А. ГРУДЗІНА,
Шклоўская арганізацыя ТБМ
ПРАФЕСІЙНЫЯ І СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ ШКЛОВА
(Ад старажытнасці да сучаснасці)
Перыядам узнікненння агульнадзяржаўнай сістэмы асветы ў Вялікім Княстве Літоўскім можна лічыць 16 стагоддзе. Менавіта ў гэты час значна актывізаваліся кантакты з Заходняй Еўропай і ў рэгіён пачалі пранікаць гуманістычныя ідэі эпохі Адраджэння.
Андрэй Самусік, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Пачынальнікамі эвалюцыі асветніцкай справы на беларускіх землях можна лічыць пратэстантаў – кальвіністаў і арыян, якія здолелі ў другой палове 16 ст. – пачатку 17 ст. стварыць дастаткова шырокую сетку вучылішчаў. Непасрэдна ў горад Шклоў кальвіністаў запрашаюць тагачасныя ўладары горада Геранім і Карл Хадкевічы. Іх намаганнямі будуюцца кальвінскі збор – тып пратэстанцкага храма, пры якім працуе адпаведная школа.
Следам за пратэстантамі, амаль паралельна, уласную сістэму адукацыі пачала арганізоўваць каталіцкая царква. Аляксандр Хадкевіч, да якога Шклоў перайшоў у спадчыну, запрашае ў горад каталіцкі ордэн Дамініканаў. Яго намаганнямі забяспечваецца будаўніцтва мураванага касцёла з кляштарам, ствараецца багатая бібліятэка. Паводле дадзеных польскай даследчыцы старажытнага Шклова Марыі Тапольскай, верагодней за ўсё, кляштар у Шклове быў найвялікшы сярод кляштараў ордэна Дамініканаў у Беларусі [8,14]
Абодва напрамкі тагачаснай школьнай справы мелі відавочную еўрапейскую арыентацыю. У асноўным, за выключеннем антычнай літаратуры, выкладчыкі выкарыстоўвалі вучэбныя дапаможнікі еўрапейскіх аўтараў. У вучэбнай праграме з’явіліся арыфметыка, геаметрыя, астраномія, граматыка, рыторыка, дыялектыка, музыка і іншыя навукі. Навучэнцамі гэтых устаноў асветы былі не толькі пратэстанты і католікі, але і дзеці праваслаўнага насельніца. У далейшым выхаванцы мелі магчымасць працягваць вучобу за мяжой.
Між тым праваслаўнае насельніцтва не жадала саступаць новым асветніцкім плыням. Гэта знайшло свой адбітак ва ўзнікненні праваслаўных культурна – асветніцкіх брацтваў, дзе адукацыйна – выхаваўчы працэс быў у візантыйска – праваслаўным напрамку. Брацтвы пачалі выконваць не толькі асветніцкія функцыі, але і праводзіць барацьбу супраць пратэстантызму, каталіцтва і новай рэлігійнай з’явы ў Вялікім Княстве Літоўскім – уніяцтва. Разам з тым, нягледзячы на ўсе адметнасці ўнутранай пабудовы брацкіх школ, педагагічная думка ў іх асяроддзі паступова развівалася ўсё ж у агульнаеўрапейскім напрамку. Стваральнікі хутчэй зыходзілі з намеру знайсці пэўны кампраміс паміж праваслаўем і рэаліямі тагачаснай еўрапейскай культуры. Шклоўскае праваслаўнае брацтва згадваецца ў 1661 годзе. Праз пэўны час, у сувязі са складаным палітычным і канфесійным становішчам на беларускіх землях, вышэй згаданыя навучальныя ўстановы, у тым ліку і ў Шклове, паступова зачыняюцца [6,11,12,13].
Вельмі цікавай з’явай у адукацыйным накірунку Шклова і ўвогуле Беларусі было стварэнне ў 1778 годзе Шклоўскага шляхетнага вучылішча. Заснавальнікам вучылішча быў Сямён Гаўрылавіч Зорыч. Па тагачасных умовах выкладчыкаў давялося выпісваць з-за мяжы. Да працы ў вучылішчы прыступілі выкладчыкі з Берліна, Трыра, Бруселя, Гётынгенскага ўніверсітэта. Законанастаўнікам на працягу 17 гадоў быў настаяцель Шклоўскай Успенскай царквы протаіерэй Аляксандр Старынкевіч. Для вучылішча Зорыч набыў багатую па тым часе бібліятэку і пастаянна яе папаўняў. Бібліятэка змяшчала 178 рускіх, 743 французкія, 70 нямецкіх, 12 польскіх і 27 лацінскіх кніг. У вучылішчы быў свой музей, для якога былі набыты заалагічная калекцыя, астранамічныя, фізічныя, геадэзічныя прыборы і інстументы. Зорыч перадаў установе багатую карцінную галерэю, у якой меліся работы Рубенса, Цяньера, Дольга і іншых вядомых майстроў.
