Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
За мову! Тры ў адным!

За мову! Тры ў адным!

17 сакавіка 2021, 21:41 Мова, ТБМ 20
За мову! Тры ў адным!

Я гэта люблю падарожжа,

З якім і зраўняцца не можа

Вандроўка ў любыя Таўрыды,

У казачныя краявіды.

А гэта вандроўка праз сёлы,

Праз край мой, цудоўны, вясёлы,

Праз родныя нівы, дубровы

У маю беларускую мову.

(Максім Танк)

 

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

Калі  чуеш яе – ці то  літаратурную, ці змешаную “трасянку” або мясцовую, дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша родная беларуская мова! 

Сёлета Дзень роднай мовы ў Карцэвіцкім СДК Нясвіжскага раёна быў адзначаны вельмі цікава. У вандроўку адправіліся тры  каманды – дарослыя вяскоўцы, моладзь і падлеткі, госці з Нясвіжа. Падчас моўнага падарожжа ўсіх чакалі тры прыпынкі. Першы  – “Літаратурны”. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю аднавяскоўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, перакладчыка, былога настаўніка замежнай мовы Уладзіміра Бруя. Акурат перад  Днём роднай мовы выйшла з друку яго пятая кніга “Новае сэрца”. І герояў, і сюжэт для яе, як і для папярэдніх кніг,  аўтар узяў  з нашага жыцця. Ды зноў жа, як і раней, звычайныя ці, наадварот, незвычайныя чалавечыя лёсы літаратурны талент пісьменніка ператварыў у духоўную дыдактыку, мудрае павучанне жыць па Божых законах. І як жа да месца былі пры гэтай гаворцы духоўныя хрысціянскія песні на роднай мове.

 На прыпынку “Пішам па-беларуску” кожны ўдзельнік далучыўся да напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Камандзе вяскоўцаў і гасцям з Нясвіжа, перш чым пісаць, патрэбна было па прапанаваным пачатку распазнаць прыказку,  дадаць яе другую частку, а пасля ўжо цалкам пад дыктоўку запісаць. Тым часам каманда падлеткаў і моладзі ў асобным пакоі пісала іншую дыктоўку  – верш “Жыта, сосны і валуны” ў гонар сёлетняга юбіляра Ніла Гілевіча. Варта адзначыць, што з заданнямі вельмі добра справіліся амаль усе ўдзельнікі дыктоўкі. Падрыхтавала  і правяла  яе  мясцовая жыхарка, краязнаўца, былая настаўніца  беларускай мовы і літаратуры Наталля Плакса.

На трэцім прыпынку “Слоўкі з куфэрка” каманды-ўдзельніцы  адгадвалі народныя  загадкі, рашалі пакручастыя галаваломкі, выступілі ў ролі перакладчыкаў з рускай на родную мову, тлумачылі сэнс малавядомых слоў (арэлі, альтанка, афіцына, грэбля, гонта, ветах, жырандоля, поплаў) успаміналі і працягвалі вядомыя вершы беларускіх паэтаў.

 

Тры змястоўныя часткі свята,  тры пакаленні ўдзельнікаў. А аб’яднала матчына мова – прыгожая, непаўторная, мілагучная.  Яшчэ доўга ішла гамонка ў вясковым ДК – успаміналі мясцовыя прымаўкі, выпраўлялі памылкі, частаваліся гарбатай, слухалі прыгожыя беларускія песні. І так лёгка, так  прыемна рабілася на душы ад разумення, што мова наша неўміручая! І калі мы будзем шанаваць яе,  не цурацца, то ў хуткім часе  з невялічкіх крыніц утворыцца вялікая рака нашай магутнай мовы і разальецца на шырокі прастор усёй  Беларусі.

Марына Шумейка, Карцэвіцкі ДК (Нясвіжчына).

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2617
Вольны час па хэштэгу  #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ
Культура

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

23 лістапада 2021, 21:0617
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4515
Далучайцеся да нас