Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“І Косцевы вершы, і сям’я Севярынцаў – гэта тое, што будзе гонарам Беларусі”.

“І Косцевы вершы, і сям’я Севярынцаў – гэта тое, што будзе гонарам Беларусі”.

13 кастрычніка 2021, 19:03 Грамадства 57
“І Косцевы вершы, і сям’я Севярынцаў – гэта тое, што будзе гонарам Беларусі”.

Важныя і шчырыя словы ў памяць Кастуся Севярынца

1 кастрычніка 2021 года ў рэанімацыі ад каронавіруса памёр журналіст, паэт, публіцыст, перакладчык Кастусь Севярынец. Ён меў хворае сэрца.

Кастусь Севярынец нарадзіўся 4 верасня 1952 года ў вёсцы Унорыца Рэчыцкага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адслужыў у войску, там быў узнагароджаны мэдалём “За адвагу на пажары”. Працаваў дырэктарам Пагасцянскай васьмігодкі пад Оршай. З 1979 года – у журналістыцы: быў карэспандэнтам БелТА – ТАСС па Віцебскай вобласці, працаваў у рэспубліканскіх газетах, на Беларускім радыё.

Перакладаў з сербскай і харвацкай моваў. Аўтар зборнікаў лірыкі на расійскай мове “Пока дышу”, “Пока цветёт сирень”, некалькіх кніг дзіцячых вершаў, пяці зборнікаў крымінальных нарысаў.

Удава Кастуся Таццяна Севярынец расказала, што пазнаёмілася з Кастусём у 1974 годзе ў будаўнічым атрадзе.

– У 1975-м пажаніліся, Ганначка нарадзілася. Усялякае было за нашы 46 гадоў сумеснага жыцця, цяжкасцяў хапіла: і ў інтэрнаце жылі, і кватэры здымалі, але ўсё гэта перажывалася разам, дзяцей гадавалі, унукам радаваліся…

Я ўвогуле не ўяўляю свайго жыцця без яго. Гэта чалавек, які заўсёды для мяне быў апорай. Я ведала, што дзе б ні была – бацька дома, дом дагледзіць, абед прыга-туе, сустрэне. У грыбы з’ездзім – я буду адпачываць, а бацька іх чысціць і катаць. Гэта вельмі добры, вельмі шчыры чалавек.

Каб не гэтая хвароба, каб не сэрца, ён бы яшчэ пажыў. І Паша, і шмат людзей маліліся за яго здароўе. Ён вельмі моцны чалавек, вельмі цярплівы, але апошнія ты-дні даліся яму вельмі цяжка. Мы не ведалі, як дапамагчы, што рабіць. Ён казаў: “Нічога не насіце ў шпіталь”, але насілі ўсё дамашняе, каб хоць крышачку чаго з’еў.

У яго такія вершы цудоўныя, паэзія яскравая, добрая. Нікому не жадаў зла. Для дзяцей быў любімы татка, і ўнукі ў ім душы не чулі, – Таццяна Севярынец не можа стрымаць слёз.

Вадзім Баршчэўскі сябраваў з Кастусём Севярынцам са студэнцкіх гадоў, яны разам вучыліся ў Белдзяржуніверсітэце.

– Уяўляеце, мы сябруем больш за 50 гадоў! На першым курсе прыглядаліся адзін да аднаго, а з другога блізка пасябравалі. Ён вельмі таленавіты ва ўсім: і як радыёжурналіст, і як паэт, і як перакладчык. Пісаў дэтэктыўныя апавяданні, шмат зборнікаў апублікаваў.

Але лепш за ўсё ў яго атрымліваліся дзіцячыя вершы і лірыка, такая шчымлівая і пранікнёная. Было ў яго і шмат так званых “альбомных” вершаў, якія ён не друкаваў, а пісаў для сяброў і сябе. Я думаў, што Косця мяне перажыве, бо ён такі аптыміст, гумарыст, жыццярадасны чалавек. Не магу стрымаць слёз, – кажа студэнцкі сябар Севярынца Вадзім Баршчэўскі.

Кастусь Севярынец напісаў шмат дзіцячых вершаў. Ён пераможца міжнароднага конкурсу Радыё Свабода на найлепшы пераклад тэксту песні “Fairytale” (“Казка”), з якой Аляксандр Рыбак перамог на “Еўрабачанні-2009”.

Разам з віцебскай мастачкай Святла-най Баранкоўскай Кастусь Севярынец зра-біў першую беларускую азбуку для iPad “Буквар: Родная азбука”.

– Я амаль год малявала “Азбуку”, у мяне нічога не атрымлівалася, і тады я сказала: “Буду рабіць, што ўмею – буду рабіць габелены”. І на кожны яго верш (а яшчэ былі двухрадкоўі) я рабіла габелены. Насіла яму здымкі, глядзелі на гэтыя габеленчыкі і радаваліся, як дзеці.

Пра лісу было двухрадкоўе: “Футра цёплае ў лісіцы, будзе шапка й рукавіцы”. Я зрабіла лісічку, у якой толькі носік тыр-чыць. Усе падыходзяць да габелена і пы-таюцца: “А дзе сама лісічка?” Прыходжу да Косці, а ён ужо напісаў працяг: “Вось яна, прыйшла зіма. Футра ёсць, а дзе сама?”

Так весяліліся, так радаваліся, што мы на адной хвалі, што аднолькава думаем, аднолькава баліць, аднолькава радуе. Таму адыход такога чалавека – гэта не проста балюча, гэта як кавалак ад сэрца адарвалі, гэта вялікая частка душы, якую ён нам падарыў.

Гэта чалавек настолькі светлы быў, настолькі заўсёды пазітыўны! Таму я разумею, чаму ў яго такая сям’я, такія дзеці – у такога бацькі не магло атрымацца інакш. Я думаю, што і Косцевы вершы, і сям’я Севярынцаў – гэта тое, што будзе гонарам Беларусі, – кажа мастачка, сяброўка сям’і Севярынцаў Святлана Баран-коўская.

Пахаваюць Кастуся Севярынца на радзіме, у вёсцы Унорыцы Рэчыцкага раё-на. Яго дачка Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісала:

– Улічваючы, што мы забіраем яго з ковіднай рэанімацыі, а таксама тое, што ў самой вёсцы таксама ковід і, акрамя нашага, там адбудуцца яшчэ ковідныя пахаванні, развітанне і пахаванне будзе ў вузкім коле сваякоў. Выбачаемся перад тымі, хто хацеў бы асабіста развітацца з нашым татам, просім згадаць яго добрым словам і памятаць.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Навука

Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка

1 снежня 2020, 20:0016
Вырай «Вурая»
Грамадства

Вырай «Вурая»

9 лістапада 2018, 09:2215
Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў
Грамадства

Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў

5 снежня 2018, 08:4315
Далучайцеся да нас