Гістарычная падзея 26 чэрвеня 2021 адбылася ў жыцці праваслаўных жыхароў аграгарадка Ёдкі – тут упершыню ў гісторыі асвечаны пасад праваслаўнага храма. Нябесным заступнікам яго стаў вядомы лекар і святы Лука Крымскі.
Калі ў 2014 годзе ў Наваградскай епархіі было прынята рашэнне пра будаўніцтва ў Ёдках праваслаўнай царквы (тады ж тут была афіцыйна зарэгістравана праваслаўная грамада), мясцовае насельніцтва, а гэта жыхары не толькі аграгарадка Ёдкі, але і размешчанай побач вёскі Навіцкія-2, успрынялі гэтую вестку з натхненнем. Адразу ж пачаўся актыўны збор сродкаў для будучага будаўніцтва. Праўда, пачаць і весці яго з нуля было зусім не проста. Таму працэс зацягнуўся. Аднак воляю лёсу (промыслам Божым) здарылася так, што сёлета Лідскім райвыканкамам у распараджэнне праваслаўных вернікаў быў бязвыплатна перададзена будынак былога Дома культуры.
Канструктыўна тут і перабудоўваць амаль нічога не трэба было. У былой глядзельнай зале – царква. Сцэна – алтар.
Перш за ўсё, мінулай зімой на даху будынка з’явіліся галоўныя атрыбуты храма – пазалочаныя купалы з крыжамі. Напачатку вясны быў набыты іканастас. У траўні пачаліся рамонтныя работы: унутраная, вонкавая афарбоўка, уладкаванне храма. Усё гэта рабілі людзі – мясцовыя жыхары.
Першы храм на Лідчыне названы ў гонар вядомага лекара і святога – Лукі Крымскага. Гэта нябесны заступнік лекараў і ўсіх, хто мае патрэбу ў лячэнні. Будучы свяціцель, у свеце – Валянцін Феліксавіч Война-Ясянецкі – нарадзіўся 27 красавіка 1877 года ў Керчы. Дарэчы, яго дзед родам з беларускіх земляў. Сваё жыццё Валянцін Война-Ясянецкі прысвяціў медыцыне як хірург і навуковец і духоўнаму служэнню, быўшы пасвечаным у святарства. У 1942 годзе епіскап Лука ўзведзены ў сан архіепіскапа. На крымскую зямлю прыбыў у 1946 годзе. Шмат сіл прыклаў, каб навесці парадак у епархіі, не пакідаючы пры гэтым медыцынскай практыкі, кансультуючы і аперыруючы ў Сімферопальскім вайсковым шпіталі, прымаючы хворых у сябе дома. Аўтарытэт уладыкі Лукі быў настолькі высокі, што хворыя падчас набажэнства спрабавалі дакрануцца да яго ўбору, верачы, што адзін толькі дотык дапаможа ім падужаць хваробу. Зямное жыццё архіепіскапа Лукі скончылася 11 чэрвеня 1961 года, у дзень Усіх Святых.
Уцешна, што менавіта цяпер, калі ўвесь свет пагружаны ў пандэмію і кожны з нас так востра мае патрэбу ў абароне нябеснай, у нас і з’явіўся храм у гонар гэтага святога.
Нельга абыйсці ўвагай і такі факт: абраз святога на аналоі майстэрскі вышыла бісерам лідзянка, інвалід Ірына Паддубовік, якая ў гонар свята здзейсніла яшчэ адзін свой подзвіг – насілу перасоўваючыся, наведала храм у момант яго асвячэння.
Характэрна, але і размясціўся храм каля скрыжавання дарог. У радасны момант урачыстага адкрыцця і асвячэнні яго запоўнілі вернікі.
Епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый у саслужэнні духавенства здзейсніў чын асвячэння пасада новага храма. Прыгожыя, урачыстыя і таямнічыя былі гэтыя хвіліны набажэнства. Храм як быццам стаў Небам і ахінула яго сіла Духу Святога.
Па завяршэнні ў новаасвечаным храме адбылася першая Боская літургія. Вернікі змаглі прыступіць да споведзі і прычасця.
Паводле В. Яхантавай,
lidanews.