Землі, па якіх цячэ рэчка Лебяда, як і ўся Лідчына, знаходзяцца на тэрыторыі колішняга яцвяжскага племені дайнава. Дайна па-яцвяжску – песня. Таму дайнаўцаў можна назваць песенным народам. Дык і не дзіва, што на Лідчыне спяваюць: усюды, многа і прыгожа. Па законе прыроды адходзяць пакаленні, узрастаюць новыя, адходзяць і песні.
Клопат захаваць, запісаць гэтыя песні з’явіся яшчэ ў пачатку 19-га стагоддзя. Не будзем тут, аднак, імкнуцца пераказаць гісторыю беларускага фальклоразнаўства. Засяродзімся на Лідчыне.
У 1992 годзе ў Польшчы выйшла кніга Земавіта Фядэцкага з маёнтка Лебяда Лідскага павета “Цёплыя вечары ….. ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Fieliksowie”, у якую ўвайшлі беларускія народныя песні, запісаныя пераважна ў вёсцы Феліксава Лідскага раёна ў 1942-43 гадах. Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабой: і праз вайну, і праз пасляваенную разруху, і праз варшаўскі побыт, такі далёкі ад страчанай, як падавалася, навек Беларусі. За ўсім гэтым бачна вялікая любоў Земавіта Фядэцкага да малой радзімы. І ра-дзіма адказала яму такой жа любоўю. У 2017 годзе на Лідчыне па ініцыятыве рэдактара часопіса “Лідскі летапісец” і газеты “Наша слова” Станіслава Судніка, і дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” быў заснаваны адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага. Гэта адбылося ўсяго праз восем гадоў пасля смерці Фядэцкага, што і многім вялікім было б за гонар.
Сёлета фестваль праходзіў ужо ў трэці раз і ўжо па традыцыі пачаўся з загалоўнай песні “Цёплыя вечары…” ў выкананні жаночай фальклорнай групы з Мажэйкаўскага Дома культуры. Сёлета выступленні адбываліся на адкрытай пляцоўцы ў самым цэнтры Мажэйкава, і песні як і некалі разляталіся далёка па наваколлі, магчыма, дасягалі і недалёкага таго самага Феліксава.
У конкурсе бралі ўдзел 12 удзельнікаў (выканаўцаў і калек-тываў) з усёй Лідчыны. Майстар-клас даваў Заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” з Ракава Ва-ложынскага раёна пад кіраўніцтвам Лізаветы Пятроўскай.
Гучалі песні са зборніка Земавіта Фядэцкага, а таксама запісаныя ў розных іншых вёсках Лідскага раёна.
Доўгі час зборнік Земавіта Фядэцкага лічыўся адзіным зборнікам лідскага песеннага фальклору. Аднак у 2018 годзе падчас працы над дакументальнай аповесцю пра славуты род Іваноўскіх з Лябёдкі (сённяшняя вёска Галавічполле) лідскі пісьменнік Леанід Лаўрэш знайшоў інфармацыю пра тое, што Алена Іваноўская , сястра беларускага нацыянальнага дзеяча Вацлава Іваноўскага , выпускніца Кембрыджскага ўніверсітэта ў перыяд недзе ад 1905 да 1912 года запісала ў ваколіцах Лябёдкі вялікую колькасць беларускіх народных песняў. І недзе праз 110 гадоў пасля запісу на Лідчыне прагучалі дзве песні са зборніка “Закуй, закуй, зязюленька рана…” Алены Іваноўскай, які быў выдадзены да фестывалю пры чынным удзеле газеты “Наша слова”.
Выстпленні ўдзельнікаў можна было слухаць без канца. Але конкурс ёсць конкурс, і журы, якое ўзначальваў рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік, было вымушана вызначаць пераможцаў.
Лаўрэатамі І ступені сталі:
- Жаночы фальклорны гурт, філіял “Мажэйкаўскі Дом культуры”;
- Філіпава Аляксандра, Жыдзіс Данута, Кавалеўская Зінаіда (“У канцы грэблі шумяць вербы”), в. Мінойты.
Лаўрэаты ІІ ступені:
- Кароль Іван, (песня “Ходзіць туман”, са зборніка З. Фядэцкага), аг. Ваверка;
- Сакалоў Дзмітрый (“А ў полі бяроза”), п. Першамайскі.
Лаўрэаты ІІІ ступені:
- Парфенчык Інэса (“Сабірала дзяўчынунька” са зборніка А. Іваноўскай), аг. Бердаўка;
- Фальклорнае аматарскае аб’яднанне “Ульяніца”, філіял “Ганчарскі Дом культуры”.
Усе астатнія атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.
Трэці фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага паспяхова адбыўся. І гледзячы па тым, што акрамя носьбітаў народныя песні выконваюць і моладзь і дзеці, можна сцвярджаць: беларуская народная песня на Лідчыне жыве і будзе жыць. Курс – на чацвёрты фестываль.
Яраслаў Грынкевіч.