Так, мінуў год, нават болей, як Беларусь, дый шырэй, абляцела вестка пра знаходку ў нясвіжскіх Студзёнках. Краязнавец Аляксандр Абрамовіч натрапіў у склепе мясцовай жыхаркі на камень з высечанымі на ім словамі Адама Міцкевіча. Зразумела, абысці, пакінуць, нібыта і не бачыў, спадар Аляксандр не мог. Маючы вялікі досвед па гісторыі сваёй вёскі і вакольнай мясцовасці, ён пачаў аналізаваць, зводзіць канцы з канцамі, выбудоўваць магчымы ланцужок падзей, фармуляваць і агучваць пэўныя меркаванні па тэме “Міцкевіч і яго сучаснікі – гаспадары Студзёнак; гіпотэзы з’яўлення каменя”.
– Нагадайце, спадар Аляксандр, Вашы тагачасныя адчуванні і здагадкі пра гісторыю з’яўлення ў Студзёнках загадкавага каменя з надпісам.
– На ўсё жыццё захаваецца ўражанне: травеньская раніца, сыходжу па прыступках у склеп. Ён чысцюткі – ім здаўна не карысталіся. Камяні ў сценах, як цяпер ўжо разумею, з былой капліцы. Сонца высвечвае надпіс на камені ўнізе склепа. І такая замілаванасць! Хоць я яшчэ адразу і не разумеў, што і да чаго (фота 1).
А зацікаўленым, каб не паўтарацца, дзеля поўнага разумення пра мае здагадкі і сведчанні трэба ў сеціве прагледзець электронны часопіс ” Нясвіжскія каеты”- № 2 і № 5.
Які водгукі былі на Вашу знаходку? Вы задаволеныя імі ці расчараваныя?
– Калі ўвесці ў пошукавік ” Камень Міцкевіча”- процьма публікацый, ды і перадрукоўкі. А дакладна запачаткавалі : радыё “Рацыя”- Воля Сямашка і ”Белсат”- Алесь Кіркевіч. З’явілася яшчэ Інэса Кур’ян з артыкулам ”Легендарны камень Міцкевіча-фейк”. Нейкае абвінавачанне ў падмане, падробцы ды асабістае зневажанне. Ну ёсць жа камень – мацайце, вывучайце! Ёсць успаміны ксяндза Ежы Каліноўскага, наўрад ці хто закіне яму падман. “Хіба … Адам Міцкевіч мог быць у Студзёнках?” Ежы Каліноўскі, сын дачкі Марыі Путкамер (Верашчакі) Сафіі нарадзіўся ў 1859-м. У Студзёнках пахаваны пасынак Сафіі Віктар Каліноўскі (яна была мачыхай братоў Віктара і Юзафа – знакамітага айца кармеліта Рафала). Я гатовы да слушных і доказных пярэчанняў, але на гэта патрэбна навуковае даследаванне. Мне ж упэўнена запярэчылі ўжо праз дзень-другі. Уразіла, што той артыкул Інэсы Кур’ян быў апублікаваны ў гістарычным ARCHE-электронны варыянт.
Але дадавала душэўнай раўнавагі, падштурхоўвала да далейшых дзеянняў падтрымка годных беларускіх людзей. Мне шмат тэлефанавалі, цікавіліся, штосьці ўдакладнялі.
– Пра Вашы далейшыя дзеянні. Як удалося выбавіць камень, так бы мовіць, з палону? Дзе ён цяпер?
– Гэтай зімой не стала гаспадыні склепа, дзе знаходзіўся камень. Яе дачка дала пісьмовы дазвол на дэмантаж каменя са сцяны, пры ўмове, што склеп пасля гэтага будзе прыведзены ў належны выгляд. Камень быў у ніжнім розе скляпення. Разбіўшы падлогу і глыбока падкапаўшы, апусціў камень, падцягнуў на тросе трактарам да сходаў склепа. Далей дапамагалі Зміцер Юркевіч і Аляксандр Мачульскі. Трактарчыкам Т-25 падцягваў па рыштаванні камень . А ён, не кантовы, куляўся на бакі, яго стапарылі, раўнялі, перачаплялі трос, пацягвалі – і так безліч разоў. Калі б не хлопцы, то ўжо б кінуў. Ды і рызыка: памеры 125*95*55, граніту недзе 1,6 тоны. Аднаму аніяк не пад сілу. Дзякую маім памочнікам! (фота 2).
Пасля перапіскі з Нясвіжскім райвыканкамам падаў заяву ў Менаблвыканкам аб наданні статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці выяўленаму ў вёсцы Студзёнкі каменю з выбітым на ім выслоўем Адама Міцкевіча і вясковай сажалцы з дрэвамі. Мо хто можа паспрыяць станоўчаму рашэнню? Цяпер справа на разглядзе ў Менаблвыканкаме. А камень да часу займеў прытулак ў мяне на сядзібе, таксама чакае рашэння. Цікаўныя людзі заязджаюць, распытваюць, фатаграфуюцца ля каменя (фота 3).
Nie ginie, co ne starte w proch!
Nawet jesli to tylko apokryf dotyczacy biografii Adama Mickiewicza, to na samym koncu znajduje sie twardy jak kamen (wiec podatny na skruszenie buldo-zerem) dowod na prawdzie przekazu z odleglej o kilka pokolen i rezimow epoki (arturczesak).
Сапраўды не гіне! Не памятаю дзе падгледзеў гэтую альтанку-ратонду. Толькі камень я б паставіў у падобнай альтанцы, дзеля захавання, бо на ім ёсць трэшчына. І тут жа – сімвалічную выяву арфы: на захад ад сядзібы ў Студзёнках знаходзяцца злучаныя паміж сабою рэчкай два велікія ставы (сажалкі), якія Міцкевіч апісаў у паэме “Пан Тадэвуш” у восьмай кнізе “Наезд”:
“Ў фінал мушыных шумаў,
гоман птушак, здалі
Ставы два хорам здвоеным вось заспявалі,
Нібы каўказскія чароўныя азёры,
Што ўдзень маўчаць,
а ўноч вядуць перагаворы.
Адзін стаў, што быў ясны,
з берагам пясчаным,
Блакітнымі грудзьмі даў тон усхваляваны,
Другі, што з дном быў
цёмным і абліччам мутным,
Яму адказваў крыкам
жаласным, магутным.
У абодвух тых ставах
спявалі жабы зважна,
То сола перарывіста, то ў хор працяжна.
Адзін фарцісіма пяе, другі сціхае,
Той быццам чымсь абураны,
другі ўздыхае.
Так размаўлялі два ставы
з сабой праз поле,
Як быццам арфы дзве чароўныя Эола”.
Наш кар. Нясвіж.
Фота 1. Камень Міцкевіча.
Фота 2. Зміцер Юркевіч і Аляксандр Мачульскі з Аляксандрам Абрамовічам каля склепа.
Фота 3. Аляксандр Абрамовіч каля каменя на сваёй сядзібе.
Фота 4. Меркаваная альтанка для захавання і прэзентацыі каменя.