27 жніўня Вярхоўны суд пачаў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Паседжанне пачалося ў 15.00. Ад ТБМ адказчыкамі выступалі: старшыня ТБМ Алена Анісім, намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік, старшыня Рэвізійнай камісіі ТБМ Мікола Бамбіза. Паседжанне ішло на беларускай мове, але да разгляду справы па сутнасці суд у гэты дзень не прыступіў.
На пачатку паседжання старшыня ТБМ Алена Анісім выступіла з хадайніцтвам адкласці разгляд справы. Пракурор хадайнітва старшыні ТБМ падтрымала, прадстаўнік Міністэрства юстыцыі не пярэчыў. Разгляд справы быў адкладзены
Справа ў тым, што Алена Анісім 26 жніўня падала дакументы на абскарджанне другога папярэджання, вынесенага ТБМ Міністэрствам юстыцыі, і хадайнічала аб яго адмене.
15 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку – маніторы, сістэмныя блокі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесніка пракурора Менска.
Менавіта ў гэтыя дні Мінюст патрабаваў ад ТБМ прадставіць дакументацыю. Частку дакументаў ТБМ прадставіла адразу. Замінка ўзнікла з бухгалтарскімі дакументамі. Справа ў тым, што бухгалтар ТБМ летась памерла ад сардэчнай недастатковасці, таму бухгалтарскія дакументы былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч – галоўнага бухгалтара “Нашай Нівы”, якая дапамагала ТБМ у гэты складаны час па дамове падраду. Па просьбе старшыні ТБМ Алены Анісім бухгалтарка была вызвалена са Следчага камітэта, і бухгалтарскія дакументы адразу былі прадстаўлены на праверку.
Тым не менш, ТБМ ужо ў дзень ператрусу 15 ліпеня атрымала першае пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Другое папярэджанне было вынесена 19 ліпеня.
– У папярэджаннях былі фармальныя прычэпкі, нічога сур’ёзнага, таму будзем змагацца далей, – гаворыць Алена Анісім.
Дата разгляду скаргі ТБМ Вярхоўным судом пакуль не вызначана.
Што будзе далей?
Не будзем гадаць пра вынікі разгляду скаргі і вынікі завяршэння ўсёй справы. Сёння мы можам канстатаваць толькі наступнае:
– праблемы беларускай мовы ў Беларусі нікуды не дзеліся і не дзенуцца самі па сабе;
– большасць з 52, зарэгістраваных у мясцовых органах улады, раённых і гарадскіх арганізацый ТБМ знаходзяцца ў баегатовым стане і працягваюць дзейнасць;
– працягваюць дзейнасць сотні зарэгістраваных у органах улады і ў структурах ТБМ суполак аб’яднання.
Таму, у той ці іншай форме змаганне за беларускую мову будзе працягвацца. Безумоўна, незалежна ад вынікаў суда, мы павінны зрабіць з сітуацыі самыя сур’ёзныя высновы, каб 30-гадовую дзейнасць ТБМ нельга было перапыніць “за дзве коскі” ў дакументах.
Станіслаў Суднік.