Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Жывая вада беларускага слова патрэбна ўсім

Жывая вада беларускага слова патрэбна ўсім

7 ліпеня 2021, 20:58 Мова 44
Жывая вада беларускага слова патрэбна ўсім

Юныя чытачы Менскай дзіцячай бібліятэкі № 5 на вакацыях сустрэліся з пісьменнікам Аляксеем Шэінам, аўтарам папулярнага раманафэнтазі “Сем камянёў”, (які ў 2017 годзе ўваходзіў у пяцёрку найбольш папулярных выданняў у дзіцячых бібліятэках), і пачулі словы на роднай беларускай мове пра тое, што дабро павінна перамагчы зло, бо ёсць Бог, Праўда і Вера, і трэба жыць з любоўю і рабіць дабро адзін аднаму.

У краіне Эферыі запанаваў злы ўладар Вормар, але хлопчык Ясь адважыўся пусціцца ў падарожжа на пошукі жывой вады, якая можа ацаліць яго сяброўку Мірку – такая сюжэтная канва кнігі “Сем камянёў”.

Журналіст, пісьменнік, рэдактар дзіцячага часопіса “Асцярожна, дзеці!” Аляксей Шэін не спыняецца рабіць дабро. У мінулым годзе ён быў адным з 12-ці герояў кнігі “Лініі святла” і застаецца носьбітам Святла. Кніга перададзена ў дзіцячую бібліятэку з аўтографам героя.

 Дзеці даведаліся, што Аляксей нарадзіўся ў Менску ў 1976 годзе, а яго дзяцінства праходзіла ў Гародні, дзе сям’я жыла ў палацы князёў Масальскіх, у  жылым доме ХVII cтагоддзя, адным з самых старых у горадзе. Там знаходзіўся інтэрнат медыцынскага ўніверсітэта, у якім выкладаў французскую мову бацька Аляксея – Георгій Мікалаевіч. У дзіцячых успамінах засталіся замкі, палацы, касцёлы.

Маці Аляксея, Вольга Васільеўна, была журналісткай і працавала ў абласным тэлерадыёцэнтры. Аляксей з дзяцінства любіў прыгодніцкую літаратуру, захапляўся Жулем Вернам і іншымі аўтарамі, марыў напісаць сваю кнігу. У Гародні ён скончыў школу з мастацкім ухілам і ў 1991 годзе паступіў у Менску ў ліцэй пры БДУ ў клас беларускай філалогіі. Перад паступленнем юнак  некаторы час жыў у дзеда, гісторыка і краязнаўца, у Ракаве.

Кантактуючы з сябрамі дзеда, ён адчуў, што ў беларусаў ёсць свая багатая гісторыя, што на нашай зямлі жылі незвычайныя асобы, князі Міндоўг, Вітаўт і Альгерд, і яго гэта вельмі зацікавіла! З сябрамі па ліцэйскім класе БДУ ён перайшоў на беларускую мову, пачаў чытаць мастацкія творы.

Скончышы беларускае аддзяленне філфака БДУ, Аляксей займаўся журналістыкай, быў фрылансерам, працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” ў аддзеле публіцыстыкі пад кіраўніцтвам Барыса Пятровіча Сачанкі ў 1995 годзе, а потым – у кампаніі “БелаПАН”, вучыўся ў магістратуры ў ЕГУ.

У 2008-2017 гадах Аляксей Шэін праводзіў папулярныя інтэрактыўныя курсы “МоваВеда”. Займацца на курсах пры-ходзілі людзі самых розных прафесій: эканамісты, айцішнікі, будаўнікі. У 2017 годзе А. Шэін спрычыніўся да шырокага святкавання кампаніі “Наша 500-годнасць”, выступаючы ў розных бібліятэках і грамадскіх установах краіны з інфармацыяй пра асветніцкую дзейнасць Францішка Скарыны. У суаўтарстве  з кандыдатам гістарычных навук Андрусём Унучакам Аляксей Шэін напісаў п’есу “1517”, якая была пастаўлена рэжысёрам Паўлам Харланчуком.

Спадар Аляксей – актыўны сябар ТБМ і Саюза беларускіх пісь-меннікаў. У спадара Аляксея трое дзяцей – Ян, Сымон і Якуб, якія дапамагаюць яму быць у курсе дзіцячых зацікаўленасцяў і выдаваць захапляльны часопіс.

На сустрэчы ў бібліятэцы дзеці задалі спадару Аляксею шмат пытанняў, асабліва іх цікавіў працяг прыгодніцкага рамана “Сем камянёў”. Аўтар запэўніў, што працяг будзе.

Эла Оліна, фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы
Грамадства

На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы

26 лістапада 2018, 09:1715
Далучайцеся да нас