Да 125 -годдзя з дня нараджэння вялікага майстра байкі і цудоўнага лірычнага паэта Кандрата Крапівы,
які глыбока пранікаў у тайнікі паўсядзённага жыцця і бачыў у ім і гераічнае, і трагічнае і смешнае
ПЕРШАЙ байкай на беларускай мове, якую я яшчэ да школы вывучыў на памяць, была шырокавядомая “Дзед і Баба”. Даслоўна магу працытаваць яе і сёння. Помню, як смяяліся, больш, напэўна, з мяне, чым з герояў, бацька і маці – я адначасова паказваў, як адбываецца дзеянне. Як старыя ўдваіх едуць на кірмаш на зусім слабым коніку, якая на возе (разводзіў шырока рукамі ) на сем пудоў Баба, што імкнецца дапамагчы гэтаму коніку, не пакідвючы воза. Тут адразу разумееш, чаму той конік-бядак не можа цягнуць воз. І калі Баба паслухалася Дзеда і злезла з воза, то “каня, як чорт панёс, – дзе ўзяліся й ногі!” Ні пра які бюракратызм я тады і не ведаў, і не думаў. Гэта ўжо ў класе сёмым ці восьмым, як пачалі праходзіць Крапіву, Кацярына Якаўлеўна Магерава (“Рыжая”) давяла нам, што твор накіраваны супраць бюракратызму, з якім усё сваё доўгае жыццё змагаўся ў сваёй шматграннай творчасці Кандрат Кандратавіч:
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж “бабы”:
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы – слабы.
Дарэчы, байка гэтая ўпершыню была надрукавана ў 1925 годзе ў газеце “Беларуская вёска”, якая пачала выходзіць з 15 студзеня 1921-га і першапачаткова называ-лася “Белорусская деревня”. Пазней яна насіла назву “Беларуская вёска”, “Калгасьнік Беларусі”, “Совецкі селянін”, “Колхозная правда”, покуль не стала многім (асабліва вяскоўцам) вядомай “Сельской газетой”), у якой я адпрацаваў на розных пасадах амаль чвэрць стагоддзя. І сёння ганаруся тым, што ў ёй друкаваўся сам Крапіва. Дарэчы, у “Сяльчанцы” ў розныя яе перыяды працавалі пісьменнікі Святлана Алексіевіч, якая стала ў 2015-м нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры, Марыя Вайцяшонак, Васіль Жуковіч, Уладзімір Жылка, Анатоль Казловіч, Генадзь Кляўко, Валянціна Коўтун, Леанід Левановіч, Макар Паслядовіч, Уладзімір Правасуд, Леанід Пракопчык, Міхась Пянкрат, Віктар Супрунчук, Мікалай Федзюковіч, Мікола Хведаровіч, Віктар Шымук, Васіль Шырко, Уладзімір Шыцік, Эрнест Ялугін, Яўгенія Янішчыц…
Нагадаю, што сапраўднае прозвішча Крапівы – Атраховіч. Сэнс жа свайго псеўданіма майстар тлумачыў напісаным яшчэ ў 1922-м вершы “Крапіва”:
Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я – пякучка-крапіва.
,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я – пякучка-крапіва.
Як адзначаюць даследчыкі і біёграфы, пад трапны абстрэл крапівінскай сатыры адразу ж патрапілі пустазвоны і гультаі, хабарнікі і бескультурнікі, знахары і забабоншчыкі, пратэкцыяністы і сквапнікі, п’яніцы і злодзеі. Праўда, двум апошнім у гэтым пераліку катэгорыям было, як паказвае час, не так крыўдна. Праблему не можа дапамагчы вырашыць нават сам Бог!
Сатырычныя вершы пакаленні беларусаў цытуюць радкоўямі. А вось вядомыя многім крылатыя выразы Крапівы – з ягоных баек. Некаторыя прывяду, і вы адразу ж прамовіце – канешне, ведаем: “Другі баран ні “бэ”, ні “мя”, а любіць гучнае імя”,”Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала”, “Пад кола жаба не падлазь”… Ну вось, разам і ўзгадалі.
