Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Родныя набліжалі Дзень Перамогі

Родныя набліжалі Дзень Перамогі

25 мая 2021, 16:28 Грамадства 24
Родныя набліжалі Дзень Перамогі

“Пакуль і мы,  і ўнукі будзем жыць,

Нам тыя дні і ночы не забыць”.  

Міхаіл Ясень.

 

Успамінае Сяргей Іванавіч Законнікаў:

 

– Мой бацька Іван Законнікаў быў зенітчыкам. Ён ваяваў на Украіне, а пасля Перамогі вярнуўся на Беларусь. Бацькі пазнаёміліся яшчэ да вайны. Мама, Валянціна Фёдараўна, была сувязной партызанскага атрада, а затым  знаходзілася ў атрадах, якія дзейнічалі  ва Ушацкім, Бешанковіцкім і Лепельскім раёнах.

Мой старэйшы брат Міхась нарадзіўся ў 1942 годзе. Як толькі матуля скончыла карміць яго грудзьмі, ён застаўся на руках бабулі, якая яго даглядала, а мама  пайшла ў партызанскі атрад. Пазней ёй давялося перажыць партызанскую блакаду ля возера Палік у Барысаўскім раёне. Яны былі ў акружэнні, сядзелі ў багне, у твані, адтуль мама выйшла зусім хворая. Пасля вайны мама працавала настаўніцай ў Глыбачцы Вушацкага раёна Віцебскай вобласці, дзе прайшло маё дзяцінства.

 

Успамінамі падзяліўся пісьменнік Эрнест Васільевіч Ялугін:

– Мой бацька Васіль служыў артылерыстам. Ён быў пакліканы ў войска яшчэ за некалькі месяцаў да пачатку вайны будаваць Берасцейскія ўмацаванні. Яму ўдалося выжыць, ён вярнуўся  праз год пасля вайны, бо быў афіцэрам і год даслужваў, рыхтуючы артылерыйскія кадры.

У 1945 годзе мы з маці жылі на вёсцы ў дзедавай хаце, куды мама здолела з трыма дзецьмі перайсці з Дуброўна.

У вясновы час я знайшоў гранату і засунуў яе пад шуло. Пачуўся выбух, я быў паранены асколкам, аглушаны і кантужаны, да мяне прыязджаў вайсковы ўрач. І вось 9 траўня з сельсавета перадалі радасную навіну, што надышла Перамога над фашысцкай Германіяй! Я выбраўся з хаты на вуліцу, з перабінтаванымі кульцямі, у сваіх бінтах, і цешыўся радаснай навіной разам з усімі!

Падчас працы над аповесцю “Мсціслаўцаў посах” я падымаў вялікі гістарычны матэрыял, перачытваў Біблію. І зараз шмат разважаю над тэкстамі Старога Запавета і пішу на гэтую тэму.

 

Успамінае пісьменнік Віктар Філімонавіч Карамазаў:

– У час Вялікай Айчыннай вайны я жыў з бацькамі ў Чувашыі, Татарстане, Ульянаўскай вобласці. Ва Ульянаўскай вобласці мы трапілі пад бамбёжку, я  згубіўся, і бацька мяне знайшоў на ваенным заводзе, дзе рабілі снарады і міны. Я патрапіў у інтэрнат для беспрытульных дзяцей. Нас апраналі ў салдацкія неданоскі і кармілі… 9 траўня я сустрэў у родным Крычаве.

Усю гэтую зіму я працаваў за друкарскай машынкай. Абыходзіў тэрыторыю парку і вяртаўся дадому. Спадзяюся, калі нешта прасвятлее ў грамадскім жыцці, тады спытаюць, а што ты зрабіў? Я застаюся верным сваім ідэалам у літаратуры і мастацтве, пішу пра лёсы беларускіх мастакоў.

 

Гаворыць Іраіда Шмакава, фельчар:

 

– Мы сустрэлі Перамогу з нашым вайсковым шпіталём у Барысаве. Я нарадзілася ў Бранску, скончыла сямігодку, а пасля яе – медыцынскую вучэльню. Апынулася на службе ў вайсковым шпіталі, які з Казані перадыслакавалі на Волхаўскі фронт. Там ішлі цяжкія баі. 849-ты артылерыйскі полк быў на самай перадавой. Мы рабілі перавязкі байцам, цяжка параненых перапраўлялі ў тыл. У мірны час я знаходзілася на розных работах, бо муж быў вайскоўцам.

Запісала Эла Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2216
Далучайцеся да нас