Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
На 64-м годзе памёр пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. У яго быў каронавірус

На 64-м годзе памёр пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. У яго быў каронавірус

4 жніўня 2021, 21:30 Грамадства 57
На 64-м годзе памёр пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. У яго быў каронавірус

Развітанне з творцам прайшло 22 ліпеня.

Паводле ягонага калегі Алеся Аркуша, да таго Уладзімір Сіўчыкаў наракаў, што вельмі цяжка перажыў каронавірус, бо мае цукровіцу. Яму надзвычай цяжка было перасоўвацца, быў агульны кепскі стан.

Уладзімір Сіўчыкаў нарадзіўся 3 траўня 1958 года ў Жодзіне. Пісьменнік, перакладчык, мастак, выдавец.

Скончыў педагагічнае аддзяленне Менскай мастацкай вучэльні. Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна.

Пасля службы ў войску быў мастаком-афармляльнікам у Менскім палацы чыгуначнікаў. У 1981 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ, удзельнічаў у згуртаванні “Беларуская Майстроўня”. Падчас вучобы праходзіў стаж у Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, вывучаў грузінскую мову і літаратуру.

Пасля атрымання дыплома працаваў рэдактарам аддзела літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром часопіса для дзяцей і падлеткаў “Бярозка”. З 1990 года – прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана, з 1994-га – дырэктар выдавецтва “Радыёла-плюс”. З пачатку нулявых як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай.

Удзельнік літаратурна-грамадскага таварыства “Тутэйшыя”, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У друку выступаў з 1982 года. Аўтар кніг апавяданняў і п’ес “Гульня ў тастамант”, кніг прозы “Лісты да брата”, “Бювар”, “Уладзевы гісторыі”, кнігі паэзіі “Высакосны год”, кніг вершаў дзецям “Кошык Велікодны”, “Багоўка”.

Укладальнік і адзін з аўтараў альбомаў “Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова”, а таксама “Рыцары Пагоні і Арла”. Укладальнік зборнікаў дэтэктываў “Кінжал з крыламі” і “Карона Вітаўта Вялікага”.

У перакладзе Уладзіміра Сіўчыкава з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Надара Думбадзэ “Закон вечнасці”, шэраг вершаў і паэмаў у “Анталогіі грузінскай паэзіі” ў 2 тамах.

Аўтар творчых партрэтаў беларускіх і замежных мастакоў – Вінцэнта Ван Гога, Язэпа Драздовіча, Аляксея Марачкіна, Івана Міско, Ігара Рымашэўскага і іншых.

Вечная памяць.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З літаратурнай спадчыны. Першы пераклад "Слуцкіх ткачых" на польскую мову
літаратура

З літаратурнай спадчыны. Першы пераклад "Слуцкіх ткачых" на польскую мову

11 студзеня 2025, 05:0616
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4715
Кніга легенд-апавяданняў пра “каменных” продкаў
Выданні

Кніга легенд-апавяданняў пра “каменных” продкаў

7 лютага 2019, 15:4714
МЫ ПАМЯТАЕМ!
Грамадства

МЫ ПАМЯТАЕМ!

18 ліпеня 2026, 21:4114
Далучайцеся да нас