Менскае выдавецтва “Кнігазбор” выпусціла кнігу выбраных твораў беларускага дзеяча, выдаўца, паэта і гісторыка Хведара Ільяшэвіча (1910-1948). Кніга так і называецца “Выбранае”. Я даўно чакаў, што нехта парупіцца і збярэ яго творы пад адну вокладку. Першым зрабіў гэта Міхась Казлоўскі з Маладзечна, які ў 2000 годзе падрыхтаваў і выдаў “Творы” Хведара Ільяшэвіча. Міхась Казлоўскі ўключыў лепшыя вершы паэта з трох паэтычных зборнікаў, а таксама некалькі твораў другой паловы 1930-х гадоў і трохі эміграцыйных вершаў. Эміграцыйны цыкл – вельмі сумны, у ім адчуваецца туга, якую перадаў паэт вершамі аб прыродзе, аб раскіданай маладосці, аб сябрах і сваяках. Адначасова ў эміграцыйных вершах ёсць іскрынкі надзеі на светлую будучыню, надзея, што ў Беларусі “зацвіце заўтра новая маладосць”. Дарэчы, роднай Беларусі Хведар Ільяшэвіч прысвяціў шмат сваіх паэтычных радкоў. У адным паэт не баіцца за сваю Радзіму, бо “яна, працоўная, прачнулась”, у другім – “зноў, Беларусь, у тваіх безьбярэжжах восень элегію ціха складае”, у трэцім – “з-над палёў, дзе дым сьцелюць Беласток і Супрасьль, аж да слуцкіх пшаніцаў калосьсе шуміць”, у чацвёртым – “жніўнёвая ўжо Беларусь адцьвіла у кустох счырванелых”, а ў пятым ужо – “доля твая – недацьветы, Беларусь дарагая мая!” і г.д.
Пра гэта ўсё чытачы прачыталі ў “Творах” Хведара Ільяшэвіча, якія пабачылі свет 21 год таму. І вось новая кніга “Выбранае”, якую ўклалі Наталля Гардзіенка, Ціхан Чарнякевіч і Лявон Юрэвіч. Гэта вельмі добры падарунак чытачам, якія цікавяцца гісторыяй беларускай літаратуры, а таксама – даніна самай светлай памяці цудоўнага чалавека, таленавітага паэта, выдаўца, шчырага беларуса Хведара Ільяшэвіча, якога ўсе моцна любілі (“Ён непаўторны” (Юры Жывіца), (“Хведар, родны, слаўны, цудоўны!” (Вольга Та-поля), “Паэт і змагар” (Юрка Віцьбіч) і г.д.
Хведар Ільяшэвіч даўно заслугоўвае, каб выдаць усе яго творы, напісаныя ім за кароткае жыццё. А іх з’явілася пры жыцці літаратара вельмі многа. Былі ім напісаны і раман “Туман”, новая кніга “Нязжатая радасць”, якія застаюцца яшчэ нявыдадзенымі. Яго творы друкаваліся не толькі пад уласным прозвішчам Хведар Ільяшэвіч, але і пад псеўданімамі М. Дальны, Святаслаў Залужны, Л. Іскра, Малады, Стары, Стары Скаўт, крыптанімамі І-ч, Х.І, М.Д, С.З, Ю.М і іншымі. Друкаваўся Хведар Ільяшэвіч у “Студэнцкай думцы”, “Крыніцы”, “Беларускай ніве”, “Нашай праўдзе”, “Нашай працы”, “Сцягу працы”, “Сіла працы”, “Новай варце”, “Шляху моладзі”, “Калоссях”, “Родным краі”, віленскіх “Беларускіх календарах”, “Новай дарозе”, “Раніцы”, “Шыпшыне” і шмат-шмат яшчэ дзе. Хведар быў вельмі таленавітым чалавекам, працаваў плённа і шмат. Рукапісы яго захоўваюцца ў прыватных архівах, у архівах Беларусі, у Літве, у Польшчы, у Германіі. Гэта ўсё па крупінцы трэба збіраць і выдаваць.
