Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Пайшла з жыцця найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў

Пайшла з жыцця найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў

4 жніўня 2021, 21:38 Грамадства 42
Пайшла з жыцця найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў

У аўторак, 20 ліпеня, на 104 годзе жыцця, памерла княгіня Альжбета Радзівіл – дачка перадапошняга гаспадара Нясвіжскага замка Альбрэхта Радзівіла і англічанкі Дораці Паркер Дыкан. Пра гэта паведаміў яе сваяк Мацей Радзівіл.

– Пайшоў з жыцця незвычайны чалавек. Сведка некалькіх эпох. Апошні чалавек, для якога замак Радзівілаў у Нясвіжы быў проста домам. Спачывай з мірам, – напісаў у Facebook Мацей Радзівіл.

Альжбэта нарадзілася ў Лондане ў 1917 годзе. Альбрэхт Радзівіл адправіў жонку нараджаць у Англію, бо здарылася рэвалюцыя.

Бацькі пражылі разам нядоўга, і пасля расставання Альжбета жыла разам з маці ў Парыжы, а на вакацыі ездзіла да бацькі ў Нясвіж – да 1935 года, пакуль ён не пайшоў з жыцця.

Пані Альжбета ніколі не жалілася на лёс. У яе былі два шлюбы, у першым нарадзіўся сын Альбрэхт Чартарыйскі. Другі раз яна выйшла замуж за дыпламата Яна Тамашэўскага, які да вайны быў амбасадарам Польшчы ў Партугаліі. У гэтым шлюбе яна таксама нарадзіла сына. Жыла ў Швейцарыі, Партугаліі, Англіі, шмат гадоў у Францыі. У канцы 80-х пераехала бліжэй – у Польшчу, у Варшаву.

Пасля гэтага Альжбета змагла трапіць у родныя мясціны толькі ў 1993 годзе. Як здарыўся той візіт, апісаў у сваёй кнізе “Беларускія скарбы за мяжой” гісторык Адам Мальдзіс. Ён пазнаёміўся са спадчынніцай магнацкага роду ў Лондане.

“Гутарка пачалася з абвінавачванняў:

– Вы, бальшавікі, адабралі ў нас Нясвіж, разрабавалі маёмасць, такую пышную маляўнічую галерэю. Зараз давядзецца вам усё вяртаць нам.

– Памілуйце, княгіня, цяперашні ўрад, незалежная Беларусь, не можа несці адказнасць за зробленае іншай дзяржавай, сталінскай уладай. Ды і каму – “нам”? Наколькі я ведаю, у Радзівілаў дзейнічала вельмі разумнае права маярату: каб не драбніць маёмасць, не спараджаць канфлікты, уся ўласнасць па спадчыне пераходзіла ў рукі старэйшага сына ці старэйшага мужчыны ў родзе. Менавіта гэта дазволіла Радзівілам сканцэнтраваць незлічоныя багацці. Зараз, ведаю, такія правы – у Антонія Радзівіла, які жыве дзесьці недалёка ад Лондана, але і яны сёння чыста намінальныя, этыкетныя. У той жа Польшчы, на якую вы спасылаецеся, магнацкія латыфундыі, скажам, Нябораў, застаюцца ў руках дзяржавы.

– Дзе ж тады справядлівасць?

– А дзе ж тады логіка? Дапусцім, адбудзецца цуд і вам асабіста вернуць Нясвіж. Што вы з ім зробіце? Рэстаўруеце замак, адродзіце музей? Гэта сёння па плячы толькі дзяр-жаве.

– А нам тады што застаецца?

– А вам застаецца садзейнічаць, дапамагаць. Менавіта такіх поглядаў прытрымваецца Антоні Радзівіл. Дарэчы, я перапісваюся з ім…”

Апошні яе візіт у Беларусь адбыўся ў 2009 годзе. Тады 93-гадовая княгіня разам з іншымі прадстаўнікамі роду Радзівілаў наведала родныя мясціны: Нясвіж, Мір, Паланечку і Ішкалдзь.

– Гэта вялікая ганьба, што вы ў Беларусі не гаворыце па беларуску… Я адмыслова прыслухоўваюся ўжо колькі дзён… Ведаеце, калі б нас не пагналі адсюль у 1939-м, я сёння размаўляла б па-беларуску. Бо мой бацька з нясвіжцамі размаўляў выключна па беларуску, – казала яна падчас візіту.

Альжбета Радзівіл дапамагала рэстаўратарам Нясвіжскага замка, бо памятала, як ён выглядаў у часы яе дзяцінства.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0615
Далучайцеся да нас