Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ДУХОЎНАЯ РАДЗІМА МАЙСТРА ГУМІЛЕЎСКАГА

ДУХОЎНАЯ РАДЗІМА МАЙСТРА ГУМІЛЕЎСКАГА

15 ліпеня 2021, 23:08 Грамадства, Культура 26
ДУХОЎНАЯ  РАДЗІМА  МАЙСТРА ГУМІЛЕЎСКАГА

3 ліпеня на 91-м годзе пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі скульптар Леў Мікалаевіч Гумілеўскі, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Найлепшы падарунак у дзень нараджэння для вядомага скульптара, Народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага былі сямейныя паездкі ў Нясвіж. Гэта добра ведалі родныя, а таму, калі была магчымасць і дазвалялі абставіны, абавязкова рабілі такую прыемнасць дарагому чалавеку, дый сабе таксама. Наважваліся і летась, у суботу, 31 кастрычніка, акурат на 90-годдзе майстра, зладзіць такую настальгічна-душэўную экскурсію, але з-за каронавіруснай асцярогі вырашылі адкласці яе надалей, адклалі назаўжды.

Чаму менавіта ў Нясвіж, спытаеце. Нехта правільна скажа: Нясвіж – яго родны горад. А другі, няўніклівы і маладасведчаны, пачуе і паўторыць  амаль тое ж: “Гумілеўскі  нарадзіўся ў Нясвіжы”. Паўторыць і памыліцца. Калі не так катэгарычна, то ёсць ў гэтых словах і памылка, і праўда.

Нарадзіўся Леў Гумілеўскі ў Маскве, хоць маці яго была родам з маленькай  вёсачкі Жарнелішкі, што на Віцебшчыне. Масква. Адкуль такая геаграфія ў лёсе беларускага скульптара і яго маці, у дзявоцтве Франі Паўлюкевіч? А было так: наважыліся  яе, маладую ды прыгожую дзяўчыну, выдаць замуж за старога. Баронячы свае пачуцці і годнасць,  рашылася яна на смелы і дзёрзкі па тым часе ўчынак – сышла з дому, як кажуць у народзе,  у свет божы, дабралася аж да Масквы. Працавала ў доме Савы Мамантава. Пазнаёмілася з Мікалаем Гумілеўскім, выйшла за яго замуж, нарадзіла  двух сыноў. Аднак па часе сямейнае жыццё не заладзілася – паехала на Радзіму. Ды на вакзале ў Барысаве нехта  скраў усе яе пажыткі, усе грошы. Застаўся ў жанчыны толькі самы вялікі скарб – трохгадовы Леў ды шасцігадовы Мі-калай. Са спачування нейкі чалавек прапанаваў уладкаваць яе на працу ў Старым Барысаве. Маўляў, папрацуеш крыху, заробіш грошай ды паедзеш далей. Але затрымаліся там даўжэй, бо неўзабаве выбудавалі Старабарысаўскі санаторый. Маці ўладкавалася туды на працу, а сыны пайшлі ў школу.

Пачынаецца вайна. Год перабіваліся неяк. Каб выжыць, пасвілі па чарзе ў гаспадара авечак. Старэйшаму Мікалаю пагражаў вываз у Германію. І маці зноў прымае смелае рашэнне: “Пойдзем у лес, у партызаны!” Леў Мікалаевіч праз жыццё ва ўсіх драбніцах памятаў той шлях. Як іх, адзінокіх і беспрытульных, ахінула на ноч разгалістая елка, як радаваліся ранішняму вераснёўскаму сонцу. Як уцякалі ад паліцаяў, распытвалі ў людзей дарогу да партызан. Памятаў спаленую вёску, здзічэлых курэй на папялішчы. Знямоглыя і згаладалыя,  з тыдзень жылі-начавалі ў стажку сена ля той вёскі. Там паблізу і напаткалі партызан, што ішлі з Паліка  на заданне. Так Мікалай стаў партызанам брыгады “Жалязняк”, а маці з малодшым сынам далучылася да такіх жа гаротнікаў партызанскага лагера, якія дапамаглі абсталяваць лясное жытло.

Ды гэта быў толькі пачатак. Наперадзе чакалі яшчэ дзве блакады. Падаліся далей, у глыбокі партызанскі край. Асабліва цяжка было падчас другой блакады, калі апынуліся ля самай ракі Бярэзіны. Туліліся на невялікіх астраўках сярод балот. Але і туды спрабавалі дабрацца фашысты. Неаднойчы ўцякалі ад іх праз балотную твань. Трымаючыся за бервяно, перапраўляліся на другі бераг ракі… Мерзлі, хварэлі, галадалі, радаваліся кацялку бульбачкі. А яе і згатаваць патрэбна яшчэ ўмудрыцца, каб не выдаць сябе, каб не ўчулі, не прык-мецілі ворагі кволенькі дымок. І якой жа радасцю было пачуць пасля доўгіх ліхалеццяў ад пасланца з вольнай зямлі: “Чаго седзіце? Немца ўжо прагналі!”

– У канцы вайны я выйшаў з балот з апухлымі ад голаду нагамі, – завяршыў свой ваенны аповед Леў Мікалаевіч.

