Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Да Міжнароднага дня роднай мовы. ВЕРШЫ АЛЕСЯ КЛЫШКІ

Да Міжнароднага дня роднай мовы. ВЕРШЫ АЛЕСЯ КЛЫШКІ

23 лютага 2021, 11:10 Культура, Мова 88
Да Міжнароднага дня роднай мовы. ВЕРШЫ АЛЕСЯ КЛЫШКІ

Калядны вечар

 

На святочныя Калядкі,

Маці смажыць нам аладкі,

Вінегрэт, пірог мясны,

Квас да смачнай кілбасы.

 

У кутку – ялінка ў зорках,

Бляск фальгі, арэхі з коркаў,

Шышкі з фанцікаў цукровых,

Снег з сняжынак папяровых.

 

Пад галінкай падарункі,

Цацкі, гульні, пачастункі, –

Ўсё Гасподзь паслаў багата, –

Поўны кошык наша хата.

 

Вось бацькі прыйшлі з царквы,

Ўсе прысмакі да пары,

Зорку першую чакаем,

Нараджэнне праслаўляем.

 

 

Родны край

 

ТБМ

 

Ратуйма, браце, родную мову

Насуперак кіроўцу тому,

Ён пераблытаў свой маршрут,

Апошні наш прыпынак – тут,

Дзе наша хата, крыж, клады,

Усе шляхі вядуць сюды.

Ад усіх навалаў абярэгі:

Татараў вытрымаць набегі,

Ад крыжакоў і маскалёў

Нам Божай Маці быў пакроў.

У час ліхі паўстала,

Нас продкаў кроў уратавала.

Няўжо цяпер усё аддамо

Пад чужароднае ярмо?

Палі, лясы, азёры, рэкі,

Няўжо мы зломкі ці калекі?

Нам непатрэбны “мірны атам”,

Даколі быць “малодшым братам”,

Край беларускі, родны край,

Не на нябёсах – тут мой рай…

 

 

Мова

 

Кастусю Лапко –

сябру-навукоўцу

 

Сакральныя словы прамовіў Кастусь,

Што ўсім патрыётам аснова:

Ці любіш каго? – Люблю Беларусь!..

То Клятва, Радзіма і Мова.

– Ці крочыць за мной

                                   праз гады яшчэ хто? –

Гучаць Каліноўскага словы,

– То так, сярод іх ёсць упарты Лапко,

Хай будзе да веку здаровы.

Ад сведкаў сучасных я толькі дадам –

Па першаму і па другому,

Ён скажа: “За волю ўсе скарбы аддам,

Ды толькі не родную мову”.

 

Кропка

 

Я жыву, хай нетаропка,

З большага безвынікова.

І пастаўленая кропка

Больш за змест, за сказ і слова.

Трэба жыць – я разумею,

Перш за ўсё – любіць Радзіму,

Па-другому я не ўмею,

Так вучу дачку і сына.

Каб у праўнукаў і ўнукаў

Прарасло раллёй вясновай,

Без вучэнняў і навукаў –

Беларусь – усяму аснова.

Трэба жыць і не баяцца,

З непахіснаю надзеяй

За любую працу брацца,

З верай ў сэнс і гэту дзею.

І пакутная Радзіма

Ачуняе з словам родным,

Недарэмна нарадзіла:

Руш наперад – будзь свабодным!

 

Скарбы

 

  Сяргею Чыгрыну

 

Скарбы паўсюль – то жыццё чалавечае,

Верш недапісаны – аркуш скамечаны,

Цацка, калыска – дзяцінства ўзгадана,

Бацькавы крыж да канца не разгаданы.

Дзённік пакрэслены – словы не сцёрты,

А хто пісаў, той жывы, а не мёртвы.

Ён распавёў, дзе закопаны скарбы,

Мапу пакінуў – не выцвілі фарбы.

І я дрыжачай рукой разбіраю

Літары, знакі – багацце ўяўляю:

Што набываю, яшчэ што набуду,

Іншым – заможным, нарэшце, я буду.

Потым гляджу – то старонка радзімая:

Шчара, царква і мяжа недзялімая,

Вёсачка, школка і сцежка знаёмая,

Бруіць крынічка – чужым невядомая.

Дзесьці ў лесе зязюля загукала,

Маці вядром каля студні загрукала.

Раптам ачнуўся – рука абвяла

Слова на мапе – Сло-нім-шчы-на.

Менск.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0715
Далучайцеся да нас