Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позве Міністэрства юстыцыі ўзбудзіў справу аб ліквідацыі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” за перанос даты З’езду беларусаў свету. Легітымнасць гэтага пераносу раней была пацверджана тым самым Мінюстам.
20 жніўня Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” атрымала ліст з Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь з прапановай да ўпаўнаважанага прадстаўніка Згуртавання 25 жніўня з’явіцца на гутарку ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва. Такім чынам, стала вядома, што Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь узбудзіў справу аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Аказваецца, Міністэрства юстыцыі пастанавіла, што ад 15 ліпеня 2021 г. кіруючы і кантро-льна-рэвізійны органы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” з’яўляюцца не-легітымнымі, а 27 ліпеня 2021 г. Міністэрства нават выключыла інфармацыю адносна кіраўніка “Бацькаўшчыны” з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Прычына – перанос VIII з’езда беларусаў свету на наступны год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каронавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС “Бацькаўшчына”.
Пры гэтым рашэнне аб пераносе з’езда прымалася пасля кансультацый з Мінюстам: якім чынам правесці гэтую працэдуру, каб не парушыць ні заканадаўства, ні Статут. Менавіта Мінюст пацвердзіў, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне, пасля чаго пытанне пераносу было вынесена на пісьмовае галасаванне сябрам Вялікай Рады.
Нагадаем, што яшчэ раней цягам пазапланавай праверкі Згуртавання “Бацькаўшчына”, распачатай Мінюстам у першай дэкадзе ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні:
– першае – за нявыкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;
– другое – за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня “Бацькаўшчына” не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.
Ліквідацыя парушэнняў не ўяўлялася магчымай праз тое, што ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатана Следчым камітэтам. Да гэтага часу невядома, што менавіта было сканфіскавана на офісе Згуртавання. Сёння, 20 жніўня арганізацыя атрымала адказ ад Следчага камітэта, з якога вынікае, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа “па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК”.
Нагадваем, што МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” было створана ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і працавала ўсе гэтыя гады, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі. Згуртаванне ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці праз выхаванне павагі і паглыбленне ведаў пра родную мову, культуру, гісторыю; паслядоўна выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа. Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон “Аб беларусах замежжа”, а з’езды беларусаў свету “Бацькаўшчыны” сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.