Але Хведару Ільяшэвічу, як і таму Тодару Лебядзе (1914-1970), не шанцавала ні пры жыцці, ні пасля смерці. Нарэшце я сабраў і выдаў кніжку твораў Тодара Лебяды. І шчыра радуюся, што выйшла з друку “Выбранае” Ільяшэвіча. Гэта з аднаго боку. З другога, я дужа засмуціўся, што “Выбранае” пісьменніка, над якім працавалі тры вопытныя літаратары, падрыхтавана даволі паспешліва і неяк абыякава ў адносінах да яго літаратурнай спадчыны і лёсу. Як жа так можна выдаць кнігу, на вокладцы якой напісана адно прозвішча, а на тытульным лісце і на старонках кнігі – яно напісана па-іншаму? Ніколі Хведар Ільяшэвіч не падпісваў свае творы Ілляшэвіч, а Ільяшэвіч. А складальнікі кнігі на вокладку паставілі прозвішча ІЛЛяшэвіч, а ў кнізе ўсюды ён Ільяшэвіч.Так рабіць нельга.
Не самыя лепшыя і здымкі трапілі ў выданне. Асабліва, што датычыць іх якасці. Можна было б папрасіць здымкаў Хведара Ільяшэвіча ў таго ж Міхася Казлоў-скага з Маладзечна, ці ў Лідзіі Савік, ці ў той жа Алены Глагоўскай з Гданьска, ці ў сваякоў у Шчэціне, звярнуцца ў архівы… Ды і я нечым дапамог бы. Праўда, і здымкі ў кнізе ўсім вядомыя, а хацелася б новых, раней неапублікаваных. А на верхнім здымку на ўклейцы IV няправільна ўказаны год. Віленская беларуская гімназія была адкрыта ў 1919 годзе, зна-чыць Хведар Ільяшэвіч з калегамі і студэнтамі 25-годдзе гімназіі адзначаў не ў 1943 годзе, а ў 1944-м. Ёсць і шэраг іншых заўваг.
Тым не менш, дзякуючы складальнікам, невялікая літаратурная спадчына Хведара Ільяшэвіча ўсё ж вярнулася зноў на Беларусь. А гэта выбраныя вершы са зборнікаў “Веснапесьні” (1929), “Зорным шляхам” (1932), “Захварабаваныя вершы” (1936), вершы апошніх гадоў. Трохі прозы, публіцыстыкі, фельетонаў, вершы, прысвечаныя Ільяшэвічу, эмі-грацыйны эпісталярны раман з фельетонным эпілогам: Хведар Ільяшэвіч, Вольга Таполя і Юрка Віцьбіч.
З вялікай цікавасцю зноў перачытаў, вядомыя мне раней успаміны пра Хведара, Юры Жывіцы (Попкі) і Юркі Віцьбіча. Вельмі цёпла, шчыра і шчымліва пра яго напісаў Юры Жывіца. Пазнаёміліся яны ў Пружанах. А потым бліжэй пачалі сябраваць падчас вайны, калі Хведар працаваў у Беларускім камітэце ў Беластоку. “Да Ільяшэвіча я прыйшоў ад плуга й касы, а ён зрабіў з мяне журналіста, публіцыста, а крыху пазней пісьменніка і… рэдактара..”, – прызнаўся Юры Жывіца. А калі Хведара не стала, і яму пра гэта паведаміў Юрка Віцьбіч, то “слёзы цяклі струйком. Гэта была для мяне вялікая страта. А ці толькі для мяне? Беларускі народ страціў вялікага патрыёта, паэта, пісьменніка, навукоўца, маладога філосафа, нацыянальнага дзеяча…”.
Сапраўды так. Хведар Ільяшэвіч нарадзіўся ў Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі. Напісаў працу пра друкарню Дома Мамонічаў у Вільні (1575-1622). Выдаў пры жыцці тры зборнікі паэзіі, напісаў і апублікаваў сотні артыкулаў.
У перыяд акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі з дазволу германскіх улад у Беластоку 29 сакавіка 1942 года на беларускай мове пачала выдавацца газета “Новая дарога”, якая па сутнасці з’яўлялася органам Беларускага аб’яднання ў Беластоку і якую рэдагаваў Хведар Ільяшэвіч. Праўда, гэта была не першая пасля прыходу нямецкіх войск газета ў Беластоку. Да “Новай дарогі” выйшлі з друку два нумары газеты “Беластоцкі голас”, якія рэдагавалі Ільяшэвіч і Кандыба.
Сёння знайсці гэтыя два ну-мары “Беластоцкага голасу” цяжка. А вось “Новая дарога”, хаця і не ўсе нумары, захоўваецца ў абласных архівах Беларусі і ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А там – дзесяткі артыкулаў яе рэдактара…
У 1942-1944 гадах, як пісаў гісторык Юры Туронак, “рухаві-ком інтэлектуальнага жыцця ў Беластоку быў у той час вядомы паэт і гісторык, вілянчук Хведар Ільяшэвіч – старшыня Беларускага аб’яднання і рэдактар “Новай дарогі” (Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С.344). Сапраўды, Хведар Ільяшэвіч, жывучы ў Беластоку, працаваў і пісаў шмат. І дзе ён толькі знаходзіў час і сілы – рэдагаваць газету, пісаць вершы і вялікія артыкулы, інфармацыі пад рознымі псеўданімамі, наладжваць беларускія справы, арганізоўваць сустрэчы з беларусамі, мерапрыемствы, вырашаць школьныя праблемы. Ды яшчэ рабіць усё пад наглядам германскай улады, быць асцярожным і разважлівым, бо за ім пільна сачылі не толькі немцы, але і энкавэдысты.
Пасля Беластока Хведар Ільяшэвіч жыве і працуе на эміграцыі. Мае рацыю Лідзія Савік, калі адзначыла, што ён быў “адным з самых адукаваных у асяроддзі беларускай эміграцыі людзей: пісьменнік, навуковец, выдатны музыкант, педагог, валодаў нямецкай і англійскай мовамі” (Лідзія Савік. Пакліканыя. Мінск, 2001. С. 205).
Добра разумеючы ролю рэлігійнага выхавання, Хведар Ільяшэвіч змагаўся за Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, удзельнічаў у беларускіх грамадска-арганізацыйных з’ездах і нарадах, уваходзіў у склад Беларускага камітэта дапамогі англійскай зоны, у розных выданнях друкаваў свае артыкулы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Мак-сіма Багдановіча, Цёткі, Масея Сяднёва, Наталлі Арсенневай і іншых.
Хведар Ільяшэвіч быў арыгінальным паэтам. Яшчэ Язэп Найдзюк у часопісе “Шлях моладзі” (1936, №3) пісаў: “Галоўнай асаблівасцю твораў Ільяшэвіча ёсць вобразнасць. Гэта рыса ў яго вельмі характэрна ў сувязі з тым, што ён, падобны на Танка, парваў са старой формай верша і перадае свае вобразы не спосабам падробнага эпіцкага апісання, але пры дапамозе метафараў”.
У “Выбранае” складальнікі ўключылі 45 вершаў паэта. У іх паэт паказаў супярэчнасці тагачаснага горада, пісаў інтымную і пейзажную лірыку:
З змроку месячыкаў рожкі
Выплываюць ліхтарамі.
Ў небе зоркі-папяроскі
Сыплюць попел над дамамі.
Замест уласнай прадмовы, складальнікі кнігі паставілі артыкул Арсеня Ліса “Веснапесьні” Хведара Ільяшэвіча”, які першапачаткова быў апублікаваны ў “Творах” Ільяшэвіча (Маладзечна, 2000. Складальнік Міхась Казлоўскі), а потым у кнізе Арсеня Ліса “Gloria victis!” (Мінск, 2008). У ёй Арсень Ліс сказаў, што “пуцяводнай зоркай паэта была свабода Беларусі”. І гэта, сапраўды, так:
Залажыўшы рукі ў кішэні,
Я пайду кантыненты сустрэць –
Пранясу праз руіны і сьцені
Беларусі кляновую медзь.
Выхад “Выбранага” Хведара Ільяшэвіча – добрая справа, якую ажыццявілі яе складальнікі пад кіраўніцтвам Наталлі Гардзіенкі. Спадзяюся, што гэта толькі пачатак выданняў спадчыны нашага вялікага пісьменніка, тым больш, што праз чатыры гады споўніцца 100 гадоў з таго часу, калі Хведар Ільяшэвіч дэбютаваў у друку сваімі абразкамі і вершамі.
Сяргей ЧЫГРЫН.