Перамога над ворагам у Вялікай Айчыннай вайне была дасягнута коштам вялікіх ахвяр і незаменных страт беларускага народа. Нямецкія захопнікі пакінулі пасля сябе жудасны крывавы след, беды і нябачанае спусташэнне. Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план генацыду, знішчэння людзей, рабавання нацыянальнага багацця краіны, ліквідацыі дзяржаўнага ладу. На захопленай тэрыторыі нацысты адкінулі ўсе міжнародныя прававыя нормы. Злачынствы акупантаў па сваёй масавасці і страшнай жорсткасці не ведалі сабе роўных у найноўшай гісторыі Беларусі. Па ацэнках спецыялістаў, Беларусь больш, чым якая-небудзь іншая краіна Еўропы пацярпела ад гэтай вайны.
Расследаваннем злачынстваў акупантаў і высвятленнем памераў шкоды, прычыненага імі ў гэтай вайне, займалася адмыслова створаная Надзвычайная дзяржаўная камісія (НДК), якая грунтавала свае высновы на аснове дакументальных сведчанняў. На тэрыторыі Беларусі гэта праца вялася з пачатку 1944 г.
Прамая матэрыяльная шкода, нанесеныя Беларусі акупацыяй, вылічаецца ў 75 млрд рублёў (у цэнах 1941 г.), што ў 35 раз перавышала бюджэт рэспублікі 1940 г.
На беларускай зямлі нямецкія захопнікі спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90 % былі разбураны Менск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.
Агульныя страты прамысловасці склалі 6 225 млн рублёў (у коштах 1941 г.). Эканоміка рэспублікі па прамысловых і энергетычных магутнасцях была адкінута на ўзровень 1913 г. Акупанты спалілі і разбурылі 100 465 прамысловых вытворчых будынкаў. Бы-лі знішчаны ці вывезены ў Германію 10 338 прамысловых прадпрыемстваў, уключаючы ўсе буйныя электрастанцыі (85% іх даваеннай колькасці).
Надзвычайная дзяржаўная камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захоп-нікаў устанавіла, што маёмасная шкода сельскай гаспадарцы склала 22 471,9 млн рублёў. Былі знішчаны 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 машынна-трактарных станцый, 1200 тыс. сельскіх будынкаў, у тым ліку 421 тыс. жылых хат калгаснікаў.
Варварскімі метадамі планава знішчаліся і раскрадаліся ўстановы культуры і навукі, адукацыі. Паводле дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, з 1941 г. па 1944 г. было знішчана 10 музеяў, шкода склала 163,4 млн рублёў. Акрамя таго, былі разрабаваны яшчэ 8 беларускіх музеяў. У краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы былі вывезены многія творы беларускага, рускага і заходнееўрапейскага мастацтва. Гэта захоўваныя ў Дзяржаўнай мастацкай галерэі БССР каля 1700 твораў жывапісу і абразоў, больш за 50 скульптур, а таксама шматлікія малюнкі, гравюры, музычныя інструменты, мэбля. Сярод іх творы знакамітых майстроў: І. Айвазоўскага, К. Брулова, В. Бялыніцкага-Бірулі, М. Урубеля, І. Левітана, І. Рэпіна, В. Сурыкава, а таксама Мікеланджэла, К. Растрэлі і інш. Толькі невялікая частка вывезенага была вернута Беларусі.
У гады вайны Беларусь пазбавілася свайго нацыянальнага знака – Крыжа Ефрасінні Полацкай, унікальнай каштоўнасці, створанай у 1161 г. Была страчана і знакамітая калекцыя слуцкіх паясоў, у якіх ярка адбіліся высокае мастацкае майстэрства і самабытнасць беларускага народа.
