6 чэрвеня 2021 года славутай беларускай пісьменніцы і любімай гарадзенцы Элізе Ажэшцы споўнілася 180 гадоў. Да вялікай юбілейнай даты супрацоўнікі ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” падрыхтавалі насычаны культурнымі імпрэзамі дзень, каб кожны ахвотны мог бліжэй пазнаёміцца з вядомай зямлячкай.
Святкаванне распачалося з некалькіх экскурсій па доме-музеі Элізы Ажэшкі. Госці аглядалі яе мемарыяльны пакой і слухалі цікавыя факты з біяграфіі пісьменніцы. Была адкрыта выстава рэдкіх выданняў, фотаздымкаў і рэчаў, якія захаваліся з часоў жыцця пані Элізы.
А самае яркае свята чакала ўсіх на літаратурна-музычным салоне “Эліза Ажэшка запрашае сяброў”. І насамрэч, адзначыць яе юбілей прыйшлі сапраўдныя сябры, аматары і прафесіяналы літаратурнага свету Гарадзеншчыны, таленавітая моладзь і звычайныя чытачы, для якіх пісьменніца з’яўляецца сімвалам любімай Гародні.
Усіх, хто прыйшоў на салон, яшчэ на вуліцы, з бал-кона дома-музея, сустракала скрыпачка, чыя прыгожая музыка захоплівала нават мінакоў. Дарэчы, квартэт ад Гарадзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа быў адной з самых яскравых зорак на юбілеі – іх выкананне засталося ў душы слухачоў.
Успомнілі і пра яшчэ аднаго вядомага беларускага пісьменніка – Максіма Багдановіча, які зусім маленькім жыў разам з сям’ёй недалёка ад дома пані Элізы. Калі б яны сустрэліся, пра што бы размаўлялі? Вядома адно – любоў да роднага краю вельмі б іх зблізіла. На гэтую тэму паразважалі навучэнцы Гарадзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якія прадставілі сваю праграму, прысвечаную беларускаму класіку. Творчае чытанне яго вершаў і прыгожыя песні ўразілі ўсіх прысутных.
Дзве эпохі творцаў – мінулага і сучаснага – сутыкнуліся ў гэты дзень на салоне. Павіншаваць імянінніцу прыйшлі гарадзенскія пісьменнікі, якія шануюць і захоўваюць літаратурныя традыцыі класікаў. Свае цудоўныя творы прадставілі Л. Кебіч, Д. Радзівончык, А. Апанасевіч, С. Глямбоцкая і іншыя літаратары. Завітаў і госць з Менска Юрый Радзькоў – таленавіты кінамеладэкламатар, які вельмі творча прачытаў верш Роберта Раждзественскага.
Прыгожую і рухо-мую кропку ў гэтым літаратурна-музычным вечары паставіў танцавальны калектыў Універсітэта Залатога Веку.
А пасля супрацоўнікі бібліятэкі разам з чытачамі адправіліся да помніка Элізы Ажэшкі, каб пакласці кветкі ў гонар любімай зямлячкі.
Калектыў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага вельмі шануе памяць аб знакамітай пісьменніцы і працягвае яе традыцыі. Доммузей Элізы Ажэшкі і ў наш час з’яўляецца месцам, дзе ззяе святло дабрыні і міласэрнасці, а дзверы адкрыты для кожнага.
www.grodna.lib.by.