Колькасць выхаванцаў штогод павялічвалася. У 1797 годзе налічвалася 252 чалавекі. Гэта былі дзеці дваранскіх родаў з Магілёўскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і іншых суседніх губерняў, былі дзеці з Францыі, Польшчы, Чарнагорыі, Грэцыі, Турцыі. Выхаванцы дзяліліся на два звязы кавалерыі (кірасірскі і гусарскі) і на дзве пяхотныя роты (грэнадзёрскую і егерскую). Для выхаванцаў і афіцэраў кожнага падраздзялення мелася як паўсядзённая, так і парадная форма абмундзіравання.
У 1793 годзе для вучылішча быў пабудаваны новы трохпавярховы мураваны дом. Па баках галоўнага корпуса даўжынёй у 52 сажні стаялі два драўляныя флігелі, у якіх змяшчаліся лазарэт і музычная каманда. Установа, не маючы афіцыйна ваеннай назвы, у адміністрацыйных адносінах мела характар вайскова – вучэбнай, бо кіравалася вайсковым статутам. Выхаванцы ўставалі ў пяць гадзін раніцы, збіраліся на агляд і малебен. Пасля снедання адпраўляліся ў класы, дзе мелі па тры ўрокі да поўдня. Затым абедалі, дзве гадзіны адпачывалі. Пасля адпачынку ішлі на тры ўрокі. Потым вячэралі і ў 21 гадзіну клаліся спаць.
У вучэбным плане былі наступныя прадметы: руская, французская і нямецкая мовы, арыфметыка, гісторыя, геаграфія, маляванне, красамоўства, вышэйшая матэматыка, артылерыйскія справы, архітэктура. Акрамя таго, фехтаванне, танцы, музыка. Да 1796 года вучылішча падрыхтавала 268 кадэтаў. Большасць з іх пачала служыць у армейскіх і гарнізонных палках, артылерыі. У 1798 годзе 10 чалавек паступілі ў Чарнаморскі флот. Многія выхаванцы вызначыліся яшчэ пры жыцці Зорыча. Напрыклад, М.І. Маркевіч – генерал-лейтэнант, аўтар шэрагу фізічна-матэматычных даследаванняў артылерыйскай зброі, Н. Пятроў – аўтар сачыненняў па матэматыцы, фартыфікацыі, механіцы і многіх іншых.
У 1799 годзе ў вучылішчы здарыўся пажар і будынак згарэў. Неўзабаве адышоў у іншы свет і галоўны фундатар навучальнай установы Сямён Зорыч. Таму, у адпаведнасці з указам імператара Паўла I, навучальная ўстанова была пераведзена ў Гародню. Гэта вестка вельмі ўзрушыла выхаванцаў і жыхароў горада. У дзень праводзін у Шклоў з’ехаліся бацькі выхаванцаў з розных губерняў. Усе сабраліся ў царкве, дзе айцец Аляксандр Старынкевіч, узышоўшы на кафедру, сказаў: “Возстани, Зорич! Воззри на виноград, тобой посаженный! Ты в жизни своей говаривал, что не имеешь, кому оставить детей своих! Се, монарх приемлет их под свой покров и вверяет их руководству избранного им мужа!” Пры гэтым святар указаў на генерал – маёра Кетлера. Бацькі і ўсе прысутныя “зарыдали в голос”. У далейшым з Гародні навучальная ўстанова была пераведзена ў Смаленск і потым канчаткова ў Маскву, дзе атрымала назву першага Маскоўскага кадэтскага корпуса. Створанае Сямёнам Зорычам Шклоўскае шляхетнае вучылішча стала трэцяй па ліку вучэбнай установай па падрыхтоўцы афіцэраў у Расійскай імперыі [2,9].
