Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Актуалізацыя спадчыны З. Бядулі і жывы кантакт з сынам класіка

Актуалізацыя спадчыны З. Бядулі і жывы кантакт з сынам класіка

11 мая 2021, 19:44 Культура 5
Актуалізацыя спадчыны З. Бядулі і жывы кантакт з сынам класіка

У Менску ў межах віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 29 красавіка адбыўся круглы стол “Беларускі салавей”, прысвечаны Змітраку Бядулі (1886-1941), прымеркаваны да 135-годдзя класіка. У ім прынялі ўдзел даследчыкі спадчыны З. Бядулі, а таксама ганаровы госць – сын паэта і пісьменніка Яфім Самуілавіч.

Падчас правядзення круглага стала выступіла прафесар Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук прафесар Зоя Пятроўна Мельнікава. Змітрок Бядуля ўвайшоў у яе прафесійнае жыццё, у яе выкладчыцкую дзейнасць, яе кандыдацкая дысертацыя была прысвечана прозе Зм. Бядулі, таму яна адчувае абавязак несці новае слова пра яго ў грамадства.

– Мы яшчэ мала ведаем Бядулю, як публіцыста, тэарэтыка, філосафа, мысляра,  не ўся яго спадчына надрукавана. Яго вы-данні папоўніла кніга з серыі “Беларускі кнігазбор”, у якую былі ўключаны новыя творы. 

Змітрок Бядуля належаў да пляяды нашаніўцаў, якія клалі свае сілы, аддавалі сваю душу, і шчыравалі, каб Беларусь была беларускай, – падкрэсліла Зоя Пятроўна Мельнікава. – Важна, каб нічога не заставалася забытым.

Змітрок Бядуля і Максім Багдановіч былі блізкімі  ў сваіх літаратурных і эстэтычных пошуках, толькі Бядуля быў больш узнёслы і паэтычны. Яго эсэ, нарысы, – усё вельмі кранае!

Яго філасофская глыбіня і мудрасць мае вытокі ў родзе Плаўнікаў. Чулай душой успрынятая з дзяцінства кніжнасць, Талмуд, пачуты ад дзеда, сфарміравалі душу будучага пісьменніка. Дзівосная мова, сістэма вобразаў даюць выдатную падставу для даследавання. Тэма беларускіх габрэяў – важная ў нашым сацыя-культурным асяроддзі. Творы яго вельмі хораша прачытваюцца сёння ў нашых умовах. Я знайшла актуаліі ў рамане “Язэп Крушынскі”, у яго аповесцях. Варта звярнуцца да публіцыстычнага артыкула “Сіла і праўда” (1914), які прачытваецца вельмі актуальна. “Сіла – гэта магутная істота, якая прыціскае сабой усё і хоча заглушыць праўду. Але так не павінна быць! Праўда ўсё роўна павінна адбыцца”, – пераконвае нас публіцыст Змітрок Бядуля.

– Габрэйская культура – страчаная Атлантыда для нас, – адзначалі ўдзельнікі круглага стала. –  Сапраўднае імя пісьменніка было габрэйскім – Шмуэль. Змітрок Бядуля вучыўся ў хэдары, у ешыбоце, мог стаць равінам, але ён не пайшоў гэтым шляхам, адышоў ад рэлігіі, але працягваў кантакт з габрэйскім асяроддзем. Змітрок Бядуля звязваў габрэйскую культуру з беларускай. Ён яднаў розныя светы ў адной прасторы.

Вялікі інфармацыйны прадукт быў створаны ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” дзеля ўшанавання З. Бядулі ў сучаснасці. Пра яго паведаміла Святлана Вербаль, вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі, якая ўдзельнічала ў праекце. Сёння спадчына класіка вяртаецца да чытачоў і глыбей даследуецца. На сайце біблітэкі www.nlb.by даступна тэкставая інфармацыя, фотаздымкі і выявы твораў класіка, інфармацыя пра пастаноўкі твораў на сцэне. У студзені гэтага года адбываўся навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”, прысвечаны З. Бядулю і М. Зарэцкаму. У Беларускай хатцы ёсць экспазіцыя пра Змітрака Бядулю. У сярэдняй школе аграгарадка “Крайск” знаходзіцца музей З. Бядулі.

У круглым стале ўзяў таксама ўдзел літаратуразнавец, паэт, архівіст Віктар Жыбуль, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва. Ён знайшоў звесткі пра адгалінаванне роду Плаўнікаў.

На сустрэчы выступіў сын пісьменніка Яфім Самуілавіч Плаўнік. Ён падзяліўся ўспамінамі дзяцінства, распавёў, як пісьменнік граў на скрыпцы, спяваў, маляваў. Паэты, пісьменнікі і артысты выступалі ў доме Змітрака Бядулі і яго жонкі. Змітрок Бядуля ведаў латынь, нямецкую мову, іўрыт.

– Мінулы год прайшлоў пад знакам перапахавання майго бацькі, – падзяліўся Яфім Плаўнік. – Гэта было вельмі складанай справай. Некалькі разоў паступалі такія прапановы. І нарэшце гэта здзейснілася. Парэшткі былі перанесены ў Менск 3 лістапада 2020 года. Перапахаванню спрыяў прадстаўнік Фонда Марыі-Магдалены Радзівіл Аляксандр Сапега. Настаяцель царквы з Бабруйска а. Віктар сказаў, што Змітрок Бядуля быў чалавекам Божым.

Э. Дзвінская.

На здымку: Яфім Самуілавіч Плаўнік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас