85-годдзе адзначыла ў сакавіку вядомая пісьменніца, літаратуразнавец і крытык Лідзія Сымонаўна Савік.
Лідзія Сымонаўна доўгі час з’яўлялася старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры Акадэміі навук, дацэнтам Беларускага ўніверсітэта культуры. Яна – сябар Саюза беларусіх пісьменнікаў з 1992 года.
Л.С. Савік нарадзілася 1 сакавіка 1936 года ў вёсцы Камуна Любанскага раёна ў сям’і карэнных беларусаў. Яе маці Алена Піліпаўна была родам з Полаччыны, бацька Адам Васільевіч – са Случчыны. Яе дзядзька Пракоп Адзярыха стаў героем паэмы “Над ракой Арэсай” Янкі Купалы.
Лідзія Савік скончыла філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру Інстытута літаратуры, абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах развіцця сучаснай беларускай прозы. На старонках рэспубліканскай перыёдыкі яна выступала з праблемнымі артыкуламі і рэцэнзіямі творчасці Я. Нёманскага, С. Грахоўскага, Я. Скрыгана, І. Мележа, У. Караткевіча, Б. Сачанкі, В. Казько і іншых пісьменнікаў.
Л. С. Савік займалася таксама вяртаннем творчай спадчыны рэпрэсаванай і эмігранцкай беларускай літаратуры. Лідзія Сымонаўна доўгі час з’яўлялася сябрам і сакратаром Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у 1995 годзе яна была абрана ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
Старонкі сваіх даследванняў яна прысвяціла творчасці Барыса Сачанкі, Вольгі Іпатавай, аналізавала здабыткі беларускіх пісьменнікаў у далёкім замежжы. Ёй створаны кнігі “Пад мірным небам бацькаўшчыны” (1986), “Космас беларуса” (1996), ” Пакліканыя” ( 2001), “Адна між замкаў” (2003) і іншыя. Мы павіншавалі шаноўную юбілярку і пагутарылі з ёй.
– Лідзія Сымонаўна, Вы цікавіліся жыццём вялікага чалавека і доўгажыхара, доктара філасофскіх навук у галіне фізікі і матэматыкі Барыса Кіта.
– Беларуская зямля дала свету многія таленты, да якіх належыць і Барыс Уладзіміравіч Кіт. Упершыню я ўбачыла Барыса Уладзіміравіча ў доме Масея Сяднёва пад Нью-Ёркам у Глен-Кове, куды ён заехаў на Каляды пад новы 1992 год праведаць даўняга сябра, беларускага паэта на эміграцыі. Мяне ўразіў малады, рухавы, абаяльны воблік Барыса Уладзіміравіча, яго імклівая гаворка на чыстай беларускай мове, уменне з матэматычнай дакладнасцю сказаць пра сябе і незвычайна зацікавіць суразмоўца сціплай недасказанасцю, за якой стаяла вялікае жыццё.
У кастрычніку 1992 года я мела магчымасць наведаць Барыса Уладзіміравіча ў Германіі, у Франкфурце -на-Майне па яго ветлівым запрашэнні. Дзякуючы яму, я пабывала ў славутых тургенеўскіх мясцінах Вісбадэна, у Бадгомбургу, дзе бываў Дастаеўскі. Мяне найбольш уражваў беларус, які здолеў даказаць, што ён не горшы за амерыканцаў, еўрапейцаў, чалавек глыбокіх рознабаковых ведаў, з выдатнай памяццю на даты, сусветную гісторыю, людзей, літаратуру. Яго жыццё цесна знітавана з жыццём беларускага народа, шляхамі-пуцявінамі беларускага інтэлігента, які дзякуючы сваім прыродным здольнасцям змог выйсці на сусветную арэну і захаваць вернасць Бацькаўшчыне. Ён напісаў падручнік па ракетным паліве, па якім вучыліся цэлыя генерацыі ракетных інжынераў. Вынікам сустрэч з Б. Кітом стала своеасаблівая дакументальная аповесць пра жыццё і дзейнасць беларускага вучонага.
