Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
31 год я жыву ў камандзіроўцы

31 год я жыву ў камандзіроўцы

11 мая 2021, 19:32 Грамадства 13
31 год я жыву ў камандзіроўцы

– 31 год я жыву ў камандзіроўцы, – так распачалася размова з Валянцінай Мінчук, сям’я якой, пасля жудаснай трагедыі ў 1986 годзе, цягам часу вымушана была з’ехаць з родных мясцін на Гомельшчыне. Такі лёс чакаў і іншых нараўлянцаў, якія, хвалюючыся за дзяцей, пакідалі родныя хаты.

– Першай думкай, – працягвае нашу размову Аляксей Ломач, – як і куды вывезці дзяцей. Хаця спачатку мы, жыхары Нароўлі, мала што ведалі пра аварыю. “Сарафаннае радыё” данесла, што нешта здарылася. Але на той час мы ўжо адзначылі Першамай, на які выйшлі з сем’ямі. Спякота была страшная. Але якраз напарэдадні першамайскіх святаў давялося пабачыць такую карціну: з украінскага боку па дарозе ішлі калоны машын, якія вывозілі жывёлу. А нашыя ўлады не давалі ніякай дакладннай інфармацыі, якраз наадварот, казалі, што падставаў для панікі няма. Аднак мы ўжо пачалі разумець, што здарылася нешта  страшнае.

 

Сям’я Валянціны Мінчук, у якой падрасталі трое маленькіх дзяцей, жыла ў вёсцы Завайць,  ад якой да райцэнтра не болей за 8 кіламетраў. Мелі добры дом, сваю гаспадарку. Пра тое, што ў Чарнобылі адбылася аварыя, гаварыла ўжо ўся вёска. Але што рабіць, куды кінуцца?

– Ездзілі самі, шукалі  месца для жыцця. А куды ехаць, дзе шукаць, нічога людзі не ведалі. У вёску прыязджалі “партызаны”: мылі дахі дамоў, здымалі верхні пласт глебы, усюды ваенныя пасты, міліцыі шмат было. Цяжка было. Вельмі хваляваліся за дзяцей, – успамінае Валянціна Мінчук.

Многія жыхары  самі пачалі шукаць выйсце, бо жыць,  не толь-кі на Нараўляншчыне, было ўжо небяспечна. Таму і з’язджалі, не дачакаўшыся неабходных папер аб адсяленні.

Пасля аварыі сям’я Лома-чаў пражыла яшчэ ў Нароўлі 4 гады:

– Мы не проста жылі, мы змагаліся, каб пачуць праўду і вырашыць, што рабіць далей. У горадзе былі частыя мітынгі, сходы, на якіх людзі патрабавалі сказаць праўду пра трагедыю. У кожнай сям’і былі дзеці, і гэта турбавала больш за ўсё.

Праблема кранулася з месца, калі дырэктар завода буддэталяў Лешчанка Леанід Паўлавіч, па дамове з Віцебскім аблвыканка-мам, дамовіўся  аб “пераездзе прадпрыемства” ў Верхнядзвінск, куды прыехала больш за два дзясяткі перасяленцаў. Так пачалося новае жыццё на новым месцы.

– Але ж адразу, пасля добраўпаракаваных кватэр на радзіме, трапілі ў баракі ПМК, бо для чар-нобыльцаў будаваўся дом, які яшчэ быў не гатовы. Нават калі мы перасяліліся, яшчэ некалькі месяцаў не было вады, газу… Цяжка было, – расказвае Аляксей Ломач.-Ды і будаваўся дом хуткімі тэмпамі: за тры з лішнім месяцы паставілі  пяціпавярхоўку, што “дае пра сябе знаць” і праз столькі год. Бо было не да тэхналогій, і да сённяшняга часу дом халодны, вонкавы выгляд не зачаруе вока.

– Дамагліся за столькі год адраматантаваць дах, але праблемы “чарнобыльскага дома”, як яго называюць  у горадзе, да сённяшняга часу так і не ліквідаваны, – працягвае Валянціна Мінчук. -Абіваем парогі ва ўладаў. Вуглавыя кватэры ў доме халодныя, дом, мабыць, самы страшны ў горадзе па вонкавым выглядзе. Дабраўпарадкаваннем займаемся самі. Тры гады таму аб’явілі акцыю “Добры сусед”: пасадзілі туі, івы, зрабілі альтанку, шыкоўныя домікі для птушак, бо на азярцы ў нас жывуць лебедзі, качкі, ёсць рыба. Але азярцо зарастае, трэба чысціць. Напярэдадні журботнай даты  правялі суботнік і вырашлыі пасадзіць Алею памяці для дзяцей, якія нарадзіліся ўжо тут, і ўнукаў.  Усё ўласнымі сіламі, уладу, праўду кажучы, наша ініцыятыва моцна не кранула.

Пасля чарнобыльскай аварыі на Верхнядзвіншчыну прыехала болей за сотню чалавек. Праз некаторы час адны з’ехалі ў іншыя мясціны, другія знайшлі вечны прытулак на новай радзіме.

У 1996 годзе грамадскі сектар раёна звярнуўся да колішняга загадчыка аддзела культуры Валерыя Дарафеевіча Багушэвіча, які таксама ўжо ў іншым свеце, а ідэю падкінуў Мікалай Мікіценка, чарнобыльскі ліквідатар, царства яму нябеснае, наведаць Хойніцкі раён з канцэртнай праграмай і праехаць па пацярпелых вёсках. Была якраз Радаўніца.

