Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
330 год таямніц, альбо новая кніжка пра Казіміра Лышчынскага

330 год таямніц, альбо новая кніжка пра Казіміра Лышчынскага

13 кастрычніка 2021, 18:19 Выданні 17
330 год таямніц, альбо новая кніжка пра Казіміра Лышчынскага

У сумнай гісторыі жыцця і смерці Казіміра Лышчынскага ўсё проста і зразумела толькі на першы погляд: жыў-быў шляхціц сярэдняй рукі, пазычыў грошы суседу, а той замест, каб аддаць з падзякай, напісаў данос, абвінаваціўшы крэдытора ў атэізме. На двары канец XVII стагоддзя, абвінавачаны трапляе ў вязніцу, а пасля – на вогнішча разам са сваім атэістычным трактатам, ад якога толькі і засталося, што быў ён вельмі атэістычны.

Чытаючы шматлікія, чаго тут хаваць, артыкулы, кнігі і дакументы, датычныя Казіміра Лышчынскага, немагчыма адпрэчыць адчуванне, што гэта сцэнар вострасюжэтнага серыялу “Юрыст, спалены на вогнішчы” ў стылі unreliable narrator, бліскуча рэалізаваны Уілкі Колінзам у класічным “Месячным камені”. Упэўненыя галасы ненадзейных або недасведчаных сведкаў ткуць супярэчлівую і шмат у чым непераканаўчую гісторыю. Што там казаць, гісторыю, у якую амаль немагчыма паверыць, калі б не надавала ёй незваротную сапраўднасць жудасная сцэна смяротнага пакарання: чалавеку адсякаюць галаву, цела спальваюць, а попелам страляюць з гарматы.

Глыбейшае знаёмства з гісторыяй Казіміра Лышчынскага здзіўляе, з аднаго боку, колькасцю пытанняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, а з другога – колькасцю дакументаў, якія патэнцыйна могуць гэтыя адказы прапанаваць, але дзесяцігоддзі ляжаць у архівах некранутымі.  Тым больш, што дзякуючы сучасным тэхналогіям шмат якія рэдкія выданні і нават архіўныя матэрыялы можна атрымаць праз інтэрнэт ма-лым коштам і не злазячы з канапы.

Уражваюць, не заўсёды прыемна, яскравыя характары. Вось інтэлектуал Лышчынскі, седзячы ў сваіх Лышчыцах, выпісвае ў таемны сшытак “чалавек ёсць творцам Бога”. Вось Пётр Станіслаў Грэк адчайна шукае шляхоў заняць добрую пасаду ў Берасцейскім ваяводстве. Вось Людвік Пацей бароніць на варшаўскім сойме свайго калегу і земляка Лышчынскага, але ў нейкі момант адыходзіць у цень – каб праз некалькі год зрабіць фантастычную кар’еру аж да найвышэйшай у Вялікім Княстве пасады ваяводы віленскага. А вось Анджэй Хрызастом Залускі, біскуп, лацініст, палітык і садыст у адной асобе, нават пасля смерці Лышчынскага не можа супакоіцца і распісвае на паперы тыя пакуты і здзекі, якія, на шчасце, у самых варварскіх сваіх падрабязнасцях не адпавядаюць рэчаіснасці. Вось і папскі нунцый Якуб Кантэльмі, які шкадуе, што не атрымалася ўжыць да абвінавача-нага “належныя” па стандартах інквізіцыі катаванні.

З расправы  над берасцейскім падсудкам паўстала і паўстае дагэтуль  шмат пытанняў. Часткаю – да ягоных сучаснікаў, але немалая доля – да даследчыкаў двух апошніх стагоддзяў. Можна зразумець, чаму савецкіх філосафаў (у большай ступені) і гісторыкаў (у значна меншай) надта ж цікавіў атэістычны трактат Лышчынскага, але падрабязнасці жыцця прадстаўніка паноўнага класу шляхты Рэчы Паспалітай былі забароненай тэмай. Нашмат цяжэй уцяміць, чаму асоба Лышчынскага, гісторыя яго роду, абставіны яго жыцця і дзейнасці на ніве асветы, палітыкі, правасуддзя, нарэшце, гісторыя яго міфа застаюцца ў значнай ступені па-за ўвагаю сучасных беларускіх гісторыкаў, нягледзячы на ві-давочную патрэбу ў пераасэнсаванні ранейшых ацэнак.

Прыкладам, даследчыкі дзесяцігоддзямі прастадушна пішуць пра пазыку ў сто тысяч талераў – грошы, ад якіх не тое што ў князя, але ў караля вочы загарэліся б. І гэта сярэдняе рукі шляхціц пазычае суседу? Адкуль такія капіталы і навошта яны Яну Казіміру Бжоску, які, мяркуючы па сціплых пра яго звестках, не будаваў над Мухаўцом другі Вярсаль і не ладзіў экспедыцыю для захопу Стамбула?

А ягоны крэдытор Лышчынскі, гэты прыхаваны граф Монтэ Крыста зямлі Берасцейскай? Спачатку езуітнавіцый, пасля соймавы палітык, паспяховы судовы чыноўнік і, урэшце рэшт, выкрыты блюзнер і “забойца Бога”, ён сапраўды пісаў у вольны ад шматлікіх заняткаў час лацінскі трактат, які па смеласці пераўзыходзіў усё створанае на той час у хрысціянскім свеце? Хто ён – чалавек, які паводле абвінавачвання ні больш ні менш кінуў выклік Богу, або правінцыйны дзівак і ахвяра суседскае хцівасці?

Кніга, якая прапануецца вашай увазе, не адказвае на ўсе гэтыя пытанні і не прэтэндуе на статус навуковае працы. Яе задача – сабраць і выкласці перад чытачом як мага болей пра лёс чалавека з роду Лышчынскіх, ягоную асобу і атачэнне, у якім ён жыў, працаваў і загінуў, ды пра памяць, якую аб сабе пакінуў. На першым плане не філасофія, а факты біяграфіі праз погляд юрыста – бо ў працэсе Лышчынскага з выключнай яскравасцю адлюстраваліся асаблівасці дзяржавы Рэчы Паспалітай і яе грамадства ў эпоху Контррэфармацыі, сутыкненне ідэалаў хай сабе феадальнай, але прававой дзяржавы, шляхецкай вольнасці і рэлігійнага фанатызму, адвечныя канфлікты паміж асобай, прагнай ісціны, грамадствам, прагным стабільнасці, і ўладай, прагнай… абсалютнай улады.

Калі гісторыя, выкладзеная на  гэтых старонках, падштурхне кагосьці працягнуць даследванні ў гэтым напрамку – цудоўна. Калі нехта з чытачоў вырашыць зрабіць тое ж сродкамі мастацтва – выдатна. Калі, нарэшце, нехта проста задумаецца над паралелямі паміж мінулым трохсотгадовай даў-ніны і нашай, не заўсёды прыўкраснай, рэчаіснасцю – таксама адна з мэтаў будзе дасягнутая.

Аркадзь Ліцьвін.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас