Да 100-годдзя беларускага гісторыка, публіцыста, пісьменніка і паэта Міколы Іванавіча Ермаловіча ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прапануецца чытачам кніжная выстава, якая змяшчае публікацыі ў часопісах, брашурах і зборніках, прысвечаныя вядомаму гісторыку, прыхільніку новай беларускай рамантычнай плыні гісторыяграфіі. На выставе прадстаўлены кнігі Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, “Па слядах аднаго міфа”.
“Яшчэ ў далёкія 1970-тыя гады гэты чалавек не баяўся гаварыць праўду пра нашу гісторыю, хоць яна пярэчыла і афіцыйнай навуцы, і тагачаснай камуністычнай ідэалогіі. А героем навукі ён ёсць толькі таму, што маючы нулявы зрок (акуляры -12-16 + павелічальнае шкло) мог чытаць на адлегласці ад вока прыблізна 3-5 см. З такім зрокам ён змог напісаць сапраўдную гісторыю Беларусі”, – адзначаў Дзмітрый Давідоўскі на старонках часопіса “Маладосць” у 2016 годзе.
Мікола Ермаловіч (1921-2000) нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Менскага павета (цяпер Дзяр-жынскі раён) у вялікай працавітай сялянскай сям’і. У яго былі браты Валянцін і Леанід ды сястра Марыя. Яшчэ перад акупацыяй Беларусі нямецкімі войскамі Мікола Ермаловіч здаў экстэрнам іспыты за сярэднюю школу, паступіў на падрыхтоўчыя курсы. Пасля заканчэння курсаў навучэнцаў запрасілі працаваць у толькі што далучаныя раёны Заходняй Беларусі. Ён апынуўся ў Шаркаўшчыне, на пасадзе загадчыка педкабінета райана. Потым на беларускім аддзяленні педагагічнага інстытута ў Менску ён правучыўся тры гады.
З 1941 па 1943 год Мікола Ермаловіч працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР. З пачаткам вызвалення беларускіх земляў ад захопнікаў ён быў накіраваны ў былы Суражскі раён Віцебскай вобласці загадчыкам аддзела адукацыі. У 1946 годзе Мікола Ермаловіч аднавіўся ў педынстытуце, паспяхова скончыў яго ў 1947 годзе і атрымаў накіраванне ў аспірантуру з перспектывай займацца навуковымі даследаваннямі. Але праз год аспіран-туру прыйшлося пакінуць па ідэйных матывах. Прычынай стаў духоўны і ідэйны дыскамфорт, канфрантацыя з уладамі ад навукі. З 1955 па 1957 г. М. Ермаловіч быў старшым выкладчыкам Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. З-за слабога зроку ў 1957 годзе М. Ермаловіч выйшаў на пенсію. З гэтага часу пачынаецца яго самаадданая праца па асэнсаванні і напісанні гісторыі Беларусі Сярэднявечнага перыяду ад IX да XVI стагоддзя. Ён актыўна займаўся літаратуразнаўствам, даследаваў і прапагандаваў шматлікія постаці, падзеі і з’явы з гісторыі беларускай літаратуры.
Першая гістарычная кніга Міколы Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа” была напісана яшчэ ў сярэдзіне 1960-тых гадоў. У той час яе адмовіліся друкаваць у выдавецтве “Полымя”. І толькі праз 20 гадоў, у 1989 годзе, яна пабачыла свет. Увесь гэты час названая кніга распаўсюджвалася сярод беларускай інтэлігенцыі і студэнцтва ў фота- і машынапісных копіях, прывіваючы любоў да Бацькаўшчыны, вызваляючы людзей ад фальшывай інтэрпрэтацыі мунуўшчыны.
У адрозненне ад спецыялістаў-гісторыкаў з дыпломамі кандыдатаў і дактароў навук, якія працавалі ва ўніверсітэцкіх цэнтрах Савецкай Беларусі, Мікола Ермаловіч разглядаў мінулае беларускага народа з нацыянальных пазіцый, як прынята ва ўсіх цывілізаваных краінах і грамадствах. Яго асноўны метадалагічны прынцып заключаўся ў прызнанні факта, што беларускі народ ёсць суб’ект гістарычнага працэсу, а не аб’ект альбо складовая частка ідэалагічнай канструкцыі. Мікола Ермаловіч займаўся праблемамі генезісу і развіцця Вялікага Княства Літоўскага. Ён глядзеў на мінулае беларускага народа вачыма жыхароў Полацка, Турава, Наваградка і іншых беларускіх гарадоў і рэгіёнаў.
“Ён спрабаваў зразумець працэсы і падзеі розумам і сэрцам палачанаў, менчукоў, гарадзенцаў, віцьбічаў і іншых насельнікаў беларускіх земляў у раннім Сярэднявеччы. Для нас назаўжды застануцца яго кнігі, артыкулы, ідэі і гіпотэзы, вера. Вера ў тое, што беларускі народ – вялікі народ з багатай гісторыяй”,- адзначаў Генадзь Семянчук.
Вольга Іпатава на старонках часопіса “Полымя” ў 2001 годзе прыгадвала, як у маладыя гады, калі яна працавала над дыпломам, то сустракала ў Ленінцы прыгорбленага чалавека, які схіляўся над стосам кніжак. Мікола Ермаловіч рабіў маладой паэтцы заўвагі па яе вершах на гістарычную тэматыку.
Пра Міколу Ермаловіча напісаў у сваёй брашуры з цыклу “100 выдатных дзеячаў” Анатоль Астапенка:
“Ён зрабіўся маім настаўнікам, а я навекі ўдзячны яму за тое, што ён вярнуў мне гісторыю беларусаў, вярнуў мне веру ў беларускі народ. Я стаў ведаць, што мы, беларусы, не нейкі там пакорлівы, маўклівы народзец без мінулага і будучыні, а цалкам самастойная магутная еўрапейскай нацыя з вялікай гісторыяй, выдатнымі героямі, цудоўнымі пісьменнікамі, мастакамі і навукоўцамі”.
“Пад канец жыцця Мікола Ермаловіч ужо не мог чытаць, нават з моцнай лупай. Апошнюю кнігу ён і не бачыў, і не патрымаў у руках. Яна выйшла пасля яго смерці. “Беларуская дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае” – назваў яе аўтар”, – напісаў Уладзімір Крукоўскі ў часопісе “Роднае слова” ў 2001 годзе. На выставе ў зале беларускай літаратуры НББ дэманструюцца таксама лісты Ларысы Геніюш да Міколы Ермаловіча, надрукаваныя ў часопісе “АРХЭ” № 3, 2003. Захавалася 19 лістоў паэткі.
Мікола Іванавіч – не кандыдат,
Не доктар, не акадэмік па званні,
Калі ж быць дакладным, калі ў акурат –
Народны гісторык ён па прызванні.
Ён хоча сказаць, што яднаюць людзей
Праўда і справядлівасць,
Калі ж іх не знойдзем у ходзе падзей,
Страцім да роднага краю пачцівасць…
… У век панавання антыідэй,
Суцэльнай хлусні і падману
Ці многа, Радзіма, у цябе дзяцей,
Што служаць табе аддана?!
(Яўген Гучок, 1985 г.)
Падрыхтавала
Эла Дзвінская.