На мяжы 18 – 19 стагоддзяў Шклоў вызначыўся тым, што горад становіцца цэнтрам па распаўсюджванні разнастайных ведаў і ідэй сярод яўрэйскага насельніцтва. Яўрэйская грамада Шклова вельмі хутка развіваецца. Яшчэ ў 1668 годзе сакратар аўстрыйскага амбасадара пры двары Пятра І Георг Корб адзначыў, што шклоўскія яўрэі – “багацейшае і ўплывовае саслоўе”. У 1727 годзе шклоўскія яўрэі ўжо склалі 20 працэнтаў гарадскога насельніцтва, пры гэтым яны выплачвалі амаль 60 працэнтаў гарадскога падатку. Ім належыла 78 драўляных і 7 мураваных дамоў, што было болей, чым у хрысціянаў.
Гандлёвыя сувязі, у першую чаргу з Еўропай, паспрыялі таму, што Шклоў паступова пачынае станавіцца цэнтрам яўрэйскай вучонасці. Асаблівая роля ў гэтым належыць шклоўскім купцам і мецэнатам Ноткіну і Цэйтліну. Менавіта Іошуа Цэйтлін вылучыўся як буйны падрадчык і пастаўшчык фуражу і правіянту ў час турэцкай кампаніі. Нажыўшы мільённую маёмасць, Цэйтлін адышоў ад спраў і пасяліўся ў сваім маёнтку Вусце, дзе стварыў своеасаблівую “хатнюю акадэмію”.
Навуковы мецэнат пабудаваў пры сваім двары малітоўны дом з дарагім начыннем, лабараторыю для хімічных доследаў, стварыў раслінны гербарый. Навуковую дзейнасць забяспечвала і багатая бібліятэка. Пад прытулкам Цэйтліна навукоўцы актыўна займаліся даследніцкай працай.
Для выдавецкай дзейнасці ў 1783 годзе ў Шклове адкрываецца друкарня, а ў пачатку 19 стагоддзя – яшчэ дзве. Усяго да 1835 года ў Шклове было выдадзена болей за 210 назваў кніг. Надрукаваныя ў Шклове навуковыя працы ў далейшым набылі сусветную вядомасць. Напрыклад піянер асветы таго часу – ураджэнец Шклова равін Барух бен Яакаў Шык, вядомы пад прозвішчам Шкловед, горача адстойваў неабходнасць свецкіх ведаў. З мэтаю асветы перакладаў на яўрэйскую мову кнігі па розных навуковых галінах. У 1777 годзе ён друкуе кнігу вядомага яўрэйскага навукоўца 14 стагоддзя Ісака Ізраэлі “Кіраўніцтва па астраноміі і геаметрыі”. Атрымаўшы акрамя равінскага дыплома дыплом урача, Шык склаў у папулярнай і агульнадаступнай форме грунтоўны лячэбнік па гігіене і папулярнай медыцыне, апублікаваны ў 1779 годзе.
Пачатковую адукацыю яўрэйскія дзеці атрымлівалі ў “хэдэрах” пры сінагогах, якіх было некалькі ў Шклове. Потым вучоба працягвалася ў кагальных вучылішчах. Вышэйшую духоў-ную адукацыю атрымлівалі толькі юнакі ў навучальнай установе, якая насіла назву “іешыва”. У свой час у шклоўскай іешыве вучыўся знакаміты пісьменнік 19 стагоддзя Перац Смаленcкін, які апісаў Шклоў у сваім рамане “Асінае пахаванне”, што пабачыў свет у 1873 годзе.
У 1851 годзе ў Шклове заснавана дзяржаўнае яўрэйскае вучылішча 1-га разраду, у якім у 1858 годзе навучалася 27 вучняў. Вучылішча знаходзілася ў наёмным доме з аплатай 215 рублёў у год. Дадаткова, у 1864 годзе, адчыняецца прыватнае яўрэйскае вучылішча для дзяўчат, якое ўтрымлівалася за кошт збору грошай за навучанне. А напрыканцы 19 стагоддзя, і аддзяленне Слабадской іешывы, якое дзейнічала на ідэалах руху “Мусар”, дзе галоўным накірункам у выхаванні быў сваеасаблівы рэлігійны аскетызм [5,7,9,10].
