Другая палова сакавіка не часта радуе надвор’ем, пахамі кветак, радаснымі тварамі мінакоў ды новымі ўражаннямі ад быцця. Але для паэзіі межаў у пошуках прыгожага няма, таму свята Сусветнага дня паэзіі лепш за ўсё праводзіць вясною, калі абуджэнне прыроды і ўсяго жывога не за гарамі. Менавіта 21 сакавіка ў памяшканні бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога адбылася творчая імпрэза аматараў паэзіі і прафесійных паэтаў, прысвечаная Сусветнаму дню паэзіі. І хоць надвор’е агрызалася зімовым россыпам снегу, марознага ветру і шэрага неба, але свята адбылося настраёвае, утульнанае, насычанае эмоцыямі і лірыкай, з мілагучнымі галасамі паэтаў, жартамі, музыкай, шчырымі прызнаннямі. Вялі творчы вечар дзве лірычныя грацыі: паэткі Таццяна Барысюк і Інга Вінарская. Гэта выглядала абсалютна натуральна, таму што вясна – пара года, якая цудадзейным чынам належыць жанчынам.
Ва ўтульнай бібліятэчнай зале сабраліся прафесійныя паэты, музыкі, пачаткоўцы аўтары і аматары прыгожага пісьменства. Таццяна Барысюк і Інга Вінарская распавялі прысутным пра гісторыю заснавання Сусветнага дня паэзіі. Свята гэтае было зацверджана ЮНЕСКА (Камісіяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях асветы, навукі і культуры) у рэзалюцыі 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, прынятай 15 лістапада 1999 года. І, як адзначалася ў рашэнні ЮНЕСКА, мэта заснавання свята – “надаць новы імпульс і новае прызнанне нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным паэтычным рухам”.
Распачала сустрэчу сваімі творамі паэтка і навукоўца Таццяна Барысюк. Яна расказала пра свае творчыя знаходкі, ідэі. Як даследчык літаратуры кранулася праблем сучаснай паэзіі, падкрэсліваючы важнасць паэтычнага слова для развіцця сусветнай культуры. Таццяна распавяла пра тэорыю перавернутага залатога сячэння ў паэзіі, чытала свае вершы – прагучалі некалькі яе лірычных твораў.
Праз вочы каханне да сэрцаў ішло.
…Каб кроў супыніць, я дала табе лекі.
Сустрэліся пальцы – узнікла мілосць
такая, якая існуе навекі.
Нявольная я, муж нямоглы, стары,
А ты малады,
светлы месяц мой ясны!
Каханне агеньчыкам
жарсным гарыць,
хай вечна палае, няхай не пагасне!
Ваду падала табе – смагу спыніць,
а ў ёй былі мары, табой апантаны.
І гэты любоўю асветлены німб
напоўніў напой
той чароўнаю тайнай.
…Іжотай была.
Цяпер кліч мяне Таняй…
Далей канцэртную праграму працягвала паэтка, празаік, шэф-рэ-дактар альманаха “Літаратурны эква-тар” Інга Вінарская. Інга крыху рас-павяла пра дзевяты нумар альманаха, дзе яна працавала не толькі над рэда-ктурай, але і над дызайнам і вёрсткай. Потым расказала пра свае новыя творы і знаходкі ў літаратуры; успом-ніла пра сяброў-паэтаў, распавяла пра значнасць паэтычнай кнігі ў прагрэсе развіцця грамадства. У нейкі час паэтка глянула ў акно і ўголас жах-нулася сапраўднай зімовай завеі, якую можна было пабачыць у Менску 21 сакавіка. Інга сказала, што хоча, каб хутчэй наступіла лета, і таму прачы-тала прысутным нізку сваіх прыго-жых летніх вершаў.
Рамонкі, макі, васількі,
Буяе луг пад сонцам лета,
Ракі здаля відны кругі,
Святло зайграе ў промнях гэтых.
Няхай бы ў кветак чарадзе
Застацца… Гэтым ранкам свежым,
Вянок заплесці, як спадзеў,
З тых васількоў, рамонкаў снежных.
Цябе забыць, праблем глыбінь,
Пра ўсё на гэтым белым свеце,
Пяшчотна кветкі церабіць,
У простым не змарнець сюжэце.
