ўдзельнічаў у арганізацыі і афармленні музейных збораў. У 1926 годзе выступіў як адзін з арганізатараў 1-й Усебеларускай мастацкай выставы. У 1928 годзе выйшаў 1-ы том кнігі “Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва”. За першым томам мусілі выйсці наступныя чатыры. Але перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі. У 1930-я гады былі падрыхтаваны рукапісы “Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы”, “Некаторыя варыянты літоўскіх манет”, “Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI-XVII ст.”, якія захоўваюцца цяпер у Эрмітажы.
18 ліпеня 1930 года Шчакаціхіна арыштавалі па сфабрыкаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі”. У 1931 годзе выслалі на 5 гадоў у Башкірыю. У горадзе Белябей яму давялося працаваць статыстам, планавіком у райспажыўсаюзе, затым у яго атрымалася ўладкавацца на вы-кладчыцкую працу. Пазбаўлены матэрыялу для навуковай працы, ён працягваў навуковыя доследы, не пакідаў надзеі вярнуцца да навуковай працы ў Беларусі. У 1937 годзе яму прысудзілі яшчэ адзін тэрмін. 1 красавіка 1940 года Мікола Шчакаціхін памёр у Белябеі ад сухотаў, на якія ён захварэў пасля чарговага “прафілактычнага” арышту да камуністычнага свята. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
У 1993 годзе па ініцыятыве ТБМ 1-шы том “Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва” перавыдадзены. Да 100-годдзя навукоўца Белпошта выпусціла ў яго гонар марку. У 2008 годзе ў Менску на доме (вуліца Валадарскага, 24), дзе жыў Шчакаціхін, усталявана мемарыяльная дошка.
Паводле СМІ.