Адначасова з паэзіяй Крапіва ствараў і прозу. Вельмі шкадую, што занадта позна “знайшоў” ягоны няскончаны аўтабіяграфічны раман “Мядзведзічы”, у якім ён, не маючы літаратурнай адукацыі, распавёў пра жыхароў сваёй роднай вёскі Нізок напярэдадні калектывізацыі. Асабліва ўразілі мясцовыя дыялекты. Як цяпер разумею, менавіта гэтая рэч падштурхнула Івана Мележа (8 лютага 2021-га адзначалася ягонае 100-годдзе) да напісання ім аднаго з лепшых для мяне твораў у нашай літаратуры – славутай “Палескай хронікі”. Першую яе частку “Людзі на балоце” памятаю падрабязна. А вось другую (“Подых навальніцы”) і трэцюю (Завеі, снежань” перачытаў у 2019-м у шпіталі ды бальніцы. Вельмі зручна было карыстацца двухтомнічкам кішэннага фармату з серыі “Мая беларуская кніга”, заснаванай выдавецтвам “Папуры”. Калі шчыра, далёка не ўсе кніжкі я дачытваю да астатку. Не падабаецца – сябе не сільнічаю, бяру і знаёмлюся з іншай. Цікаўнасць да той, што спадабалася, можа праз нейкі час знізіцца, але толькі не да фантастычнай камедыі Крапівы “Брама неўміручасці”, якую ён дапісаў, калі я вучыўся на другім курсе журфака. Ні з чым не магу параўнаць уражанне аб сур’ёзным роздуме мэтра пра неўміручасць чалавечнасці, сапраўдных і фальшывых духоўных каштоўнасцях. Якая ж яна неверагодная і незвычайная, гэтая казачка пра сусветнае шчасце, пра спробу прарвацца ў неўміручасць без чаргі… Я ніколі на такое не пайшоў бы, а вось застацца ў памяці сваіх землякоў-аршанцаў мне ўсё-такі хацелася б. Вельмі ўразіла і напісаная праз дзесяць гадоў псіхалагічная драма “На вастрыі”.
Тыя ж даследчыкі зазначаюць, што Крапіва з поўным правам лічыцца прызнаным тэарэтыкам роднай літаратуры. Ён аналізаваў і ацэньваў многія творы сваіх сучаснікаў. Закранаў важныя тэарэтыка-літаратурныя пытанні. Асабліва, як можа здагадацца недасведчаны, яго турбаваў стан сатыры. Даследаваць разнастайныя літаратурныя працэсы літаратар працягваў і пасля таго, як перастаў узначальваць вядомы “Вожык” і перайшоў на сталую працу ў Акадэмію навук, дзе нарадзілася 24 кастрычніка 1979 года свая газета “За передовую науку”.
Цікава, што ў час кіраўніцтва сатырычным часопісам (быў люты 1954-га) Крапіва атрымаў ліст ад… маладога настаўніка СШ кіеўскай вёскі Лісавічы Уладзіміра Караткевіча. Той “дакладваў”, што “шляхецкіх” слоў са слоўніка Насовіча не ўжывае, але цвёрда памятае: літаратурная мова чыстай і яснай склалася яшчэ ў “Тарасе на Парнасе” і вершах Багушэвіча. І калі хтось лічыць, што мова аўтара ліста падобная да іхняй – ён гэтым толькі ганарыцца. Справа ў тым, што пачынаючы паэт адаслаў таварышу ў Менск свае творы, а той аднёс іх у “Вожык”, адкуль мой слынны зямляк атрымаў непрыемную для яго заўвагу: вершы напісаны мовай XІX стагоддзя. “Суцішце гэтых кампрачыкосаў у рэдакцыі”, “яны звыклі, седзячы там, корчыць дурня, запаршывелі” – папракаў Крапіву малады аўтар. Ну што тут каментаваць?! Дарэчы, у “Вожык” пераўтварыўся сатырычны ліст “Раздавім фашысцкую гадзіну”, які Крапіва рэдагаваў з 1943 года.