Не хвалявацца за акном
І з глузду не з’язджаць ад страху,
Што ноччу запаўзае ў дом,
Бы кат які з гатовай плахай.
Вытока сілы – летні луг, –
Кахання, мараў і натхнення,
Вакол зірні: які ланцуг
З цудоўных сонечных імгненняў!
Наступным выступаў паэт Вячаслаў Корбут. Ён павіншаваў сабраўшыхся са святам – Сусветным днём паэзіі, падзяліўся разважаннямі пра значнасць паэтычнага слова, тонкасць адчування чалавекам вершаваных радкоў, пра тэмперамент і сімвалізм у паэзіі, што дамінуюць у чулым чалавечым сэрцы. Ён узгадаў знакавых творцаў, што прысвяцілі свой лёс паэзіі, а таксама тых сваіх сяброў-паэтаў, што пайшлі у іншы свет, сярод якіх былі Алесь Пісьмянкоў, Павал Саковіч, Валеры Скакун і іншыя. Вячаслаў Корбут прачытаў свае лірычныя і гумарыстычыя творы.
Ён крочыць паэт і крочыць
Па шляху, абраным небам.
А дні яго, доўгія ночы
Тым нервам жыцця ганебным
Углыб недзе так прасякнуты,
І болей не будзе пагарды.
Ён крочыць, паэт, па ўсялякіх
Дарогах, ці гэтага варты?
Нянавісць людская і пошласць,
І здзекі над духам бліжняга
Ўсё ж сілы ў змаганні множаць,
У мудрасць укленчаць кніжную.
Давайце не будзем паэтаў
Разносіць за іхнія хібы,
За панскую млоснасць гэтых,
І тых, што адрынуць німбы.
Сталее, глядзі, планета
Не трэба ўжо ёй рамантыкі,
Ці зможа яна без паэтаў
Шчаслівай ахутацца мантыяй?
Так, сёння паэты крочаць,
Бы маманты і дыназаўры,
Іх песні і сумныя вочы
Ці вынайдуць зорнае заўтра?
Ёсць такі ёмкі выраз: “Паэзія – гэта музыка, якая застыла ў слове”. Напэўна, усе вершы маюць нейкую сваю музыкальнасць. Толькі музычныя напрамкі ў кожнага паэта розныя: у некага вершы бліжэй да класічных спеваў, у іншых – да фолку, року ці папулярнай музыкі.
Музычную частку на творчай сустрэчы 21 сакавіка файна прадставіла таленавітая музыкантка, кампазітарка і педагог Вольга Воінская. Прыехала яна на святкаванне Дня паэзіі не адна, а з кампаніяй юных выступоўцаў. Маленькая вакалістка Алі-са Далжанкова праспявала пад акампанемент сваёй маці Вольгі Воінскай некалькі песень. Лаурэат шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў Арцём Нарбутоўскіх выканаў для прысутных шэраг кампазіцый на саксафоне пад музыку сваёй настаўніцы. Яшчэ і сама Вольга Воінская сыграла на піяніна для сабраўшыхся некалькі вясёлых беларускіх мелодый.
Цікава, што на імпрэзе прысутнічала маці Арцёма Нарбутоўскіх Іна Старык, якая, як высветлілася, і сама з’яўляецца творчай асобай – піша вершы. Невялічкую нізку сваіх тво-раў яна прачытала прысутным.
Далей прадстаўляў паэтычную частку сустрэчы Валянцін Шведаў, які падзяліўся сваімі разважаннямі пра годнасць і чароўнасць паэзіі. Маючы немалы досвед жыццёвага вопыту, ён выказаў думку пра значнасць паэтычнага слова ў сваім жыцці.
Я помню, зязюля ў дзяцінстве кувала,
Гадоў налічыла ні многа, ні мала.
Ды толькі пражыць іх –
нялёгкая справа:
Мінаюць чамусьці багацце і слава.
На шчасце адна застаецца надзея,
І тая згубілася недзе ў завеях.
Прад вечнасцю
ўсё выглядае нікчэмна…
Вось верш напісаў –
мо жыву недарэмна.
