Сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што пазоў Міністэрства юстыцыі супраць Таварыства беларускай мовы разгледзіць Вярхоўны суд а 15-й гадзіне 27 жніўня.
Разам з тым кіраўніцтва ТБМ на момант здачы газеты ў друк не атрымала ніякіх папер пра тое, што гэты суд будзе.
А ён хутчэй за ўсё будзе, бо 23 жніўня ТБМ атрымала ліст, што 20 жніўня мусіла адбыцца дасудовае апытанне. Адпаведна старшыня ТБМ Алена Анісім на гэтае апытанне не трапіла.
Разам з лістом з Вярхоўнага суда прыйшла “Зыскавая заява аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
У заяве ў прыватнасці адзначаецца:
“Міністэрствам юстыцыі ў рамках прадстаўленых Законам “Аб грамадскіх аб’яднаннях” паўнамоцтваў у ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” 6 ліпеня 2021 г. былі запытаны інфармацыя і дакументы для правядзення кантрольных мерапрыемстваў адносна дзей-насці дадзенага грамадскага аб’яднання….”.
Выстаўлены ў прыватнасці наступныя прэтэнзіі:
“… у Міністэрства юстыцыі не прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць юрыдычных адрасоў у арганізацыйных структур ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”…
“… грамадскае аб’яднанне не выканала патрабаванне заканадаўства ў часткі давядзення да ўсеагульнага ведама шляхам размяшчэння ў сродках масавай інфармацыі ці на сваім афіцыйным сайце ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт адпаведнай інфармацыі (справаздачнасці) пра сваю дзейнасць, па-ступленні і выдаткоўванні грашовых сродкаў і іншай маёмасці…”.
ТБМ дадзеную справаздачу размясціць на сваім сайце не магло, бо сайт быў заблакаваны, таму ў пісьмовым выглядзе своечасова накіравала ў Міністэрства юстыцыі, але:
“… З просьбай пра размяш-чэнне такой інфармацыі (справа-здачнасці) на афіцыйным Інтэр-нэт-партале Міністэрства юс-тыцыі дадзенае грамадскае аб’яднанне не звярталася”.
Загадам Міністэрства юстыцыі ад 19 ліпеня 2021 г. № 169 ГА “Грамадства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” было вынесена пісьмовае папярэджанне. Грамадскае аб’яднанне абавязана было прыняць меры па ўхіленні парушэнняў.
ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” размясціла справаздачу на сайце газеты “Наша слова” nslowa.by, але давесці інфармацыю пра гэта ў вызначаны тэрмін да 5 жніўня 2021 года не паспела, і атрымала пазоў аб ліквідацыі.
Трэба ўлічваць, што на перыяд гэтай дзейнасці ў ТБМ па-мерла ад каронавіруса бухгалтарка, канфіскаваны кампутары, дзейнасць сядзібы паралізавана з-за немагчымасці правядзення масавых мерапрыемстваў па прычыне ковідных абмежаванняў, лісты проста залежваліся на пошце.
Фактычна на момант суда Таварыству можна прад’явіць толькі дробныя бюракратычныя недахопы “не папрасілі размясціць справаздачу на сайце Міністэрства юстыцыі”. Справаздачу прадставілі, а вось паклон не адбілі, размясціць на сайце не папрасілі. Ды, хто б там ведаў, што тая просьба патрэбная.
І за гэта зачыняць ТБМ?
Станіслаў Суднік.