Шатландыя набліжаецца да новага рэферэндуму пра незалежнасць – і цяпер усё часцей пачалі гучаць заклікі пра наданне шатландскай мове больш высокага статусу.
“Хуло” замест “хэло” і “вулам” замест “вэлкам”. Так кажуць шматлікія жыхары Шатландыі. Як сведчыць сацыялогія, такіх людзей дастаткова шмат. Колькасць актыўных носьбітаў шатландскай мовы ацэньваецца ў 1,5 мільёна (з 4 мільёнаў чалавек, якія жывуць у Шатландыі). Астатнія валодаюць тымі ці іншымі прамежкавымі формамі паміж стандартнай англійскай і архаічнай шатландскай. Захавалася ў краі і гістарычная мова – гэльская, якая адносіцца да кельцкіх моў. Аднак размаўляюць на ёй толькі каля 50 тысяч чалавек, або каля 1% насельніцтва Шатландыі.
Менавіта на адраджэнне і папулярызацыю гэльскай мовы доўгі час арыентаваліся мясцовыя нацыяналісты. Вынікам іх актыўнасці стаў прыняты ў 2005 годзе “Закон аб гэльскай мове”, “накіраваны на замацаванне гэльскай у якасці афіцыйнай мовы Шатландыі, да якой павінны ставіцца з такой жа павагай, як да англійскай”. Закон галоўным чынам выкарыстоўваецца для стварэння планаў па вывучэнні гэльскай мовы дзяржаўнымі чыноўнікамі Шатландыі. Акрамя таго, дзякуючы яму фінансуюцца гэльскія медыя і нават была адкрытая адна гарадская школа.
Не забывалі і пра шатландскую. Хаця б таму, што пасля асіміляцыі шатландцаў, прыкладна з 1400-х гадоў, шатландская мова была афіцыйнай мовай у Каралеўстве Шатландыя. Акты мясцовага парламента былі напісаныя на шатландскай. Сярод тых, хто пісаў на ёй літаратурныя творы, быў славуты Роберт Бёрнс. Шатландскую сёння можна вывучаць ва ўніверсітэтах Абердзіна, Эдын-бурга, Глазга. ЮНЭСКА прызнае шатландскую мову мовай, як і Еўрапейскі саюз. Пры гэтым асабліва пытанне шатландскай мовы не палітызавалася – у адрозненне ад праблемы з гэльскай.
Стаўленне да яе пачало рэзка мяняцца на фоне цяперашніх спроб нацыяналістаў дабіцца незалежнасці рэгіёна. Па-першае, наяўнасць у рэгіёне асобнай мовы надае шатландцам дадатковыя правы патрабаваць суверэнітэту. Па-другое, дастаткова ўмоўная мяжа паміж мясцовай англійскай і шатландскай дазваляе перацягваць на бок ідэі незалежнасці англамоўных жыхароў краю.
У мінулым годзе адбылася спецыяльная канферэнцыя Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP), прысвечаная праблеме шатландскай мовы. Па яе слядах нарадзілася ідэя замацаваць правы спецыяльным актам, накшталт “Акта ў абарону гэльскай мовы”. Напрыканцы мінулага года ў шатландскім парламенце прайшлі першыя слуханні, што варта рабіць з шатландскай мовай. Пры гэтым дэпутаты намагаліся выступаць па-шатландску. З мінулай восені ідзе грамадская кампанія за правы шатландскамоўных.
Адначасова нарадзіліся і набылі адносную папулярнасць тэорыі, аўтары якіх ставілі пад пытанне тэзу, што шатландцы перайшлі на англійскую ў выніку моўнай асіміляцыі, якая часам мела гвалтоўны характар. Новыя тэорыі даводзяць, што шатландская мова – не фрагмент англійскай, а цалкам самастойны кірунак. Ідэя ў тым, што шатландская мова, маўляў, паходзіць ад аднаго з паўночных дыялектаў стараанглійскай мовы, а цяперашняя стандартная англійская – прадукт паўднёвай старажытнай англійскай.
Такі падыход выклікаў дэбаты ў навуковых колах. Філолагі, якія лічаць шатландскую мову дыялектам, прызнаюць, што ў горцаў трошкі іншыя слоўнікавы запас і маўленне. Аднак, на іх думку, выключна лексіка і вымаўленне не робяць гаворку мовай. Больш фундаментальнай, як кажуць яны, застаецца граматыка – і тут адрозненні ад англійскай не такія вялікія. Шатландцы кажуць “я іду ў свой ложак”, у той час як англічане – папросту “іду спаць”. Звяртаецца ўвага, што, як паказваюць мапы шатландскага сінтаксісу, шатландская мова вар’іруецца ўнутры краю.
Свае пяць капеек у гэтую дыскусію нечакана ўставілі і праеўрапейскія СМІ, якія бачаць незалежную Шатландыю будучым чальцом Еўрасаюза. Яны прапануюць аматарам тэзіса пра тое, што шатландская – гэта дыялект, накіравацца ў Данію і паспрабаваць давесці датчанам, што тыя размаўляюць на нарвежскім дыялекце.
На жаль, за кадрам гэтых дэбатаў і спрэчак застаецца пытанне лёсу гэльскай мовы – у выніку магчымага ўзмацнення прававога статусу шатландскай. Ці не будзе яна цалкам маргіналізаваная ў перспектыве?
Пакуль аматары гэльскай выступаюць за замацаванне статусу шатландскай з прычыны салідарнасці перад спробамі моўнай дыскрымінацыі. “У грамадстве па-ранейшаму шмат лінгвістыч-нага невуцтва, снабізму, забабонаў альбо моўнага расізму. Гэта проста неразумна, калі нешматлікія людзі, здаецца, ведаюць, як і на якой мове трэба размаўляць іншым”, – піша адна з актывістак руху ў мясцовай газеце “The National”.
Хутчэй за ўсё, месца гэльскай і шатландскай моў будзе вырашацца, сыходзячы з будучай палітычнай сітуацыі, і ў тым ліку ў кантэксце спроб шатландцаў атрымаць незалежнасць. Часопіс “The Economist” з гэтай нагоды адзначае: “Прызнанне шатландскай у якасці афіцыйнай мовы можа быць падмацавана не граматычнымі аргументамі, а палітычнымі. Як гаворыцца ў старой прыказцы, “мова – гэта дыялект, у якога ёсць армія і флот””.
Алег Новікаў.