Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Выбіраю тое, што магу зрабіць

Выбіраю тое, што магу зрабіць

31 жніўня 2021, 18:55 Культура 25
Выбіраю тое, што магу зрабіць

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры 13 жніўня адбылося чарговае паседжанне клуба “Вытокі”. Зацікаўленыя ўдзельніцы, жадаючы пазнаёміцца з чымсьці новым, спяшаліся на сустрэчу з самабытнай мастачкай Гарадзеншчыны Ганнай Пуйдак. 

– На ўвесь летні перыяд ва ўстанове працуе аўтарская выстаўка Ганны Іванаўны пад назвай “Магічныя травы”. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўлена ў двух накірунках: вышыўцы ў тэхніцы крыжа і фларыстыка ў плоскасці, – распавядае малодшы навуковы супрацоўнік Марына Вячаславаўна Савіцкая, – галоўная задумка экспазіцыі – гэта паказ прыгажосці і росквіту лета, хараства прыроды, таму шматлікія работы аўтара на іншую тэму мы аставілі да наступнай нагоды сустрэцца яшчэ.

Ганна Іванаўна свой творчы шлях пачала з ранняга дзяцінства. Галоўным наватарам ідэй і надхняльнікам для яе была мама, а першым інструментам у працы стала іголка. “Мама сядзела за кроснамі, а я вышывала” – згадвала Ганна Іванаўна. Цяжка пералічыць, колькі сарочак, сурвэтак ды ручнікоў упрыгожаны рукамі майстрыхі. І па цяперашні час, як іголка з ніткай, неразрыўна з паўсядзённым жыццём спадарожнічае з жанчынай творчасць, ствараючы непаўторныя вобразы ў розных напрамках дэкаратыўна-мастацкай дзейнасці.

Вельмі плённым для Ганны Іванаўны быў час захаплення роспісам па шкле. Пад уплывам еўрапейскай моды на тэрыторыі Беларусі ў 50-я гг. мінулага стагоддзя паўсямесна быў распаўсюджаны народны роспіс па шкле. Найбольш папулярнымі матывамі служылі букеты кветак, ідыялістычныя сцэнкі з выявамі людзей і жывёл, улюблёных пар, радзей – біблейскіх сюжэтаў. На гатовы роспіс накладалася каляровая фальга, дзякуючы чаму, паверхня зіхацела і перадавала празрыстасць шкла.

– Час роспісу для мяне прыйшоўся на 60-я гг. Таму спрыяла хваля запатрабаванасці ў нашай мясцовасці. Аднавяскоўцы набывалі і ўпрыгожвалі хатні інтэр’ер такімі карцінамі. Асабліва ўрачыста выглядаў роспіс акладаў у праваслаўных абразах, калі яны віселі групай, пакрытыя набожнікамі, – працягвае свой аповед Ганна Іванаўна, – і мне хацелася маляваць такія аклады на сваіх каталіцкіх. Пачытаць, як гэта зрабіць і павучыцца не было ў каго. Купіла пяро, асадку, туш, “Ленинградские” фарбы і праз памылкі дабівалася задавальняльнага выніку сама. І ў гэтай справе садзейнічала і дапамагала мне мама.

Ганна Іванаўна на практычным занятку з удзельнікамі клуба “Вытокі” дала майстар-клас роспісу па шкле, падзяліўшыся асноўнымі сакрэтамі майстэрства. З хатняй калекцыі мастачка прадставіла гледачам некалькі работ з выявамі кветак, варыянты акладаў на абразах.

Шмат пытанняў атрымала Ганна Іванаўна пра фларыстыку – разнастайнасць дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з прыродных матэрыялаў. Гэта вельмі старажытны род заняткаў. Ён патрабуе навыкаў назірання за навакольным светам, ведаў па зборы і захаванні зёлак, асноў колеразнаўства і кампазіцыі.

– У мяне шматгадовы вопыт, дзе і калі знайсці той ці іншы патрэбны колер на лісці або кветках. Падкажу, што зёлкі можна нарыхтоўваць у любую пару года, а вялікая колькасць казурак ляжыць на ўзбочынах дарог, якія гінуць, трапляючы на шкло сустрэчных машын. Правільна засушаныя матылькі і казуркі гарманічна дапаўняюць і ажыўляюць кветкавыя нацюрморты. Граматна зложаныя кампазіцыі захоўваюць сваю калер да 6 гадоў! Насычанасць будзе павольна затухаць, калі работы аддаліць ад прамых сонечных прамянёў, – працягвае гаворку аўтар.

Дарэчы, фларыстычныя работы Ганны Іванаўны знаходзяццаў ва ўласных калекцыях знатакоў мастацтва Беларусі, Расіі, США, В’етнама і інш. дзяржаў.

У жыцці здараецца так, што людзі, атрымаўшы мастацкую адукацыю, не маюць прафессійнага росту. У выпадку з нашай гераіняй усё наадварот. Не маючы мастацкай адукацыі, але пастаянна займаючыся самаадукацыяй, жанчына сама сябе падняла на высокі прафессійны ўзровень. На пытанне, чым з’яўляецца для яе мастацтва: хоббі ці работай, адказ быў упэўнены і кароткі: “Хоббі для мяне рыбалка, а заняткі творчасцю – неабходнасць майго існавання!”

– Я паважаю розныя накірункі дзейнасці, але ў мастацтве выбіраю тое, што магу сама засвоць і зрабіць! – на развітанне сваім удзячным гасцям адказала Ганна Іванаўна.

Ірына Дыдышка,

метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ

“Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2516
Далучайцеся да нас