У рэдактарскім кабінеце акадэмічнай газеты, які займаў не менш за сорак, чаму нельга было не здзівіцца квадратаў, я ўпершыню ўбачыў Кандрата Кандратавіча, як кажуць,” ужывую”. Ён трымаў у руках звярстаную старонку і нешта тлумачыў рэдактару Уладзіміру Уладзіміравічу Прылуцкаму. Ад нечаканасці падалося, што абазнаўся, але зблытаць Крапіву з некім было б ганьбай. Да гаспадара памяшкання, якое працягвала мяне ўражваць, я прыбег са старога Дома друку (цераз праспект) па неадкладнай тэрміновай справе.
Праз 36 дзён пасля з’яўлення акадэмічнага выдання, у якім надрукаваны артыкул залічваўся як навуковая праца, мяне прызначылі ў “Сельской газете” загадчыкам аддзела навін з асвятленнем навукі. У сярэдзіне снежня тога ж года ў акадэміі праходзіла Міжнародная выніковая канферэнцыя па рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў. Мяне цікавіў торф, пра які я рыхтаваў вялікі, з працягам, артыкул. Другі яго кавалак ішоў у нумар, а на абмеркаванне справы ў акадэміі я спазніўся… Выйсце было адзінае – ляцець да Прылуцкага і выпраўляць з ягонай дапамогай становішча, што я і зрабіў. Той скарыстаўся занятасцю Крапівы і хуценька, нічога не удакладняючы, даў мне старонку з матэрыялам пра торф акадэміка Івана Іванавіча Ліштвана, з якім мы пасля вельмі пасябравалі. Ён у многім дапамог мне стварыць артыкул, па якім былі прынятыя рашэнні на самым высокім уладным узроўні. Ліштван вельмі добра, з павагай адносіўся да Прылуцкага, які стаў брыгадзірам першай цаліннай брыгады, сфарміраванай у сакавіку 1954-га на 18-м з’ездзе камсамолу Беларусі, і доўгі час працаваў у Казахстане… у галіне журналістыкі. Ад таго візіту на душы было прыемна двойчы. Выкруціўся з артыкулам і ўбачыў … доктара філалагічных навук, акадэміка, віца-прэзідэнта акадэміі, Героя Сацыялістычнай Працы, які тройчы адзначаўся Дяржпрэміяй СССР.
Ні ў якім сне не мог я тады прысніць, што праз даволі працяг-лы час буду дапамагаць Асацыя-цыі працаўнікоў праваахоўных органаў “Шчыт Чарнобыля” разам з сынам Уладзіміра Уладзіміравіча Алегам, будучым генера-лам, ураджэнцам Сяміазёрнага раёна Кустанайскай вобласці.
Мы пасябравалі з Прылуцкім-малодшым у 1999-м, адразу пасля знаёмства ў інтэрнаце Трактарнага завода на вуліцы Кашавога. Там, на 11 паверсе, кватаравала пасля выгнання Валерыем Астапавым з Рэвалюцыйнай, 5, аб’яднаная рэдакцыя МУС, якой кіраваў Міхась Розум. Выдавалі пяць газет, у тым ліку “Пажар”, які я пасля кароткага знаходжання на пасадзе загадчыка аддзелам філасофіі і права часопіса “Беларуская думка” рэдагаваў. Даволі хутка нас вытурылі і з інтэрната. Прыюціў урэшце рэшт, з дапамогай палкоўніка Іосіфа Кучынскага, вучэбны цэнтр МУС на К. Лібкнехта, 57. Яго ўзначальваў палкоўнік-дуралом Бялянін, які пры перамовах, у адказ на маю прапанову замачыць усяленне півам, хацеў выклікаць мясцовы міліцэйскі нарад.
