“Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Беларусі мілай.”
Я. Купала
Сонечны і лагодны дзень выдаўся 11 ліпеня. У Радашковічы, мястэчка, дзе працавала калісьці знакамітая гімназія імя Ф. Скарыны, адкрытая Аляксандрам Уласавым, у якой вучыўся будучы паэт Максім Танк, у мясцовасць, дзе жылі і працавалі Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Драздовіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін і іншыя выдатныя асобы, скіраваліся ўдзельнікі і госці духоўнага і літаратурнага свята.
У Радашковічах у касцёле Найсвяцейшай Тройцы, дзе быў ахрышчаны ў маленстве Янка Купала, святую імшу цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Парафіяне сустрэлі яго гарачымі апладысментамі. У парафіі ўрачыста і велічна прайшоў штогадовы Купалаў фэст. Яго выдатна арганізаваў ксёндз-пробашч Юры Быкаў супольна з Літаратурным музеем Янкі Купалы ў Менску. На ўрачыстасці прысутнічалі шматлікія госці з розных гарадоў, дзеячы культуры, пісьменнікі, выдаўцы кніг.
Святая Імша адбылася ў музычным суправаджэнні вядомых арганістаў, салістаў Белдзяржфілармоніі Юрыя Габруся і Варвары Царук, салістаў Моладзевай трупы Вялікага тэатра Беларусі і Сімфанічнага аркестра Беларусі Дзмітрыя Апяцёнка і Ігната Данько.
Яго Эксэленцыя Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове падкрэсліў, што моцнае грамадства немагчыма збудаваць без духоўнага падмурка. Ён падзякаваў за духоўных светачаў Пану Богу, які пасылае народу паэтаў-прарокаў, а таксама людзей, чыім пакліканнем ёсць распаўсюджанне Слова Божага.
Ранняя творчасць Янкі Купалы мела выразную хрысціянскую скіраванасць. Два вершы “Малітва” былі пакладзены на музыку і сталі шырока вядомымі.
Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што Янка Купала браў шлюб са сваёй жонкай Уладзіславай Францаўнай у касцёле свв. Пятра і Паўла ў Маскве, і ён наведваў гэта месца.
Вершы паэта і прарока, народнага песняра, натхнёна і пачуццёва прачыталі вучні, ўдзельнікі творчага аб’яднання “Батлейка” пад кіраўніцтвам Н. Маскалевіч разам з супрацоўніцай Літаратурнага музея Янкі Купалы Марыяй Бартковай.
– Сёлета Купалаў фэст адбываецца ў 100-ую гадавіну Рыжскай мірнай дамовы (1921), падпісанне якой спыніла вайну, але раздзяліла беларускія землі, – прывяла гістарычнае ўдакладненне спадарыня Марыя Барткова. – Мяжа прайшла па самых дарагіх мясцінах: такія значныя для лёсу паэта Вязынка і Радашковічы сталі недасяжныя амаль на два десяцігоддзі… У той час слова Янкі Купалы яднала ўсіх тых, што “беларускай гутаркай гамоняць” па абодва бакі мяжы”.
На Купалавым фэс-це ў Радашковічах выступіў з чытаннем вершаў сёлетні юбіляр, паэт Уладзімір Някляеў. Ён выказаў словы пашаны і падтрымкі арцыбіскупу Т. Кандрусевічу і сказаў, што моцна перажываў і хваляваўся за яго, калі кіраўнік Каталіцкага Касцёла Беларусі не мог вянуцца на Радзіму.
У. Някляеў распавёў пра сваю працу над раманам, прысвечаным Я. Купалу, пад назвай “Гэй бэн гіном”, які друкаецца ў часопісе “Дзеяслоў”.
– Я прыехаў у гэты храм, дзе быў ахрышчаны Я. Купала, – прамовіў У. Някляеў, каб схіліць галаву перад яго памяццю. У рамане я хацеў паказаць постаць такога маштабу, нацыянальнага генія з усімі яго чалавечымі па-чуццямі.
Прысутныя павіншавалі паэта з 75-годдзем. Уладзімір Пракопавіч падзяліўся вершамі са сваіх новых выданняў і раней надрукаванымі. Прагучалі вершы, прысвечаныя Я. Коласу і Я. Купалу, творы з кнігі “Знічы кахання”. Найбольш пасіянарна прагучаў верш “Боскі падарунак”.
– Мой сябра Павел Севярынец пісаў, што нацыянальная ідэя – гэта Бог, які прамаўляе па-беларуску, – падкрэсліў У. Някляеў.
“Не загаснуць зоркі ў небе
Покі неба будзе, –
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі”, –
з хваляваннем дэкламавалі вершы юнакі.
– Не загіне Беларусь, пакуль беларуская мова гучыць у святы-нях з вуснаў святароў і вернікаў! – пераканаліся ўдзельнікі Купалавага фэсту.
Інфармацыйнымі партнёрамі мерапрыемства выступілі партал Catholic.by і “Радыё Марыя”. Ксёндз-пробашч Юры Быкаў паведаміў, што ў Радашковіцкім касцёле з дапамогай ахвяраванняў прафіянаў аднаўляецца арган ХIХ-га – пачатку ХХ-га стагоддзя. Храм з’яўляецца сапраўдным асяродкам высокай культуры і прыгажосці.
Купалаў фэст завяршыўся супольным выкананнем гімна “Магутны Божа”.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.