10 і 11 траўня 2021 года, у святочна-памятныя дні, група вернікаў з Магілёўшчыны (Магілёў, Мсціслаў, Шклоў) здзейснілі вандроўку-паломніцтва ў горад Наваградак, дзе маліліся і выказвалі ўдзячнасць дабраслаўлёным сёстрам-манахіням за складзеную ахвяру.
Асноўная група паломнікаў – гэта вернікі-католікі. Таксама ў паломніцве ўдзельнічалі і асобныя праваслаўныя вернікі. Арганізатарам і кіраўніком вандроўкі быў ксёндз-пробашч Шклоўскага касцёла Пятра і Паўла Міхал Бубен. На пачатку вандроўкі, разважаючы над тэмай пакутніцтва сясцёр з Наварадка, святар адзначыў, што іх рашэнне аддаць жыццё за бліжніх не было мімалётным імпульсам, але вынікала з моцнага малітоўнага фундамента, які дазваляе рабіць адважныя крокі.
– Так і мы падчас шляху будзем загартоўваць нашу веру, каб з яе дапамогай прымаць мудрыя і смелыя рашэнні ў сваёй паўсядзённасці, – падкрэсліў ксёндз Міхал.
Непасрэдна ў Наваградку ў фарным касцёле для магілёўскіх вернікаў была адпраўлена ўрачыстая Святая Імша на ўспамін 11 Дабраславёных сясцёр-пакутніц, якую ўзначаліў ксёндз Міхал Бубен. Потым усе прысутныя ўшанавалі рэліквіі Дабраславёных.

У гэты ж дзень магілёўскія вернікі азнаёміліся з кляштарам манахінь Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назаратанкі) і іншымі памятнымі мясцінамі старажытнага Наваградка. Гэты беларускі горад прайшоў шлях ад пасёлка дрыгавічоў, які ўзнік у X ст., гандлёва-рамеснага паселішча і цэнтра воласці XI ст. да пабудаванага на пачатку XII ст. гарадзенскім князем Усеваладам Яраславічам горада. Будаўніцтва новага ўмацаванага цэнтра ў першай палове XII ст. было здзейснена на Замкавым узвышшы, ён ахопліваў сённяшнія Малы замак і Замкавую гару. Завяршылася па-ломніцтва супольнай малітвай у Батароўскім лесе на месцы пакутніцкай смерці сясцёр.


Таксама магілёўскія вернікі наведалі Дом Святой Тройцы ў Баранавічах. Тут, у капліцы, адбылася імша, сяброўская вячэра, а потым пілігрымы ўладкаваліся на адпачынак. На наступны дзень адбылася сустрэча ў рэдакцыі культурна-рэлігійнага часопіса “Дыялог” і агляд музейнай экспазіцыі “Дарогаю Бібліі”. Музейная экспазіцыя прадстаўлена мноствам розных экспанатаў, якія знаёмяць з біблейскім светам, даюць магчымасць зразумець эпоху і ўмовы, у якіх стваралася самая асноўная кніга – Біблія. Разнастайныя экспанаты дапаўняюць вялікае мноства фотаздымкаў са Святой Зямлі, якія зроблены святаром і фотамайстрам Карнеліем Конекам. Гэ-тыя культурна-асветніцкія асяродкі ўтульна размясціліся ў будынку баранавіцкага Дома Святой Тройцы.
На шляху падарожжа магілёўскія паломнікі таксама рабілі прыпынкі каля Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Звычайна нашая штодзённасць складаецца з манатонных і руцінных спраў. Менавіта такія вандроўкі дапамагаюць нам вырвацца з гэтай руціны. Дакрануўшыся да святых і культурна-асветніцкіх мясцін, такія падарожжы дапамагаюць яшчэ больш пазнаць сваю Радзіму, сутнасць храсціянскай веры. Шчыры дзякуй усім, хто спрыяў нашаму падарожжу і асабліва ксяндзу-пробашчу Шклоўскага касцёла Пятра і Паўла Міхалу Бубену.
Гістарычная даведка: У ліпені 1943 г. у Наваградку было арыштавана каля 120 мужчын, будучы сумны лёс якіх не выклікаў у людзей сумневаў. Настаяцельніца супольнасці сясцёр назаратанак сказала тады кс. Аляксандру Зянкевічу, адзінаму ацалеламу ў акрузе святару: “Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем’і”. 1 жніўня ў лесе за горадам манахіні былі расстраляны, а мужчыны вярнуліся ў свае сем’і. Пасля вайны 19 красавіка 1945 г. целы сясцёр- пакутніц былі перанесены і пахаваны каля Белай Фары ў Наваградку. 27 верасня 1991 г. іх рэліквіі перанеслі ў склеп у бочнай капліцы касцёла. 5 сакавіка 2000 г. у Рыме адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр назаратанак.
Алесь Грудзіна,
удзельнік вандроўкі.
Фота аўтара.
На здымках: 1. Белая фара ў Наваградку; 2. Імшу адпраўляе Міхал Бубен; 3. Знак на месцы расстрэлу сясцёр-пакутніц; 4. Саркафаг з рэліквіямі сясцёр-пакутніц.