1944 год. Беларусь вяртаецца да мірнага жыцця. Пасля вайны ды-рэктар санаторыя ў Старым Барысаве атрымаў прызначэнне ў Нясвіж, у санаторый, што распачынаў працу ў княжацкім палацы. Ён прапанаваў лепшым супрацоўнікам паехаць  з ім на новае месца. Прынялі прапанову найперш тыя, хто не меў свайго сталага жылля. Так сталася з родзічамі Янкі Купалы, так сталася і з сям’ёй Гумілеўскіх.

– Жылі ў замку Радзівілаў, – распавядаў Леў Мікалаевіч, – на першым паверсе, дзверы справа ад уваходу. Пасля – у Марысіным парку, на выхадзе з яго, у маленькім доміку-будачцы. Цяпер той пабудовы ўжо няма. Захоўвае ўсё толькі памяць.

Нясвіж уразіў.  Заходні горад! Уразілі людзі. Глядзеў прыезджы хлопец і дзівіўся: на раварах ездзяць, задняе кола – з сетачкай! Прыкмячаў пачцівасць у абыходжанні, годнасць на тварах, прыстойнасць гаворкі. А хутаранцы на кірмашах! Якія дагледжаныя коні! Якая вупраж! Як самі апрануты! Гаспадары!

У Нясвіжы прыйшло адчуванне Радзімы, сталага апірышча, жыццёвай пэўнасці і ўладкаванасці.

– Пасля Масквы, Барысава, ваенных пакут і блуканняў гэта быў рай! – сцвярджаў Леў Мікалаевіч.

Тыя жыццёвыя даброты, што прапаноўваў юнаку пасляваенны Нясвіж, ён карыстаў напоўніцу.  Прадоўжыў перарваную вайной вучобу ў школе. Займаўся ў авіямадэльным гуртку (ксёндз Гжэгаж Каласоўскі аддаў для гэтага палову плябаніі). Мадэлі Льва Гумілеўскага, сканструяваныя з чароту, ляталі вышэй за  іншыя. З’явілася нават  на той час у хлопца мара стаць канструктарам. У нясвіжскіх азёрах навучыўся выдатна плаваць. Гуляў у футбол і валейбол на пляцоўках, што меліся ў Старым парку. Да віртуознасці асвоіў радзівілаўскі більярд, заганяў па восем шароў запар.

Да таго ж маці, убачыўшы на слупе каля плябаніі аб’яву, што мастак Сяўрук набірае студыю, запісала туды сына. Для гэтага былі ў жанчыны дзве нагоды: па-першае, прыкмеціла яго здольнасці да малявання, па-другое, імкнулася асцерагчы ад небяспечных пасляваенных забаў. І хлопец, адкінуўшы ўсё іншае, аддаўся маляванню. Падахвоціў да заняткаў і сваіх сяброў. Студыйны клас месціўся ў ратушы. Пасля школы ішлі хлопцы да той адметнай гістарычнай мураванкі і, пазіраючы на вокны другога паверха, клікалі:

– Міхаіл Канстанцінавіч! Міхаіл Канстанцінавіч! 

Настаўнік неўзабаве даваў знак, што чуе, спускаўся ўніз, адчыняў уваходныя дзверы. Тыя дзверы варта параўнаць з брамай у іншы свет – здавалася б, умоўны, паралельны будзённаму пасляваеннаму жыццю і, разам з тым, такі рэальны, напоўнены велічнымі асобамі з гісторыі мастацтва,  творамі, што на працягу стагод-дзяў мелі статус шэдэўраў, узорных дасягненняў чалавецтва. Дый сам настаўнік быў асобай, мастаком, які на той час меў выдатную вывучку і практыку (вучань Фердынанда Рушчыца!), нацыянальную загартаванасць ад сяброўства і сумеснай працы з вядомымі віленскімі беларусамі. У творчай скарбонцы нясвіжскага майстра быў ужо і самы знакаміты яго твор – велічна- сімвалічнае “Жніво”.

– Нарадзіўся я ў Маскве, але духоўнай маёй радзімай з’яўляецца Нясвіж, – сцвярджаў Леў Мікалаевіч і працягваў говорку падзячнымі словамі Міхасю Канстанцінавічу. 

І хоць  былі пасля настаўнікамі ў сталічных вучэльнях вядучыя тагачасныя скульптары Аляксей Глебаў,  Андрэй  Бембель, але перад гэтым быў Сяўрук. Пра ролю нясвіжскага майстра ў сваім станаўленні Леў Мікалаевіч неаднойчы казаў: “Ён прыладзіў мне хамут”. Мудры сэнс мае гэтая  сялянская метафара: мала мець воз дабра, трэба яшчэ дасканала змайстраваны хамут для спрытнага і дужага коніка. Удалай, паспяховай, тым больш, доўгай дарогі не атрымаецца, калі не падагнаны хамут. Сяўрук заклаў глыбінныя асновы творчасці,  фундаментальныя прынцыпы жыцця ў мастацтве. Ды яшчэ разуменне таго, што праца жывапісца, графіка, скульптара блізкая па высілках да настойлівай цягавітасці селяніна на палетку – на ворыве ці  касьбе. Адно што палетак іншы….

Нясвіжскія ўрокі Сеўрука мелі плён: па заканчэнні сямігодкі (а было тады выпускніку-пераростку 19 гадоў) Леў Гумілеўскі без аніякай цяжкасці паступіў у Менскае мастацкае вучылішча…

Наталля Плакса.

“Нясвіжскія каеты” № 6.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3418
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0218
Далучайцеся да нас