Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Шануйма і ведайма куточкі нашай Айчыны!

Шануйма і ведайма куточкі нашай Айчыны!

7 кастрычніка 2021, 19:35 Выданні 25
Шануйма і ведайма куточкі нашай Айчыны!

Радасна сэрцу, калі добрыя справы маюць працяг. Гэтае сцверджанне датычыцца розных галін жыцця чалавечага, у тым ліку – і справы кнігавыдавецкай. Калі плануецца і выходзіць друкам серыя кніг і гэтая серыя паступова разгортвае сюжэтную лінію краязнаўства, сувязі мінулых стагоддзяў і сучаснасці, то нельга пакінуць такое па-за ўвагай. Мы ж усе любім свой край? Вядома, што любім! Як любім, тады маем і ведаць аб ім, бо любоў значыць не толькі замілаванне прыгажосцю краявідаў, але і павагу, перш за ўсё – павагу да мінуўшчыны, да таго, чым жыў край у стагоддзях. У многіх мясцінах гісторыя пакінула свае сляды-адмеціны: у назвах, культавых камянях, помніках археалогіі і архітэктуры, у захаванай памяці аб лёсах выбітных дзеячоў навукі, мастацтва, ваеннай справы, гаспадаркі і палітыкі…

Але, пагорнемся да добрай справы. Гэтай справай, у межах рэалізацыі мясцо-вай ініцыятывы “Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка “Спадчына Міёрскага краю”, стала выданне працягу серыі “Чароўных вандровак пярсцёнкі”, а менавіта кнігі “Турыстычна-краязнаўчы маршрут “Дзісненскі пярсцёнак” (далей – “Дзісненскі пярсцёнак”, кніга). Аўтарам кнігі з’яўляецца кіраўнік гістарычна-краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага”, дырэктар Музейнага аб’яднання, што дзейнічае на базе Міёрскай сярэдняй школы №3 імя Я.А. Томкі, кіраўнік рэалізацыі адзначанай вышэй ініцыятывы, педагог, краязнавец і публіцыст – Вітольд (Вітаўт) Антонавіч Ермалёнак.

Кніга надрукавана ў Менску зусім нядаўна, яшчэ пахне свежай друкарскай фарбай. Тыражавала яе выдавецтва “Каўчэг” накладам у 300 асобнікаў, кожны з якіх мае ў сабе па 192 старонкі. Вокладка мяккая, расквечаная ў колеры арыгінальнага лагатыпу праекту “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянcкай супольнасці” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. У верхняй частцы вокладкі, на галоўным яе баку, адлюстраваны лагатыпы партнёраў у рэалізацыі праекту, у тым ліку – і герб горада Міёры.

“Дзісненскі пярсцёнак” – трэці арыгінальны турыстычны маршрут, які знайшоў сваё адлюстраванне ў шырокім друку, а папярэднічала яго выхаду публікацыя матэрыялаў па такіх маршрутах як “Малы залаты пярсцёнак Міёршчыны” ды “Бронзавы пярсцёнак” – усе аўтарства Вітольда Антонавіча Ермалёнка. Зазначу, што асабліва прыемна гартаць кнігу не толькі таму, што яна выдатная сваім зместам, але і таму, што часткай гэтага маршруту ў суполцы “арганаўтаў” на чале з аўтарам маршруту ўласна ездзіў. Прырода і старажытнасці, што трапляюцца на шляху “Дзісненскага пярсцёнка”, сапраўды захапляюць.

Цяпер да выдатнасцяў, якія чакаюць на чытача на старонках кнігі. Па-першае, – гэта арыгінальныя матэрыялы па гісторыі асобна акрэсленага кола нашай мясцовасці ад старажытнасці і да сучаснасці, сабраныя на працягу многіх гадоў руплівай і нястомнай пошукавай працы ў “полі” (паходах, вандроўках, разведках) і ў даследаванні здабытых артэфактаў падчас “кабінетнай” (фондавай) працы. Гэтая інфармацыя сама па сабе мае велізарную каштоўнасць для нас. Па-другое, адзначым, канешне, выявы, змешчаныя па ўсім бегу старонак кнігі. Чым яны адметныя? Раскрыем гэтую акалічнасць: на іх мы бачым удзельнікаў паходаў – гурткоўцаў-“арганаўтаў”, якія зрабілі дзейсным, праехалі і перажылі ва ўражаннях і працы першасна тэарэтычны маршрут; партрэты вядомых асоб даўняга часу і сучаснасці; выявы краявідаў, помнікаў архітэктуры і археалогіі, помнікаў на некропалях у тым стане, у якім іх заспелі вандроўнікі-даследчыкі таямніц краю. Цікава, што некаторыя з помнікаў, якія знайшлі свой адбітак у аб’ектыве фотаапарата краязнаўцаў, ужо не існуюць, таму сама па сабе іх фіксацыя выступае ў якасці каштоўнай крыніцы для будучых даследаванняў. Гэта, напрыклад, датычыцца гожай старасвецкай агароджы царквы Святога Мікалая ў вёсцы Чэрасы. Яна складалася з шэрагу “слупкоў” з чырвонай цэглы, кожны з якіх меў аркападобнае закругленне ўверсе, а ў цэнтры – разынкавую муроўку з дробных каменьчыкаў. Паміж слупкамі пралётамі была замацавана трывалая каваная агароджа ў выглядзе жалезных пруткоў са стрэльчатымі навершамі. Нажаль, агароджа гэтая была зруйнавана зусім нядаўнім часам. Але фотафіксацыя ўратавала яе для нашай памяці і памяці нашчадкаў. Па-трэцяе, такі паспя-хова ўкладзены вопыт з’яўляецца прыкладам для іншых краязнаўцаў нашай краіны, як у даследчай працы, так і ў выдавецкай справе. Па-чацвёртае, кожны ахвотны можа вывучыць прапанаваны ў кнізе маршрут і праехаць “Дзісненскі пярсцёнак” на машыне або на ровары, ды, на аснове кнігі, знайсці галоўныя помнікі ў вызначанай ваколіцы, а таксама зразумець іх каштоўнасць для гісторыі кожнай мясціны і Беларусі агулам.

Восенню добра адкрыць за кубкам гарачай гарбаты ці кавы файную кнігу, пашамацець яе старонкамі і пакінуць у памяці асаблівы адбітак адчутага каларыту, які для кожнага будзе сваім і тым яшчэ больш дарагім сэрцу. “Дзісненскі пярсцёнак” выдатна пасуе такой мэце. Пазнаёміцеся з ім зараз, а ўвесну ці ўлетку – наперад, праедзеце яго і праверыце ўласным вопытам! Давайце шанаваць і ведаць свой край, хто б з якога куточку родам не быў, але Айчыну маем адну – Беларусь!

 

Бібліяграфічная спасылка:

Ермалёнак, В.А. Чароўных вандровак пярсцёнкі. Кніга 2. Турыстычна-краязнаўчы маршрут “Дзісненскі пярсцёнак” / Вітаўт Ермалёнак. – Мінск : Каўчэг, 2021. – 192 с. : іл.

Ігар Кандратовіч,

сябар гістарычна-

краязнаўчага гуртка

“Арганаўты мінулага”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Далучайцеся да нас