Шаноўныя сябры “Нашага слова”!
Шмат чаго дзеецца ў нашай краіне. Нягледзячы на цывілізацыйныя катаклізмы, у краіне ідзе культурнае жыццё. Як Берасцейская цвердзь, стаіць кожны раён Заходняй Беларусі. Менш інфармацыі з Усходняй, але ж і там Беларушчына яшчэ не памерла.
Нягледзячы на катаклізмы, арганізацыі ТБМ вядуць змаганне за беларускую мову.
Маленькая арганізацыя ў Дзятлаўскім раёне, але вось выйшаў у іх літаратурны альманах “Ятранка”. Ніколі не было, а ў гэты няпросты час выйшаў. І прайшлі ажно тры прэзентацыі.
Невялікая нясвіжская арганізацыя, а ўжо сягае ў сваёй дзейнасці і на Стаўпецкі, і на Капыльскі, і на Клецкі раёны.
18 год прайшло, як быў знесены крыж у Беліцы Лідскага раёна, а леташняй восенню быў адноўлены.
Беларускае грамадства разбэрсалася, як кепскі стог пасля буры, а ў Гарадзенскай вобласці ў 14-й Агульна-нацыянальнай дыктоўцы сёлета прыняло ўдзел над 30 тысяч чалавек у больш, чым 220 населеных пунктаў.
Жыццё ідзе, і пра гэтае жыццё піша газета “Наша слова”.
І будзе пісаць.
“Наша слова” ўключана ў падпісны каталог на другое паўгоддзе 2021 года.
Падпісны індэкс: 63865.
Інфармацыя пра падпіску знаходзіцца на ст. 52 Каталога падпіскі на 2-е паўгоддзе.
Цана падпіскі:
на 1 месяц – 2,88 руб.;
на 3 месяцы – 8,64 руб.;
на 6 месяцаў – 17,28 руб.
У другім паўгоддзі па патрабаванні “Белпошты” днём выхаду газеты будзе чацвер. Для падпісчыкаў нічога не мяняецца, газета як друкавалася ў аўторак, так і будзе друкавацца ў аўторак.
Ясна, што наступае лета, ясна што павінна быць сезоннае падзенне падпіскі. Але, шаноўнае спадарства, падаць нам няма куды. Наадварот, арганізацыі ТБМ павінны скарыстацца з павышанай актыўнасці хаця б часткі беларускага грамадства і гэтую самую падпіску падняць.
Хто не паспее за месяц дайсці да пошты, каб падпісацца, хто не зможа, заходзьце на сайт nslowa.by. Там вы знойдзеце газету ў фармаце pdf. Там вы зможаце пра-чытаць і “спампаваць” большасць матэрыялаў газеты і шмат чаго іншага, цікавага і карыснага. У гэтым паўгоддзі на сайце будзе ўзмоцнена навінная складовая.
Але памятайце, што сайт – гэта дапаможная форма, гэта дадатак да газеты. Можа, калі-небудзь ён стане самастойным СМІ, але сёння гэта – дадатак да папяровай версіі. І зусім верагодна, што калі не стане папяровага “Нашага слова”, хутчэй за ўсё не стане і сайта. Карыстайцеся сайтам, калі трэба лёгка спампаваць тэкст, пазычыць каляровую фатаграфію, але перш за ўсё выпісвайце папяровую версію. Яна – у аснове ўсяго.
Шаноўнае спадарства! ТБМ не апусціла рукі і не збіраецца апускаць, і адзін з галоўных кірункаў гэтай дзейнасці выданне “Нашага слова”, а таксама “Новага часу”, “Верасня”, “Лідскага летапісца”, “Нясвіжскіх каетаў”.
Наша справа – справа барацьбы за беларускую мо-ву – святая. З намі беларуская зямля і беларускае неба!
Станіслаў Суднік.