Не так даўно на прасторах Фэйсбуку Таццяна Барысюк адкрыла аднаго таленавітага беларускамоўнага паэта. Па прафесіі ён юрыст. Таццяну ўразілі яго вершы на гістарычную і патрыятычную тэматыку: уразілі глыбінёй думак і пачуццяў. Імя гэтага паэта – Глеб Ганчароў. І канешне, ён быў запрошаны на святкаванне Дня паэзіі 21 сакавіка ў бібліятэку імя Талстога і чытаў там свае вершы, адзін з якіх асабліва спадабаўся прысутным:
Хораша прыдворным быць паэтам
Пры маленькім герцагскім двары.
Седзячы ў курфюрста за абедам,
Дзе табе – фарэль і асятры.
Ані ў чым не бачыць недахопу,
Ведаць толк у якасцях віна,
Сытна заміраць над эскалопам,
Танчыць менуэты давідна.
Герцагу з сям’ёй ліслівіць лоўка,
Ручку герцагіні цалаваць,
Задзіраць спадніцы пакаёўкам,
Вершы пад шандалам касаваць.
Раз на тыдзень зляпаў дзеля глуму
Нейкі красамоўны мадрыгал –
І жыві далей, не ведай суму,
Быццам з сэрца годнасць адрыгаў.
Смірную кабылку на канюшні
Асядлай – і ў поле, як з куста!
Хочаш футру – і прымчацца кушнер,
Каб цябе аздобіць… Любата!
Хораша прыдворным быць паэтам –
Пры любым двары,
Ды не пры гэтым.
Як вядома, аб’ядноўваць паэтаў, якія пішуць на розных мовах, ва ўсе часы дапамагалі перакладчыкі. І паэтычны пераклад – гэта не так проста, як можа падацца на першы погляд. Часцяком найперш робяцца падрабязныя падрадкоўнікі, а потым ужо пераклады. На імпрэзе 21 сакавіка прысутнічала цікавая жанчына і прафесійная перакладчыца Кацярына Матусевіч. У яе выкананні прысутныя пачулі паэтычныя пераклады вершаў Максіма Багдановіча на турэцкую мову: спачатку арыгінал, потым пераклад.
Далей перад прысутнымі выступаў паэт, які па прафесіі журналіст, – Зміцер Арцюх. Разам з Аксанай Спрынчан ён з’яўляецца заснавальнікам паэтычнага тэатра “Арт.С.”. На паэтычную творчасць яго часцяком натхняе кінамастацтва, а яшчэ – экзатычныя краіны, і канешне, прыгожыя жанчыны. Зміцер вельмі артыстычна прачытаў сабраўшымся некалькі сваіх вершаў.
Не спыняйся. Ідзі. Пішы…
Казку студзеня, казку лета.
Закахайся – і дыхай!
Ты –
Непаўторная экзапланета.
Ты – пясчынка ў сусвеце зім,
Ты – сняжынка ў сусвеце лета.
Не спыняйся. Ідзі. Пішы…
Тваё сэрца вясной сагрэта.
Навукоўцаў на святкаванні Дня паэзіі прадстаўляла не толькі Таццяна Барысюк. Прысутнічаў тут яшчэ адзін вельмі цікавы чалавек са сваім прафесійным філасофскім поглядам на жыццё – кандыдат філасофскіх навук, і канешне, – паэт, прычым з вельмі своеасаблівымі творамі, Ігар Шыршоў. Ігар Яўгенавіч чытаў крыху правакацыйныя паэтычныя опусы на беларускай мове, напісаныя ў народным стылі.
Напрыканцы паэтычнай праграмы выступілі дзве своеасаблівыя паэткі, абедзве цікавыя і прыгожыя жанчыны і, між іншым, абедзве – бландзінкі. Але анекдоты пра блан-дзінак тут успамінаць не дарэчы, бо вершы і ў Таццяны Пратасевіч, і ў Клаўдзіі Максімавай прыгожыя і прафесійныя.
Падчас мерапрыемства на пляцоўцы білбіятэкі № 1 працаваў вядомы беларускі фотамастак Міхаіл Крыжаноўскі, які з задавальненнем здымаў і выступоўцаў, і гасцей свята. На заканчэнне імпрэзы ён звярнуўся да прысутных з палымянай прамовай.
Людзі доўга не хацелі разыходзіцца – так усім спадабалася імп-рэза. Гэты Дзень паэзіі надоўга застанецца ў памяці тых, хто прысутнічаў 21 сакавіка 2021 года ў гасціннай зале сталічнай бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога.
Вячаслаў Корбут,
Інга Вінарская.