У час адной з чарговых моцных застольных размоў у інтэрнаце я ўдакладніў у Алега пра бацьку і намаляваў яму абставіны першай з ім сустрэчы. Алег Уладзіміравіч схамянуўся, добрыя вочы яго заззялі, ён ускінуў у гару моцныя, як у касманаўта, рукі: “А ну-ка хутчэй налівай! Слухай уважліва ўсё, што я табе зараз паведамлю, гэта будзе табе дужа цікава!” І я пачуў…
Аднойчы бацька, між іншым, прамовіў, што збіраецца “ў госці” да свайго сябра Кандрата Крапівы: “Трэба аднесці яму на вычытку ягоны новы артыкул”. “Слухай, – загарэўся Алег, – вазьмі ты і мяне разам з тым артыкулам!” Малодшы працаваў тады (сустрэча адбылася 17 кастрычніка 1985-га) старшым інспектарам арганізацыйна-метадычнага аддзела ўпраўлення выканання пакаранняў МУС. Гэта была маёрская пасада.
Прыйшоў на яе з газеты “Трудовой путь”, дзе шчыраваў з сябруком па жыцці Міхасём Басавым (разам былі і ў Чарнобылі) пад кіраўніцтвам Міхася Сцяпанавіча Анісімава, светлай памяці чалавека.
Рыхтаваўся Алег да адказнага, хвалюючага візіту, як не аднойчы падкрэсліваў, так, як ні да якой дагэтуль падзеі, за выключэннем, хіба што, свайго з’яўлення ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. Нават вывучыў на памяць па-расейску байку “Заносчивый кабан”, якую нагадваў мне пасля чаркі, калі, як правіла, працягвалася абмеркаванне паводзін некаторых знаёмых:
Бывает – правда очи колет…
Раз гнал пастух свиней на поле.
Один заносчивый Кабан,
Что влез в деревне
в каждый жбан,
За утро все обшарил зауголья,
Теперь был столь
надменно-важен,
Что свой пятак задрал
на сажень.
А калі адзін Падсвінак трапна заўважыў, што на ягоным лычы – бруд, дужа раз’юшыўя…
Кабан смотреть хотел не очень
Чистейшей правде в очи.
На пасадзе віца-прэзідэнта акадэміі Крапіва знаходзіўся да 1982 года, калі папрасіў, каб яго перавялі старшым навуковым супрацоўнікам-кансультантам. Стан грамадскіх навук, адмінстрацыйныя пытанні, партыйныя задачы, нарады, канферэнцыі, паседжанні, дэпутатства. Спраў хапала, як кажуць, з галавой. Але ж, як дзейны літаратуразнавец, асадку далёка і надоўга ад сябе не адкладваў. Працаваў апошнім часам больш дома, куды і накіраваліся Прылуцкія. Разам з радкамі ў галаве па-расейску малодшы нёс з сабой у моднай скураной карычневай сумцы новую ручку, зборнік выбранай паэзіі пісьменніка, выпушчаны ў 1971-м выдавецтвам “Беларусь” у серыі “Бібліятэка беларускай паэзіі” накладам у 11 тысяч асобнікаў і самы круты на той час люс-траны фотаапарат “Зеніт-Е”.
Дзверы ў кватэру дома нумар 76 на праспекце імя Леніна адчыніла ўнучка Алена, якая пасля Тэатральна-мастацкага інстытута толькі скончыла аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Госці знялі абутак, распрануліся і прайшлі ў працоўны кабінет. Старэйшы застаўся вычытваць набранае з гаспадаром, які адразу ажывіўся і пачаў пільна ўглядацца ў асабісты тэкст, быццам бачыў яго і чытаў упершыню. Малодшы, тым часам, як заўжды, не разгубіўся і пачаў размаўляць з унучкай, дэманструючы фотаапарат.
– Дзед папярэдзіў, што будзе журналіст, і я на ўсялякі выпадак падрыхтавала пінжак з найбольш высокімі ўзнагародамі, – кіўнула Алена на спінку крэсла, – але дзед сказаў, што не той выпадак, здымаць яго сёння асобна ўвогуле не трэба.
– Добра, добра, – далікатна парыраваў Алег, – усё зразумела, – і ў чарговы раз пераправерыў наяўнасць плёнкі. У працяг Алена зазначыла, што з раніцы дзеду сап-савалі настрой весткамі з вёскі.
