Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Маё знаёмства з Алесем Разанавым

Маё знаёмства з Алесем Разанавым

9 верасня 2021, 21:15 Культура 24
Маё знаёмства з Алесем Разанавым

У 70-я гады 20-га стагоддзя беларускага ў Менску было мала, беларускамоўных  было яшчэ менш. Пэўна ж, недзе трохі былі, але мне, вясковаму хлопцу, які вучыўся ў вайсковай вучэльні, нікога ў Менску не ведаў, знайсці які асяродак беларушчыны было вельмі цяжка. Тым больш, што першыя тры гады вучэльні – гэта казарма, выхад толькі ў звальненні  і то з вялікай цяжкасцю – душу з цябе дастануць, пакуль выпусцяць: не павінна быць двоек ды і троек, павінен здаць усе нормы на перакладзіне, ну і апошні іспыт – гэта форма вопраткі. Калі шынель падрэзаны чуць вышэй, калі шкарпэткі не таго колеру і г.д., нікуды ты не пойдзеш. Але ж вырываліся. На 4-м і 5-м курсах выхад быў вольны, было прасцей.

Першым беларускамоўным чалавекам, якога я сустрэў у Менску, была паэтэса Святлана Каробкіна. Яна працавала ў кнігарні “на рагу”. Я туды ездзіў не так, каб што купіць, адкуль у курсанта грошы, ды і дзе тыя кніжкі трымаць, як для таго, каб перакінуцца адным-другім беларускім словам. Святлана пазнаёміла мяне з Алесем Міткаўцом з Гомеля, якога нядаўна былі выключылі з БДУ за нацыяналізм, а Алесь пазнаёміў мяня са сваімі сябрамі з БДУ Ігарам Чарняўскім і Міколам Нікалаевым, якія жылі ў адным пакоі інтэрната БДУ. У іхні інтэрнат неяк свабодна пускалі, бо ў іншыя то не вельмі, а можа мяне пускалі, што ў форме быў, не памятаю. Так я трапіў на край беларускага колка ў БДУ. Яно было больш шырокае, але іншых яго сяброў я тады не ведаў.

І вось аднойчы, калі я прыехаў у інтэрнат БДУ, гэта была зіма з 1976 на 1977, а можа з 1975 на 1976, нехта сказаў, што ў Менск пераехаў Алесь Разанаў, што атрымаў кватэру на Нямізе. І, не адкладваючы справы ў доўгую скрынку, вырашылі схадзіць у госці. Хто такі Разанаў, мы ведалі, пра 1967 год ведалі, вершы, прынамсі некаторыя, чыталі. Хлопцы аднекуль ведалі адрас. Ну і пайшлі на тую Нямігу. Без дамовы, без тэлефоннага званка. Які званок, можа, яшчэ і тэлефона не было ў новай кватэры.

Пазванілі, зайшлі. Хто, што? Ніхто, шішто. Проста зайшлі да паэта. У кватэры было добра відно, што гаспадар заехаў сюды нядаўна. Пасярод аднаго пакоя ляжаў ладны стажок кніг. Там іх тысяч некалькі было. Ці то расставіць не паспеў, а можа яшчэ і не было куды, бо купіць мэблю тады было не проста і не хутка.

Селі і гаварылі. Пра што, дык ужо і не згадаць. Але гаварылі шчыльна, густа. Мы, калі ішлі, у госці ж як-ніяк, беларусы ж як-ніяк, каб не з пустымі рукамі, купілі бутэльку “марачнага” віна. Але гаворка ішла так, што за некалькі гадзін мы не змаглі выбраць момант, каб тую бутэльку паставіць на стол, прапанаваць разам выпіць. Мабыць, не дазволіла рознасць вышыні постацяў у той гаворцы. Настолькі гаспадар Алесь (слова “спадар” тады мы яшчэ не ўжывалі), настолькі Алесь Сцяпанавіч быў ментальна вышэй за нас. Так і пайшлі з той бутэлькай назад. Пайшлі напоўненыя беларушчынай, можна сказаць, хмельныя ад беларушчыны.

Праз шмат гадоў, недзе ў нулявыя, на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў я падышоў да Алеся Разанава і спытаў, ці памятае ён той візіт курсанта і двух студэнтаў, хацеў расказаць, хто кім стаў. Нажаль, не памятаў. Не прыкідваўся, што нешта прыпамінае, проста не памятаў.

Хто такі Ігар Чарняўскі, былы кіраўнік дэпартамента аховы помнікаў гісторыі і культуры, ведае ўся абазнаная Беларусь, хто такі Мікола Нікалаеў з Пецярбурга, Беларусь таксама ведае. Пасля 70-х я сустрэўся з Міколам адзін раз у Лідзе на вакзале. Ён ехаў з Гародні, патэлефанаваў, я падскочыў на вакзал.

З Ігарам апошні раз бачыліся на пахаванні Ніла Гілевіча. Але мы яшчэ ўсе жывыя, а вялікага паэта Беларусі Алеся Разанава ўжо няма.

Вечная яму памяць і ў дадатак вось гэты мой успамін. Ці не больш за дзве гадзіны доўжыўся той візіт, аж, пэўна, і ён спрычыніўся да таго, што ніхто з нас не скаціўся з беларускага поля.

Беларускае неба яго душы, а памяць пра паэта няхай будзе тут, між людзей.

Станіслаў Суднік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4115
Далучайцеся да нас