У Наваградку, дзе выкладаў Барыс Кіт, у школе быў створаны яго музей. Значную частку сваіх архіваў Барыс Кіт перадаў у Наваградскі краязнаўчы музей. На 90-годдзі Барыса Кіта амерыканскі амбасадар прамовіў: ” Дзякуй беларусам, што яны дапамаглі нам у пакарэнні космасу!”
– Кнігу “Пакліканыя” Вы прысвяцілі жыццю і творчасці Наталлі Арсенневай, У. Дудзіцкага, Я. Золака, М. Кавыля, Р. Крушыны, М. Сяднёва і іншых творцаў замежжа.
– Мне ўдалося напісаць пра паэтаў, а я планавала стварыць яшчэ адну кнігу пра празаікаў. Але, напэўна, ужо нехта іншы выканае гэту працу.
Літаратура беларускага замежжа – неадлучная, арганічная частка сучаснага літаратурнага працэсу, прадстаўленая творамі паэтаў і празаікаў, публіцыстаў, крытыкаў.
Амаль усе пісьменнікі-эмігранты былі сучаснікамі старэйшага пакалення беларускай творчай інтэлігенцыі, яны выхоўваліся на традыцыях Ф. Скарыны, С. Буднага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча.
Пісьменнікі-эмігранты, нягледзячы на тое, што валодалі асноўнымі еўрапейскімі мовамі, пісалі свае творы, у асноўным, па-беларуску. І карысталіся яны граматыкамі Б. Тарашкевіча, Я. Лёсіка, захавалі жывое беларускае слова, лексічныя багацці народнай мовы, тым самым выступаючы за яе чысціню, супраць асіміляцыі.
Беларускія літаратурна-мастацкія, навуковыя і грамадскія газеты і часопісы ў далёкім замежжы зрабілі шмат для развіцця літаратуры, журналістыкі, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Яны неслі суайчыннікам аб’ектыўныя веды і праўду нацыянальнай гісторыі, літаратуры і культуры.
Паэзія, проза, мемуарыстыка пісьменнікаў замежжа была выразна нацыянальнай не толькі моваю, але і духам, складам твораў. Пры канцы ХХ стагоддзя гэтая літаратура вярнулася на радзіму, далучылася да мацерыка беларускага мастацкага слова, дала новы імпульс праблемам, якія хвалююць нас сённня: нацыянальнага адраджэння, дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, захавання мовы, гісторыі, нацыянальных сімвалаў, лепшых традыцый жыцця беларускага народа.
– Яркія старонкі Вы прысвяцілі Вользе Іпатавай у кнізе “Адна між замкаў”.
– Мы жылі з ёй па суседстве, таму я склала невялічную кніжачку пра яе. Вольга Іпатава была першаадкрывальніцай новых тэмаў і пластоў нашай гістарычнай спадчыны і глыбінных плыняў культуры, такіх, як індаеўрапейская, зараастрыйская і фракійская, што стала здабыткам беларускай гістарычнай літаратуры. Славянскія абліччы вялікіх князёў літоўскіх, адкрытыя ёй для шырокага чытача, маюць вялікае значэнне для самаідэнтыфікацыі народа, чыё жыццё склалася на скрыжаванні шляхоў многіх еўрапейскіх нацый.
– Спадарыня Лідзія! Шчыра дзякуем Вам за Вашы артыкулы, кнігі, даследванні і жадаем Вам такога ж доўгага веку, як у Барыса Кіта!
– Восем тамоў я выдала ў “Беларускім кнігазборы”, пісала прадмовы, бібліяграфічныя нататкі, якія ўвайшлі ў даведнікі. Усё гэта застанецца навечна.
Гутарыла Эла Дзвінская.