Амаль цалкам была знішчана рэспубліканская сістэма бібліятэк, разрабаваны яе кніжны фонд, які складаў 10 млн асобнікаў. Толькі з фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (у 1941 г. налічвалася 2 млн тамоў) былі страчаны больш за паўтара мільёна тамоў, сярод якіх рэдкія і старадрукаваныя выданні, рукапісы. Сёння каля 1 млн тамоў застаюцца нязнойдзенымі.
Разбурэнню падвергліся 5 тыс. тэатраў і клубаў.
Акупантамі былі знішчаны Беларуская акадэмія навук і 24 навуковыя ўстановы.
За гады вайны былі спалены і разбураны 8825 з 12 294 школ. Матэрыяльныя страты, нанесеныя ўстановам адукацыі рэспублікі, склалі 4,6 млрд рублёў.
Але як бы вялікай ні была матэрыяльная шкода, самай балючай і цяжкай стратай з’явілася гібель людзей.
За гады акупацыі гітлераўцы правялі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх цалкам ці часткова знішчылі 5454 вёскі. Страшным знакам злачынстваў гітлераўцаў на беларускай зямлі стала вёска Хатынь, спаленая разам з усімі жыхарамі. Яе лёс падзялілі яшчэ 618 сельскіх населеных пунктаў, 188 з якіх ужо ніколі не былі адноўлены.
На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Толькі ў вёсцы Трасцянец, дзе знаходзіўся адзін з самых вялікіх па колькасці знішчаных там людзей нацысцкіх лагераў смерці, загінула 206 500 чалавек. Прычым у адрозненне ад Асвенцыма, Майданака і Трэблінкі ў ім знаходзілася галоўным чынам мясцовае насельніцтва. Акрамя таго, у 186 населеных пунктах былі створаны габрэйскія гета. У менскім гета ўтрымоўвалася каля 100 тыс. чалавек, з якіх ацалелі адзінкі. Беларускія навукоўцы кажуць пра тое, што ў Беларусі ў сучасных межах за гады вайны былі знішчаны 715 тыс. габ-рэяў.
Лічыцца, што ў перыяд акупацыі ў Германію на прымусовыя работы былі вывезены каля 400 тыс. чалавек (у тым ліку 24 тыс. дзяцей).
Статыстыка сведчыць: калі да вайны ў Беларусі ў яе цяперашніх межах пражывала 9,2 млн чалавек, то ў канцы 1944 г. – 6,3 млн чалавек. Па дадзеных НДК па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усяго на тэрыторыі БССР забіта 2 219 316 чалавек цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных. Аднак пасля высвятлілася, што звесткі пра людскія страты па шэрагу раёнаў былі значна заніжаны, а таксама, што дадзеныя па некаторых лагерах для ваеннапалонных – недакладныя. У гэтую лічбу таксама не ўключаны тыя байцы Чырвонай Арміі з ліку беларускіх жыхароў, хто прапаў без вестак ці патрапіў у палон і загінуў там. Не ўлічаны таксама вывезеныя ў Германію і загінулыя там мірныя жыхары. У наш час не-каторыя даследнікі лічаць, што з улікам ускосных страт за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш млн жыхароў Беларусі, г.зн. не меней, чым кожны трэці.
Прадаўжала несці страты Беларусь і пасля вызвалення. Мы страцілі большую частку Беластоцкай вобласці. 20 верасня 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Свіслацкі, Скідальскі і Сапоцкінскі раёны вобласці былі перададзены ў склад Гарадзенскай вобласці, а горад Беласток і яшчэ 17 раёнаў перададзены Польшчы, дзе зноў утварылі Беластоцкае ваяводства. Беластоцкая вобласць Беларусі 20 верасня 1944 года была скасавана. У выніку гэтага Беларусь страціла яшчэ каля 1 мільёна чалавек, у тым ліку каля 71,8% этнічных беларусаў (па дадзеных польскага перапісу 1931 года). У самім г. Беластоку па дадзеных на 13 кастрычніка 1939 г. 79% насельніцтва лічыла сябе беларусамі.
Вікіпедыя.