Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Падарожжа ў краіну млыноў

Падарожжа ў краіну млыноў

21 кастрычніка 2021, 09:23 Выданні 43
Падарожжа ў краіну млыноў

7 кастрычніка  ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі Францішка Баляслававіча  Жылкі  “Млынарства ў Беларусі. Гісторыя і сучаснасць”, якая выйшла ў выдавецтве  ” Энцыклапедыкс”.

На імпрэзе з прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Юр’еўна Кніжнікава, старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яўгенавіч Яротаў, Старшыня Беларускага Фонда Культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі і іншыя госці, якія падзякавалі аўтару, вялікаму энтузіясту, краязнаўцу, шчыраму католіку, сябру Згрутавання нашчадкаў шляхты і дваранства спадару Францішку Жылку за яго даследчую і папулярызатарскую працу.

Спадар Францішак вядомы сваімі высакароднымі справамі, якія ён прысвячае сваёй малой радзіме. У 1996 годзе Францішак Жылка адрэстаўраваў вадзяны млын у аграгарадку Жодзішкі, які належаў яго дзеду, і зрабіў там музей млынарства. У музеі сёння можна пазнаёміцца з сельскагаспадарчымі прыстасаваннямі, з ганчарным, кавальскім, дрэваапрацоўчым і іншымі рамёствамі, наведвальнікі могуць сваімі рукамі змалоць збожжа на муку.

– Мае дзяцінства прайшло за 500 метраў ад гэтага млына, – распавёў аўтар сямейную гісторыю на сустрэчы з чытачамі. – Я адчуваў, якой вялізнай энергіяй валодае гэта махіна! У 90-тыя гады да мяне звярнуліся дзядзькі з просьбай паспрыяць у аднаўленні млына, я даў ім такое абяцанне і выканаў яго. З таго часу ў мяне абудзілася цікавасць да гісторыі вадзяных млыноў, я  наведаў дзясяткі старых млыноў, цікавіўся іх гісторыяй і сучасным станам. Уладальнікі млыноў звычайна былі асобамі заможнымі, адукаванымі і гаспадарлівымі, карысталіся заслужаным аўтарытэтам сярод жыхароў мястэчкаў, – адзначыў Францішак Жылка.

У новым выданні змешчана шмат каляровых фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць гісторыю будаўніцтва і эксплуатацыі вадзяных млыноў у розных кутках Беларусі – у Варнянах, Гервятах, Жодзішках і іншых мясцінах.

Гэта ўжо чацвёртая кніга Францішка Баляслававіча Жылкі, напісаная на роднай мове. Папярэдняя кніга краязнаўчых нарысаў  “Вандроўкі па рацэ Віліі” выходзіла ў 2012 годзе і знайшла шырокае кола сваіх прыхільнікаў.

– Кніга будзе цікавай для настаўнікаў гісторыі і геаграфіі, для студэнтаў  і для прадстаўнікоў турыстычных фірмаў, – падкрэсліў старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў.

– Захавана гісторыя  важных  аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны. Такімі важнымі эканамічнымі  і сацыяльна-культурнымі аб’ектамі былі  вадзяныя млыны, дзе людзі не толькі рабілі важную справу, але  і абмяркоўвалі падзеі бягучага жыцця, – адзначыў Старшыня Беларускага фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі.- Прыклад Францішка Баляслававіча сёння вельмі важны, каб людзі маглі зрабіць нешта карыснае для адраджэння сваёй малой радзімы. Музей млынарства  ў Жодзішках сёння цікава наведваць і дзецям, і дарослым, таму  што там можна вярнуцца да сваіх каранёў, пабачыць, як вырабляюць хлеб. Кніга будзе цікавай для краязнаўцаў  і вандроўнікаў, бо такія аб’екты  можна  ўключаць у турыстычныя маршруты.

У кастрычніку 2019 года Францішак Баляслававіч Жылка быў ініцыятарам усталявання мемарыяльнай дошкі вядомаму фотамайстру Яну Булгаку ў Пярэсецы пад Менскам, дзе калісьці знаходзілася яго фотастудыя. У гэтым годзе ён быў ініцыятарам па-будовы капліцы ў гонар Св. Яна каля Вішнева, на асвячэнне якой прыбыў Гарадзенскі біскуп.

Э. Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2817
Каля 20 школ па ўсёй краіне ўдзельнічаюць у "інавацыйным" праекце: у часткі навучэнцаў бяруць адбіткі пальцаў
Грамадства

Каля 20 школ па ўсёй краіне ўдзельнічаюць у "інавацыйным" праекце: у часткі навучэнцаў бяруць адбіткі пальцаў

21 снежня 2018, 12:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2216
Далучайцеся да нас