Калі  ініцыятыва была ўхвалена ўладамі, мы пачалі збор сродкаў для набыцця падарункаў: купілі тэлевізар для Хойніцкага вучылішча, магнітафоны для дзіцячых садкоў, рукамыйнікі для пастоў назірання ў зоне, і іншыя патрэбныя рэчы. Ехаў на Хойнікшчыну “народны” калектыў РДК “Ярыца”.

Гомельшчына тады гарэла: дым суправаджаў нас увесь час. Кожны дзень сустрэчы ў вёсках, установах раёна, сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады. Паездка доўжылася тыдзень. Мы ўсё запісвалі і здымалі. Узгадваецца сустрэча ў вёсцы Стралічава: паўнюткая зала, а мы не можам пачаць канцэртную праграму, бо зладзілася чарга на запіс. Па вёсцы хутка распаўсюдзілася чутка, што прыехалі журналісты, усё запісваюць і здымаюць. Нам крыху было незразумела такая актыўнасць людзей. А аказалася, што літаральна за некалькі дзён яе наведваў кіраўнік краіны і жыхары спадзяваліся выказацца пра набалелае. Але, як нам расказалі, была адабрана патрэбнная колькасць  жыхароў, якіх запусцілі ў залу, ды было загадана пытанняў не задаваць.

Падчас той паездкі мы атрымалі дазвол і праехалі ўсю зону да вёскі Пагоннае. А вось там было ад чаго  разарвацца сэрцу. Гэта  была Радаўніца, і былых жыхароў вёсак, што аказаліся ў “зоне”, дапусцілі прыехаць на могілкі. Наш аўтобус спыніўся каля двухпавярховага будынка, былой канторы калгаса, і як толькі мы пачалі выходзіць з дзвярэй, распачалася сустрэча, якая разарвала б сэрца кожнаму. На вуліцы быў вецер, які гаyяў па плошчы лісткі паперы. Аказалася, што гэта калгасныя дакументы: заявы былых жыхароў вёскі на выдзяленне трактара, сена… Людзі, якія ў той час былі тут, лавілі гэтыя “пісьмы з мінулага” і горка плакалі: на заявах былі прозвішчы іх суседзяў,  з якімі яны ўжо даўно не сустракаліся, прозвішчы памёрлых… Пра гэта цяжка ўспамінаць нават праз  столькі год.

І калі мы вярнуліся дадому, хутка пачалі рыхтаваць справаздачу пра нашу паездку. У дзень трагедыі ў РДК павіннна была прайсці вечарына памяці, а мы прывезлі шмат відэаматэрылаў з Хойніцкага раёна. Выйшлі на сцэну Дома культуры з  Мікалаем Мікіценкам, ён прамовіў свае ўступныя словы, … а ў мяне замест маіх уступных словаў пакаціліся слёзы … некалькі хвілін у зале стаяла цішыня.

Пасля той паездкі я толькі крыху асэнсавала, што гублялі людзі, з’язджаючы з родных мясцін. Каб усвядоміць  гэта, трэба было  наведаць “чарнобыльскую зону” і зразумець, як няпроста было ім, перасяленцам, калі яны прыехалі ў наш раён.

– Першыя гады ўзгадваюцца з болем. Акрамя побытавых праблем, мы адчулі “асаблівыя адносіны” мясцовых жыхароў, – працягваем размову з Валянцінай Мінчук. – Калі нашы дзеці пайшлі ў школу, дзеці мясцовых жыхароў баяліся садзіцца разам за парту. Казалі пра нас “светлячкі”, як  быццам мы свецімся. І калі ў магазін прыходзілі, то мясцовыя стараліся трымацца ад нас далей. Цяжка было.

Радзіма на Гомельшчыне цягне да сябе, бо там пахаваны мае бацькі, бацькі майго мужа, жывуць мае родныя. І калі я  вяртаюся назад, задаю сабе пытанне: куды я еду?

Падобныя пачуцці і ў сям’і Аляксея Ломача:

– Верхнядзвінск – прыгожы горад, прыгожыя мясціны, але ў памяці – Прыпяць, Нароўля. Кватэра  ў нас была  ў цэнтры горада, недалёка рака, пляж… Уладкаваліся тут,  жывём. Але памяць пра родня мясціны – у сэрцы. І з гэтым жывём тут столькі год.

Дом № 72 па вуліцы Першамайскай так і застанецца “чарнобыльскім”, нягледзячы на тое, што жывуць у ім зараз, збольшага, ужо не чарнобыльцы. І ў гадавіну жалобнай даты тут, на Верхнядзвіншчыне, пахаваюць яшчэ адну  жыхарку з “зоны” – Таццяну Ломач, сваячку Аляксея Ломача.  Светлая ёй памяць! Як і ўсім тым, каго сваім чорным крылом закранула трагедыя 1986 года.

Валянціна Болбат,

ТБМ, Верхнядзвінск.

На здымках: Валянціна Мінчук,  Аляксей і Ірына Ломачы.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову
Мова

Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову

2 лютага 2022, 07:5516
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Навукова-практычная канферэнцыя  "ХIІ Лідскія чытанні".
літаратура

Навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні".

26 красавіка 2025, 06:4016
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
Далучайцеся да нас