Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Зборнік матэрыялаў канферэнцыі ТБМ “Нашы вякі – наша багацце…” прэзентавалі ў бібліятэцы НАН Беларусі

Зборнік матэрыялаў канферэнцыі ТБМ “Нашы вякі – наша багацце…” прэзентавалі ў бібліятэцы НАН Беларусі

10 сакавіка 2021, 20:47 Навука, ТБМ 15
Зборнік матэрыялаў канферэнцыі ТБМ “Нашы вякі – наша багацце…” прэзентавалі ў бібліятэцы НАН Беларусі

22 лютага адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі “Нашы вякі – наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны”. Мерапрыемства праходзіла ў бібліятэцы НАН Беларусі. Яно было прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які ў акадэмічных установах плаўна трансфармаваўся ў тыдзень роднай мовы, а то і дэкаду.

На прэзентацыю прыйшлі аўтары зборніка, а таксама ўсе ахвотныя.

Згадкамі пра саму канферэнцыю і важнасць выдання зборніка падзяліліся з прысутнымі Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі, Лявон Баршчэўскі.

Заканадаўчыя аспекты захавання спадчыны, у прыватнасці нашых нацыянальных сімвалаў, асвятліў у сваім выступе Міхаіл Пастухоў.

Як заўсёды, цікавым быў выступ Ігара Мельнікава, які распавёў пра сваё бачанне ўзнятай праблемы, а таксама пра ўжо зробленае і пра новыя ідэі, датычныя існавання мяжы паміж заходняй і ўсходняй часткамі Беларусі.

Эмацыйна выступіла Наталля Агарэлышава з Гомеля, якая  закранула праблему  ўпарадкавання і захаванасці яўрэйскіх могілкаў.

Вельмі добра ўпісаўся ў тэму захавання спадчыны выступ Алеся Чумакова, музыкі, які віртуозна грае на старажытным адноўленым інструменце – гуслях. Песню на словы Сокалава-Воюша “Аксамітны летні вечар”, зайграную па прапанове залы, з задавальненнем спявалі ўсе прысутныя.

Варта адзначыць, што не толькі аўтары, але і госці маглі атрымаць асобнік зборніка матэрыялаў канферэнцыі. Падчас правядзення прэзентацыі для арганізатараў і ўдзельнікаў было відавочна: трэба наладжваць і канферэнцыі, і не менш важна – рабіць прэзентацыі зборнікаў.

Што тычыць самога зборніка, то ён  аб’ядноўвае аналіз айчыннага і сусветнага заканадаўства ў сферы матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, агляд дзейнасці айчынных і замежных дзяржаўных органаў, эканомікі спадчыны, арганізацыі аховы, прымнажэння і вывучэння спадчыны, яе экспанавання, сучаснага выкарыстання і турызму.

Важныя выступленні на канферэнцыі, якая праходзіла 6 верасня 2019 года, датычыліся захавання герба, сцяга і мовы як гістарычна-культурнай спадчыны беларускага народа. З дакладамі на гэтую тэму да прысутных прамаўлялі заслужаны юрыст, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў і старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.

“Гісторыя сведчыць, што калі грамадства ўзводзіць мову народа на вышэйшы п’едэстал, і мовай карыстаецца інтэлектуальная і палітычная эліта народа – гэта спрыяе і эканамічнаму развіццю, і дзяржаўнаму ўмацаванню краіны, і яе высокаму міжнароднаму статусу”, – адзначала Алена Анісім.

“Гістарычна-культурная і духоўная спадчына беларускага народа фарміравалася на працягу стагоддзяў і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яна ўключае ў сябе мастацтва, фальклор, літаратуру, адукацыю, навуку, народную творчасць, іншыя матэрыяльныя, і духоўныя даброты. Асаблівае месца ў культурным і духоўным жыцці народа займаюць атрыбуты нацыянальнай дзяржаўнасці як герб і сцяг, а таксама мова тытульнай нацыі”, – падкрэсліваў у сваім выступленні Міхаіл Пастухоў.

У зборнік матэрыялаў канферэнцыі ўвайшлі актуальныя даклады кандыдата архітэктуры, прафесара ЕГУ  Георгія Баранца, намесніка старшыні ТБМ Дзяніса Тушынскага, кан-дыдата педагагічных навук Алы Баранавай, дырэктара фонду “Культурная спадчына і сучаснасць” Алы Сташкевіч, мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, біскупа Казіміра Вялікасельца, рэдактара часопіса “Лідскі летапісец” і газеты “Наша слова” Станіслава Судніка і іншых. Паведамленні ўдзельнікаў канферэнцыі былі прысвечаны гістарычна-культурнай спадчыне і эфектыўным практыкам папулярызацыі яе.

ТБМ імя Ф. Скарыны пастаянна займаецца папулярызацыяй гістарычна – культурнай спадчыны, падтрымлівае і развівае краязнаўчую дзейнасць у рэгіёнах. Вызначэнне тэрміну “ахова культурнай спадчыны” акрэсліў у сваім дакладзе Г. Баранец як напрамак культурнай дзейнасці, які ўключае сістэму арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых і інфармацыйных мер.

Ганаровы старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў паведаміў пра вывучэнне помнікаў беларускага мураванага дойлідства ХI -XII cтагоддзяў у ХХ стагоддзі.

Станіслаў Суднік распавёў пра захаванне гістарычнай памяці пра паўстанне 1863 года на Лідчыне. Журналіст і краязнавец Сяргей Галоўка ўзгадаў пра мемарыялізацыю мясцін Стаўбцоўшчыны, звязаных з імёнамі знакамітых творцаў. Ала Савішна Баранава  распавяла пра сацыяльны праект  “Культурная спадчына Беларусі”, які быў рэалізаваны Банкам развіцця. Згодна з гэтым праектам быў наладжаны выпуск кніг-альбомаў, прысвечаных выбітным з’явам і дзеячам нацыянальнай культуры і мастацтва. Кандыдат гістарычных навук Мікалай Васільевіч Півавар падзяліўся інфармацыяй пра стварэнне “Края-знаўчага атласа Беларусі”, важнага сродка захавання спадчыны.

Зборнік матэрыялаў канферэнцыі будзе карысны ў практычнай дзейнасці.

Э. Оліна, фота аўтара.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Далучайцеся да нас