27 жніўня ў філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” для дзяцей з аматарскага аб’яднання “Крынічка” (ДУА “Яслі-сад № 18 г.Ліды”) і ДУА “Яслі-сад № 26 г. Ліды” прайшла незвычайная сустрэча. Дзяўчынак і хлопчыкаў запрасілі на прэзентацыю кнігі Алены Запаснік “Падарунак чараўніка”.

Алена Запаснік нарадзілася ў 1999 годзе ў гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна. Выпускніца педагагічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З’яўляецца ўдзельнікам Клуба маладога літаратара, які заснаваны на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ. Піша экалагічныя казкі і казкі на развіццё артыкуляцыі.
Алена Запаснік стварыла сапраўдны падарунак маленькаму чытачу. На старонках кнігі дзеці сустрэнуць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія трапляюць у незвычайную сітуацыю і знаходзяць спосабы выхаду з яе. Тут ажываюць жывёлы, птушкі, кветкі і нават садавіна, і нічога дзіўнага няма – бо ў казцы ўсё магчыма. Тым больш, што казкі гэтыя не простыя, а педагагічныя, вучаць дзяцей лепш даведацца пра навакольны свет, вырасці добрымі, смелымі і разумнымі.

Сваё выступленне аўтар кнігі, Алена Запаснік, пачала са знаёмства дзяцей з прафесіяй пісьменніка, трохі распавяла аб тым, як нараджаецца кніга і трапляе ў рукі чытача. А потым дзеці адправіліся ў падарожжа па чароўных казках. Даведаліся, хто ў лесе самы незвычайны, дзецям распавялі, што цацкі на самай справе чароўныя і іх трэба берагчы, любіць і не крыўдзіць. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з казкай “Сумны анёл” і падарылі шмат усмешак, паслухаўшы вясёлую казку пра Банан і Яго Дзень нараджэння. А казка “Запалкі – дзецям не цацкі!” стала завяршальнай для дзяцей, аўтар кнігі распавяла ў ёй пра тое, што ні ў якім разе дзеці не павінны чапаць запалкі без дазволу бацькоў і быць акуратнымі з агнём.

У канцы прэзентацыі Алена Запаснік зрабіла прыемны падарунак бібліятэцы, падарыла некалькі сваіх кніг з яркімі, маляўнічымі ілюстрацыямі і выдатнымі казкамі. Гэтыя кнігі зоймуць сваё ганаровае месца на кніжнай паліцы і будуць чакаць чытачоў.
Кацярына Сандакова,
бібліятэкар аддзела бібліятэчнага
маркетынга ДУК “Лідская раённая
бібліятэка імя Янкі Купалы”.