З пачаткам 20-га стагоддзя ў сістэме адукацыі пачынаюцца рашучыя змены. У міжваенны час, акрамя агульнаадукацыйных устаноў, у Шклове працуюць дзве ўстановы прафесійнага накірунку. Гэта – школа медсясцёр, дзе навучалася 211 чалавек і налічвалася 13 выкладчыкаў, і Магілёўская абласная школа Наркамзема БССР, дзе займалася 90 навучэнцаў. Амаль адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе пачынае дзейнічаць аднагадовая школа птушкаводаў Міністэрства сельскай гаспадаркі, якая праіснавала да 1957 года [1, 3, 4].
Пэўны час на вытворчай базе Шклоўскай райаграпрамтэхнікі (зараз ААТ “Аграсервіс”) дзейнічалі філіял Бялыніцкага СПТВ – 40, а потым з 1988 па 2004 год Міжгаспадарчы вучэбны камбінат упраўлення сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкама.
З 1978 года дзейнічае ў Шклове ўстанова адукацыі “Шклоўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №12” (да 2006 года Шклоўскае ПТВ – 139). За тры дзесяцігоддзі існавання навучальная ўстанова стала вядучым цэнтрам па падрыхтоўцы рабочых кадраў для сельскай гаспадаркі Шклоўскага раёна. Набываюць тут веды навучэнцы і з суседніх Горацкага, Круглянскага, Магілёўскага і Аршанскага раёнаў. Працуюць у сучасны момант у горадзе і іншыя ўстановы прафесійнага плану. Гэта ўстанова “ДТСАФ” і прыватная аўташкола. Такім чынам можна ўпэўнена сцвярждаць, што пачынаючы з даваенных часоў, прафесійны накірунак адукацыі ў Шклове амаль не спыняўся.
Да дзейных ўстаноў спецыяльнага накірунку адукацыі можна аднесці Шклоўскую спецыяльную школу – інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, створаную ў 1953 годзе. У 1959 годзе ў Шклове ствараецца школа мастацтваў, доўгі час якую ўзначальваў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталій Аляксеевіч Бабчанка. Працуе зараз у Шклове і спецыалізаваная дзіцяча – юнацкая спартыўная школа.
Падагульняючы гістарычны экскурс ў мінулае, можна адзначыць, што Шклоў па – ранейшаму з’яўляецца традыцыйным месцам адукацыі як прафесійнага, так і спецыяльнага накірункаў.
ЛІТАРАТУРА:
- Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. Том 1. – Мн., 1979. – С. 732.
- Брыгадзіч П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча. // Беларуская мінуў-шчына. – 1997. – №4.
- Государственный архив Могилевской области. Письмо 5 – 10/187 от 17.07.2008г.
- Ігнацьеў В. З гісторыі Шклоўшчыны. // Ударны фронт. – 1983. – 17 верасня.
- Ільюшэнка М. На шлях суцэльнай пісьменнасці. // Ударны фронт. – 1991. – 28 верасня.
- Ільюшэнка М. На скрыжаванні часоў. // Ударны фронт. – 1985. – №47.
- Краткая еврейская энциклопедия. Том 10, кол. 224 – 227.
- Левко О.Н. Средневековые территориально-административные центры северо-восточной Беларуси: Формирование и развитие. – Мн.: Бел.навука, 2004. – С. 106 – 110.
- Опыт описания Могилевской губернии. Книга 2. – Могилев на Днепре, 1884. – С. 43 – 47.
- Прамысловыя прадпрыемствы дарэвалюцыйнай Беларусі. – Мн., 1988. – с.313, 314.
- Россия. Полное географическое описание нашего отечества. / Под ред. Семёнова В.П. Том 9. – СПб., 1905. С. 468.
- Самусік А. Магілёўская брацкая школа ў святле эвалюцыі агульнаеўрапейскай гуманістычнай сістэмы педагогікі 16 – 17 стагоддзяў. // Гістарычнае і сацыякультурнае развіццё Магілёва. Зборнік навуковых прац удзельнікаў 5 навуковай канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”. Магілёў, 2007. – С. 27 – 32.
- Харлампович К. Западнорусские православные школы 16 и начала 17 века. / К. Харлампович. – Казань: Типо – литография Имп. Университета, 1898. – С. 371.
- Topolska M. Szklow i jego rola w gospodarce Bialorusi wschodniej w 17, 18 wieku. – Poznan, 1962. – C. 139.