(Працяг. Пачатак у № 12 ад 24 сакавіка 2021 г.)
У плане Спаская царква была ў выглядзе выцягнутага лацінскага крыжа з двухвежавым фасадам-нартэксам. Тры нефы ў храме былі роўныя па вышыні і накрыты агульным двухсхільным дахам, а таму звонку будынак выглядаў як аднанефавы. Іагану Глаўбіцу належыць і ўнутраны дэкор храма, а роспісы сцен былі адноўлены ў пазнейшы час. Інтэр’ер быў выкананы ў стылі ракако. Двух’ярусны іканастас быў пакрыты срэбрам і пазалотай. Амбон і ківоты пакрыты пазалочанай накладной разьбой вытанчанага малюнка, а таксама абразы і шаты, якія выканалі магілёўскія вядомыя майстры іканапісец Афанасій Пігарэвіч і чаканшчык Пятро Сліжык.
Да новага архітэктурнага прыёма, які выкарастаў Глаўбіц, не характэрнага для беларускай традыцыі, даследчыкі адносяць пяцігалоўе над сяродкрыжжам, падобнае на Андрэеўскую царкву ў Кіеве. Але калі ў Андрэеўскай царкве пяцігалоўе з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі і архітэктурнай дамінантай, то ў нашым выпадку яно адыгрывае дэкаратыўную і сімвалічную ролю. Па меркаванні даледчыцы архітэктуры Алены Дзмітрыеўны Квятніцкай, светлавы барабан і асноўны аб’ём храма былі пабудаваны ў розныя часы, аб чым сведчыць розная па памерах будаўнічая цэгла. Галоўны фасад, які накіраваны на захад, быў складзены з вельмі тонкай цэглы, а барабан купала з цэглы звычайнага памеру. Гісторык адзначае падабенства царквы з украінскімі храмамі. І гэта не выпадкова, бо Магілёў меў шчыльныя кантакты з Украінай на працягу стагоддзяў. Спаская царква пабудавана ў стылі позняга беларускага Віленскага барока, і таму асноўннае значэнне нададзена галоўнаму фасаду, які фланкіруецца дзвюма тэлескапічнымі вежамі, паміж якімі размяшчаецца “карункавы” франтон.
Гісторыя Спаскай царквы насычана многімі цікавымі гістарычнымі падзеямі і фактамі. Напрыклад, у траўні 1780 года расійская імператрыца Кацярына ІІ у час свайго візіту ў горад Магілёў дзеля сустрэчы з імператарам Аўстра-Венгрыі наведала кафедральны сабор, дзе епіскап Г. Каніскі казаў прамову. Тут жа на тэрыторыі Спаскага манастыра ў садзе архірэя меў працяглую размову князь Рыгор Пацёмкін з імператарам Аўстра-Венгрыі Францам Іосіфам. У час вайны 1812 года французскія войскі пакінулі ў горадзе ўсё цэлым і не рабавалі праваслаўныя храмы, але абшукалі кладавыя Спаскай царквы і забралі 8 турэцкіх гармат, якія Р. Пацёмкін падараваў епіскапу на медны звон. Падчас знаходжання Галоўнакамандуючага ў Магілёве ў часы Першай сусветнай вайны менавіта Спаская царква выконвала функцыі царквы пры Стаўцы. І за гады вайны ў гэтым храме пабывала ўся імператарская сям’я і ўся вайсковая і палітычная эліта Расійскай імперыі. Ва ўсе святочныя дні і ў нядзелю, а таксама напярэдадні цар наведваў штабную царкву. Рызніца гэтай царквы, дзякуючы шчодрым ахвяраванням, уяўляла вялікую мастацкую каштоўнасць і к канцу 1916 года была нават багацей за рызніцу Фёдараўскага сабора ў Царскім Сяле!!! Царская сям’я рэгулярна наведвала царкоўныя службы. М. Бялеўская ўзгадвала: “Там пеў выдатны хор з мабілізаваных спевакоў, і гэты хор мог смела спаборнічаць з любым мітрапаліччым хорам. Гасудар быў аматарам царкоўных спеваў і меў любімыя песнапенні, якія ў яго прысутнасці і выконваліся”. У сакавіцкія драматычныя дні 1917 года для таго, каб падтрымаць свайго сына, былога цара Мікалая ІІ, з Кіева ў Магілёў завітала ўдава-імператрыца Марыя Фёдараўна, якая таксама малілася ў Спаскай царкве. Вось, як яна ўзгадвала гэтыя дні: “Была ў царкве, дзе сустрэлася з маім Нікі, малілася спачатку за Расію, затым за яго, за мяне, за ўсю сям’ю. У 11 гадзін служба скончылася.”
Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 года храмы ў Магілёве пачалі зачыняцца, і ў Спаскай царкве, дзякуючы намаганням гісторыка і архівіста Зміцера Даўгялы, быў створаны архіў, куды звозіліся дакументы з усяго горада.
Але, на вялікі жаль, архіў быў разгромлены супрацоўнікамі ЧК, якія знаходзіліся побач у будынку былога палаца епіскапа і кансісторыі. Затым разглядаўся варыянт выкарыстання велічнага храма ў якасці спартовай залы для вайскоўцаў. Як бы там ні было, але да вайны сам будынак царквы быў цэлы і не пашкоджаны. І ўжо толькі ў час масавых бамбардзіровак Магілёва савецкай авіяцыяй з 1943 – 1944 гадах храм быў зруйнаваны. Па сведчаннях старажылаў, гітлераўскія захопнікі спрабавалі ўзарваць царкву, калі пачаліся налёты савецкай авіяцыі, бо высокі будынак мог быць арыенцірам для лётчыкаў. Але гэта гітлераўцам не ўдалося, бо царква вельмі трывала была пабудавана, і яна была знішчана, хутчэй за ўсё савецкай авіацыяй. Па мер-каванні краязнаўца Алега Давіда Лісоўскага, царква была знішчана савецкай авіяцыяй у перыяд люты – сакавік 1944 года.
Ужо пасля вайны, у 1950-х гадах на падмурках храма быў пабудаваны будынак Будтрэста №12, а зараз тут знаходзіцца Абласны следчы камітэт. Большая частка падмуркаў Спаскай царквы, на вялікі жаль, знішчана. А. Лісоўскі ў апошнія гады сабраў вялікую калекцыю фотаздымкаў Спаскай царквы, якая дапамагае нам прасачыць гісторыю храма ў апошнія гады яго існавання.
Алег Дзьячкоў.
Магілёў.
На здымках: 1. Спаская царква, 1916 г.; 2. Цар Мікалай ІІ каля Спаскай царквы; 3. Званіца Спаскай царквы; 4. Архівіст Зміцер Даўгяла; 5. Спаская царква, 1943 г.