Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Вербніца. За тыдзень – Вялікдзень!

Вербніца. За тыдзень – Вялікдзень!

6 красавіка 2021, 09:20 Грамадства, Культура 51
Вербніца. За тыдзень – Вялікдзень!

Для вернікаў надыходзіць пара падрыхтоўкі да Вялікадня. Напярэдадні  адбываецца асвячэнне вербаў у храмах. Трады-цыйна ў беларускіх вёсках вярбу складалі з трох галінак вярбы, ялоўчыка з ягадкамі. Вярбу ўпрыгожвалі кветачкамі з паперы, зёлкамі, перавязвалі каляровымі ніткамі.

Пасля багаслужэння выходзілі на вуліцу і вербамі “асвячалі” сваіх знаёмых, прыгаворваючы, напрыклад, такія пажаданні:

“Не я б’ю – вярба б’е.

За тыдзень – Вялікдзень.

Хвароба – у лес, здароўе – у косці!

Будзь здарова як вада,

                         а расці як вярба!”.

“Не я б’ю – вярба б’е.

За тыдзень – Вялікдзень.

Будзь здарова, не ўмірай,

Вялікадня дачакай!

Ужо недалечка

                      чырвона яечка!”

 

“Вербай б’ю, вербай б’ю!

Ксёнз казаў навіну –

        есць у Вялікдзень сланіну!”

 

На фотаздымку дзяўчаты аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры  ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” акрамя вербаў дэманструюць святочнае народнае адзенне Наваградскага і Віленскага строяў канца ХІХ ст. рэгіёна Панямоння.

Строі маюць падабенства ў дэталях крою, аздабленні кашуль і агульныя рысы, характэрныя для суседніх краін: Польшчы і Літвы. Камплект складае: сарочка, гарсэт, спадніца (андарак), фартух, галаўны ўбор, упрыгожанні і абутак.

Асаблівую цікавасць уяў-ляюць галаўныя уборы, характэрныя для заходнееўрапейскага касцюма, якія ў пачатку ХХ ст. выйшлі з ужывання і замяніліся хусткамі. Шматлікія мясцовыя варыянты афармлення чапцоў і каптуроў надавалі твару жанчыны прыгожы і індывідуальны выгляд. Чапец – архаічны галаўны ўбор. З’явіўся ў сярэднія вякі, яго насілі ўсе слаі грамадства ў розных варыянтах да 17 ст. Каптур выглядае невялікай шапачкай з вушкамі-завязкамі, а чапец без завязак. Шылі з даматканых або фабрычных тканін. Каптур лічыцца традыцыйным галаўным ўборам замужніх беларусак. Захавалася такая пагаворка для нявесты напярэдадні вяселля: “Пойдзеш пад вянец – завяжаш хусту на чапец“.

Можна ўдакладніць, што зафіксаваны беларускім даследчыкам Міхасём Раманюком у экспедыцыях 1967-1980 гг. сялянскі касцюм з тэрыторыі Лідскага раёна ўваходзіў у склад Наваградскага строю. Традыцыйна ў Наваградскім строі бытавалі каптуры чорныя ці чырвоныя з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шоўкавымі стужкамі. Край вушак аздаблялі каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай.

За кошт прапарцыянальных суадносін частак касцюмаў: гарсэтаў, якія шчыльна аблягаюць стан, пышных рукавоў сарочак і аб’ёмістых доўгіх спадніц, сілуэты касцюмаў выглядаюць стройнымі і вельмі гарманічнымі.

Майстры аддзела рамёстваў пры стварэнні камплектаў выкарыстоўвалі палатно на ўсе часткі адзення, якое выткалі самі; тэхналогію традыцыйнага крою; вышываны дэкор з аўтэнтычных узораў у аздабленні сарочак і фартухоў. Праца выканана на аснове даследчых матэрыялаў і літаратурных крыніц.

Ірына Маркаўна Дыдышка,

метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2616
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Далучайцеся да нас