Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі павіншавалі з 60-годдзем былога дырэктара ўстановы доктара педагагічных навук, прафесара Рамана Сцяпанавіча Матульскага, які прысвяціў 18 гадоў плённай дзейнасці галоўнаму кнігасховішчу краіны.
Пад яго кіраўніцтвам Нацыянальная бібліятэка Беларусі была моцна мадэрнізавана і ператварылася ў сучасны навукова-даследчы і сацыя-культурны цэнтр і стала лідарам у краіне і арганізацыйна-метадычным цэнтрам у галіне бібліятэказнаўства, месцам правядзення міжнародных кангрэсаў і канферэнцый, прысвечаных важнам датам у гісторыі айчыннага кнігадрукавання, стала захавальнікам больш за 450 тысяч электронных нацыянальных дакументаў.
Раман Матульскі нарадзіўся 16 жніўня 1961 года ў в. Навасельцы Львоўскай вобласці на Украіне. Яго бацька Сцяпан Фёдаравіч працаваў бібліятэкарам і паўплываў на прафесійны выбар сына. У 1976 годзе пятнаццацігадовы Раман паступіў на бібліятэчнае аддзяленне Самборскага культурна-асветніцкага вучылішча, а па заканчэнні яго ў 1979 годзе ён працягнуў прафесійную адукацыю ў Менскім інстытуце культуры на факультэце бібліятэказнаўства і бібліяграфіі.
У жніўні 1983-га пасля заканчэння Інстытута ён паступіў на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі), але ўжо ў лістападзе быў прызваны ў шэрагі Савецкай Арміі.
У 1988 годзе, адпрацаваўшы больш за два гады загадчыкам аддзела Менскага інстытута культуры, Р.С. Матульскі быў залічаны ў аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, і ўжо ў 1991-м датэрмінова і з поспехам абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Бібліятэчная статыстыка: сучасны стан і перспектывы ўдасканалення”. У выніку яму былі прысвоены кваліфікацыя педагога-даследчыка і вучоная ступень кандыдата педагагічных навук, у 1997 годзе – вучонае званне дацэнта.
Больш за шэсць наступных гадоў прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці на кафедры бібліятэказнаўства Беларускага дзяр-жаўнага ўніверсітэта культуры. 2003 год для Р.С. Матульскага стаў лёсавызначальным: ён абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Бібліятэка як сацыяльны інстытут: тэарэтыка-метадалагічны аспект” і ўзначаліў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Раман Сцяпанавіч валодае талентам і ўменнем спалучаць функцыі адміністратара, вучонага, педагога, грамадскага дзеяча. У 2006 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Ён удзельнік шматлікіх калегіяльных органаў кіравання, навуковых і грамадскіх арганізацый не толькі Рэспублікі Беларусь, але і замежжа. Раман Сцяпанавіч стаў адным з першых у Беларусі, хто неаднаразова атрымліваў розныя гранты міжнародных фондаў і тым самым меў магчымасць павышаць кваліфікацыю і вывучаць вопыт бібліятэк Еўропы і Амерыкі. Так, у перыяд з 1993 па 1998 гады ён прайшоў стажыроўкі ў бібліятэчна-інфармацыйных установах Галандыі, Германіі, Польшчы, ЗША.
Дні бібліятэк Беларусі ў рамках Міжнароднай штогадовай канферэнцыі “Бібліятэкі і інфармацыйныя рэсурсы ў сучасным свеце навукі, культуры, адукацыі і бізнесу”, праекты “Беларусь сёння”, “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, “Беларусь і Біблія” – далёка не поўны пералік гран-дыёзных ініцыятыў, ідэйным натхняльнікам якіх стаў Р.С. Матульскі. Яго актыўная жыццёвая пазіцыя і незвычайныя арганізатарскія здольнасці садзейнічалі таму, што Беларусь заняла ўстойлівую лідарскую пазіцыю ў міжнароднай бібліятэчнай супольнасці. Раман Сцяпанавіч заўсёды па-майстэрску сумяшчае працу з навуковай дзейнасцю, без якой сябе проста не ўяўляе.
Р. Матульскі даследаваў гісторыю бібліятэк Полацкага Сафійскага сабора, Віленскага і Полацкага езуіцкага калегіюмаў, Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў і іншых старажытных кнігазбораў.
У 2017 годзе за працу па факсімільным узнаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францішка Скарыны калектыву ўстановы была прысуджана прэмія “За духоўнае адраджэнне”.
Р.С. Матульскі – аўтар больш за 400 навуковых, навучальных, даведачных і метадычных прац у галіне бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці, у тым ліку 8 манаграфій. Свае паўнамоцтвы Р.С. Матульскі перадаў новаму дырэктару Аксане Кніжнікавай.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.