ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” атрымала Рашэнне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, дзе пасля доўгай юрыдычнай прэамбулы сказана ў прыватнасці наступнае:
“… Устаноўлена, што грамадскае аб’яднанне лістом ад 25 лютага 2021 года накіравала Міністэрству юстыцыі фінансавую справаздачу. Але да агульнага ведама, як патрабуе закон, гэта інфармацыя не была даведзена, бо просьбы размясціць яе на афіцыйным сайце рэгіструючага органа яна не ўтрымлівала.
Апублікаванне такой справаздачы ў электроннай версіі газеты грамадскага аб’яднання “Наша слова” ад 18 мая 2021 года, а потым паўторна ў жніўні 2021 года, на што ўказана ў скарзе, не сведчыць аб неабгрунтаванасці папярэджання, бо публікацыі адбыліся несвоечасова. Акрамя гэтага, справаздачы наогул аб дзейнасці аб’яднання, як патрабуе заканадаўства, яны не ўтрымлівалі.
Не заснаваны на палажэннях заканадаўства спасылкі скаргі, падтрыманыя прадстаўніком заяўніка ў судзе, аб адсутнасці ў законе абавязку накіроўваць рэгі-струючаму органу просьбу размясціць справаздачу на афіцыйным сайце гэтага органа. Такое меркаванне суд лічыць памылковым і не адпавядаючым вышэйназванаму заканадаўству, якое не проста ўтрымлівае абавязак грамадскага аб’яднання змяшчаць інфармацыю аб сваёй, у тым ліку фінансавай, дзейнасці, а менавіта давесці яе да ўсеагульнага ведама пэўнымі і акрэсленымі для гэтага спосабамі, менавіта праз СМІ і Інтэрнэт, у тым ліку праз інтэрнэт-рэсурс рэгіструючага органа.
Такім чынам, вьнесенае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 19 ліпеня 2021 года пісьмовае папярэджанне з’яўляецца законным, абгрунтаваным, і скарга Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” задавальненню не падлягае.
Кіруючыся арт. 302-306, 310 і ч.2 арт. 317 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд вырашыў:
адмовіць Грамадскаму аб’яднанню “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ў задавальненні скаргі на вынесенае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 19 ліпеня 2021 года пісьмовае папярэджанне за № 169”.
Такім чынам ТБМ застаецца чакаць, на калі будзе прызначана паседжанне па ліквідацыі Таварыства, якое такі замінае антыбеларускім сілам канчаткова дабіць беларускую мову ды і саму Беларусь.
Станіслаў Суднік.