– У чым там справа, не ведаю, – казала яна, – але што б ні было – ён заўсёдна дужа перажывае за сялян, пастаянна цікавіцца, што ў іх і як. Яму ж не было шчэ і васьмі, калі пачаў пасвіць гусей ды хатнюю жывёліну. Потым сам за плугам хадзіў, з канём спраўляўся ды абыходзіўся не горш за мужчын.
Алег гартаў кніжку, жадаючы знайсці ў ёй радкі пра вёску. Нібы здагадаўшыся, Алена пачала чытаць па памяці верш, назву якога пры падрыхтоўцы гэтага нарыса я для сябе ўдакладніў – “У вагоне”. У ім дзед “ехаў” у цягніку і бачыў збяднелую, ва ўпадку, непісьменную вёску. Яму вельмі ўжо хацелася найхутчэй усё змяніць. Некаторыя мары цягам часу, вядома ж, збываліся, але ж вельмі і вельмі павольна, няспешна і непаваротліва.
Алена ўспамінала, як дзед адпачываў на дачы ў Ждановічах разам са сваім лепшым сябруком, земляком (абое з Уздзеншчыны) Пятром Глебкам. Тым часам Прылуцкі-старэйшы скончыў справу і паклікаў малодшага. Кандрат Кандратавіч павольна ўзняўся са старыннага крэсла (усяго іх было тры). Выйшаў з-за вялікага двухтумбавага сасновага стала, што месціўся між двух вокнаў. Мінуў шырокую, з квяцістай коўдрай, канапу і, зноў-такі, няспешна сеў у вялікае, з “прыбудовай” крэсла з шарсцяным бэ-жавым ворсам. Ад розных выданняў, якія знаходзіліся ў памяшканні паўсюдна, у Алега зной разбегліся вочы. Ён глянуў на паліцу справа і ўбачыў знаёмую кніжачку. Але зноў дастаў з сумкі тую, што прынёс з сабою, і папрасіў Кандрата Кандратавіча зрабіць дарчы надпіс. Гаспадар беражліва, з бачнай прыязнасцю ўзяў выданне ў рукі:
– А дзе ж вы яе, дарагі мой, знайшлі, ужо шмат новых павыходзіла, малайчына, малайчына, дзякуй, дзякуй, – яму было прыемна і радасна, што яго ведаюць, што ягонай творчасцю цікавяцца маладыя, што, у рэшце рэшт, чытаюць кніжкі па-беларуску!
Алег адказаў, як і было:
– Вывучаць мову ў школе, як разумееце, я не меў аніякай магчымасці, але вельмі люблю яе і намагаюся ведаць больш дасканала. Набываю розныя кніжкі і па іх вучуся. Вашу знайшоў у свой час у… кніжнай краме вёскі Жоўты Брод. Гэта Салігорскі раён, радзіма бацькі. Мы туды калі-нікалі ездзім… Гаспадар прыціснуў руку да сэрца і глянуў на старэйшага:
– Вось я, Валодзя, і даведаўся, што ты – гэтаксама не гарадскі, а з вёскі, як жа гэта добра, што не забываеце пра малую радзіму, як жа гэта добра.
Ён разгарнуў зборнік якраз пасярэдзіне, потым некалькі разоў перагартаў яго, нібы ўспамінаючы, як ён нараджаўся, і павольна азірнуўся. Алег здагадаўся: справа за ручкай, і працягнуў сваю, з белым, пад колер кашулі, каўпачком. Гэтак нарадзіўся невядомы аўтограф класіка.
ПАСЛЯ пахавання Уладзіміра Уладзіміравіча на Усходніх могілках у Менску (ён пайшоў ад нас 17 лютага 2014 года), мы зайшлі з Алегам да Кандрата Кандратавіча, якога не стала ў 94 гады 7 студзеня 1991-га. На пліце, што побач з надмагільным пастаментам, выбіта: “Мною валодала… жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць”.