Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны Германіі. Да выбараў у бундэстаг дапушчаны 44 малыя партыі

Навіны Германіі. Да выбараў у бундэстаг дапушчаны 44 малыя партыі

21 ліпеня 2021, 21:29 У свеце 25
Навіны Германіі. Да выбараў у бундэстаг дапушчаны  44 малыя партыі

У вераснёвых выбарах у бундэстаг прымуць удзел 44 малыя партыі. Такое рашэнне 9 ліпеня прыняла Федэральная выбарчая камісія.

Федэральная выбарчая камісія ў пятніцу, 9 ліпеня, паведаміла пра допуск да вераснёвых выбараў у бундэстаг ФРГ 44 малых партый. Гэты орган збіраецца кожны раз за некалькі месяцаў да выбараў у германскі парламент і разглядае заяўкі малых партый. У гэты раз паседжання выбарчай камісіі адбыліся 8 і 9 ліпеня. Пра намер удзельнічаць у выбарах заявілі 87 невялікіх партый.

У першы дзень працы камісіі да выбараў была дапушчана 21 партыя. Прыкладна гэтулькі ж партый атрымала адмову, сярод іх апынуліся “Анархісцкая Пога-партыя Германіі” і “Гер-манская камуністычная партыя”, прычым апошняя была не дапушчана да выбараў у бундэстаг упершыню з моманту яе стварэння ў 1968 годзе. Прычынай адмовы ў абодвух выпадках стала тое, што дакументы ад гэтых партый былі атрыманы выбарчым камітэтам па заканчэнні адведзенага для гэтага тэрміну. Не прайшлі адбор таксама “Германская партыя жанчын, прававой дзяржавы, абароны прыроды, развіцця дзяцей і дэмакратычнага кахання”, а таксама “Ненямецкае аб’яднанне”.

Федэральная выбарчая камісія, як адзначыў яе кіраўнік Георг Ціль (Georg Thiel), прымае рашэнне пра допуск партый да выбараў выключна на аснове фармальных крытэраў, указаных у Законе пра партыі. У яе кампетэнцыю не ўваходзіць разгляд праграмы, іншых дакументаў і дзейнасці партыі на яе адпаведнасць канстытуцыі. Таму Ціль адхіліў крытыку сацыял-дэмакратаў на допуск да выбараў праваэкстрэмісцкай партыі “Трэці шлях”. Акрамя яе, у выбарах змогуць прыняць удзел Пірацкая партыя, Марксісцка-ленінская партыя Германіі, “Партыя за змены, вегетарыянцы і веганы”, “Еўрапейская партыя кахання”, “Садовая партыя”, партыя “Іншыя”.

Усяго ў выбарах у бундэстаг, прызначаных на 26 верасня, прымуць удзел 53 партыі. Партыі, якія маюць дэпутатаў у адным з зямельных парламентаў ці бундэстазе, не маюць патрэбы ў допуску. Гэта Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХСС), Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ), Свабодная дэмакратычная партыя (СВДП), Левая партыя, “Саюз-90″/”зялёныя”, “Альтэрнатыва для Германіі” (АДГ), а таксама “Вольныя выбарнікі” і “Аб’яднаныя грамадзянскія рухі Брандэнбурга/Вольныя выбарнікі”.

Працэдура допуску да выбараў прапісана да наймалейшых падрабязнасцяў. Да вызначанай даты малыя партыі, якія не прадстаўлены ў федэральным ці адным з зямельных парламентаў, павінны поштай накіраваць у Федэральную выбарчую камісію набор дакументаў, акрамя таго, сабраць не меней 200 подпісаў у падтрымку кожнага кандыдата ў дэпутаты і выявіць публічную актыўнасць. Усё гэта павінна быць задакументавана. Удзел у выбарах вельмі важны для малых партый, паколькі так яны могуць атрымаць дзяржаўнае фінансаванне.

Сёлета з-за пандэміі каронавіруса гэтым партыям было вельмі цяжка збіраць подпісы і праводзіць публічныя акцыі, паколькі ў многіх гарадах былі забаронены агітацыйныя мерапрыемствы. У канцы траўня бундэстаг пайшоў насустрач малым партыям і зменшыў неабходны лік подпісаў для аднаго кандыдата з 200 да 50.

Навіны Германіі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

2 жніўня 2026, 09:3992
Памёр Пётра Садоўскі
Грамадства

Памёр Пётра Садоўскі

2 жніўня 2026, 09:0888
Юбілей Ніны Баршчэўскай
У свеце

Юбілей Ніны Баршчэўскай

2 жніўня 2026, 08:4486
Юбілей нашай Цёткі
літаратура

Юбілей нашай Цёткі

2 жніўня 2026, 09:5685
Далучайцеся да нас